Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк Беларусі прагназуе ў 2012 годзе сярэднегадовы курс даляру на узроўні 9150 рублёў. Пра гэта паведаміла журналістам старшыня праўленьня Нацбанка Надзея Ермакова.

Наколькі рэалістычны гэты прагноз? Якія чыньнікі будуць найперш уплываць на фармаваньне курсу рубля ў наступным годзе? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Леанід Злотнікаў.

Цыганкоў: Наколькі рэалістычным выглядае гэты прагноз Надзеі Ермаковай? Натуральна, ёсьць розныя сцэнары эканамічнай палітыкі. Але ці магчымы такі курс — нават пры самым аптымістычным сцэнары?

У 2012 годзе давядзецца аддаваць даволі шмат даўгоў, пазычаных раней. Так што абставіны ня вельмі спрыяльныя для названага Ермаковай курсу
Злотнікаў: Калі будуць працягвацца замежныя пазыкі альбо будзе прыватызацыя, то такі курс можна будзе ўтрымаць. Іншы чыньнік, які можа садзейнічаць умацаваньню курса — гэта даволі жорсткая крэдытна-грашовая палітыка. Іншая рэч, ці будуць гэтыя чыньнікі працаваць.

Я мяркую, што жорсткай грашова-крэдытнай палітыкі ня будзе, шмат чаго вымушае ўрад друкаваць грошы. Пазыкі з-за мяжы верагодная будуць меншыя чым сёлета. Толькі за апошнія месяцы ў Беларусь прыходзіць звыш трох мільярдаў даляраў, але ў наступным годзе такіх паступленьняў ужо ня будзе.

Цыганкоў: Вы апісалі чыньнікі, якія ўплываюць на курсаўтварэньне. Але які сцэнар найбольш рэалістычны? Аляксандар Лукашэнка не дазволіў ураду праводзіць больш лібэральную рынкавую палітыку. З улікам гэтага, якая эканамічная палітыка будзе праводзіцца?

Злотнікаў: Па-першае, будуць выконвацца інвэстыцыйныя праграмы, па-другое, будуць павялічвацца заробкі. Нешта ўжо зроблена напрыканцы гэтага году, і гэтыя грошы будуць працягвацца выплачвацца. На некаторых прадпрыемствах могуць быць хваляваньні сярод рабочых, — каб іх спыніць, туды будуць падкідвацца грошы. Так што плянавую інфляцыю не ўдасца ўтрымаць, урад будзе вымушаны друкаваць грошы.

Па-другое, частка замежнай валюты спатрэбіцца для таго, каб выконваць інвэстыцыйныя пляны, у тым ліку жыльлёвае будаўніцтва. Інвэстыцыйныя праграмы адцягваюць валюту на сябе, але аддача ад іх невядома калі будзе. Яны будуць цягнуць уніз і курс рубля і інфляцыю.

Таксама трэба памятаць, што ў 2012 годзе давядзецца аддаваць даволі шмат даўгоў, пазычаных раней. Так што абставіны ня вельмі спрыяльныя для названага Ермаковай курсу.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG