Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: прафсаюзныя актывісты будуць судзіцца з гарвыканкамам


Берасьцейскі гарвыканкам

Берасьцейскі гарвыканкам

Берасьцейскія актывісты Свабоднага прафсаюзу Беларускага падалі скаргу ў абласны суд на гарвыканкам, які забараніў пікет «За годную працу».

Актывісты падалі заяўку ў гарвыканкам, каб 7 кастрычніка правесьці пікет, прыклалі дамовы на абслугоўваньне акцыі камунальнікамі, мэдыкамі і міліцыяй. Аднак гарвыканкам забараніў акцыю, бо, маўляў, паслугі вышэйназваных службаў ня былі аплочаныя.

Гэтае рашэньне актывісты спрабавалі абскарджваць у аблвыканкаме, аднак намесьнік старшыні аблвыканкаму Леанід Цупрык параіў зьвяртацца ў суд.

Кіраўнік Берасьцейскай рэгіянальнай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу Беларускага Валянцін Лазарэнкаў кажа, што адмова ў правядзеньні пікету абсурдная.

«Чыноўнікі спасылаюцца на загад Берасьцейскага гарвыканкаму № 1210 ад 30 чэрвеня 2011 году аб масавых мерапрыемствах у Берасьці. Паводле яго, аплаціць абслугоўваньне пікету трэба за дзень да мерапрыемства. Аднак, закон аб масавых мерапрыемствах прадугледжвае, што той, хто замаўляе такія акцыі, павінен аплаціць мэдычныя, камунальныя і міліцэйскія паслугі не пазьней 10 дзён пасьля мерапрыемства», — кажа Лазарэнкаў. «Таму мы лічым, што падзаконны акт Берасьцейскага гарвыканкаму супярэчыць больш вышэйшаму закону. І мы будзем дамагацца адмены гэтага рашэньня гарвыканкаму ў судовым парадку. Калі абласны суд ня вырашыць гэтую справу, то мы маем намер зьвяртацца вышэй, аж да міжнародных структур. Бо ўзьнікаюць пытаньні: чаму мы павінны аплачваць тое, што яшчэ не адбылося, і адкуль тая арганізацыя, у якой мы замаўляем паслугі, ведае, колькі мы там чаго наробім? Апошні пікет мы ўвогуле замаўлялі ў 500 мэтрах ад гарадзкой лякарні. То навошта нам замаўляць тых мэдыкаў? Калі б нехта страціў раптам прытомнасьць, то мы на руках яго данесьлі б да лякарні».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG