Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гомельшчыне ўпершыню з савецкіх часоў адкрываюцца камісійныя крамы й аддзелы, якія гандлююць ужываным беларускім адзеньнем, абуткам, бытавой тэхнікай. Раней толькі прадпрымальнікі адкрывалі такія крамы — прывозілі вопратку з-за мяжы і прадавалі на вагу. Цяпер пашыраць камісійны гандаль патрабуюць мясцовыя ўлады.

У Гомелі, паводле інфармацыі ўпраўленьня гандлю й паслуг гарвыканкаму, камісійныя аддзелы створаны ў 26 крамах. Яны прадаюць ужываныя сотавыя тэлефоны, бытавую тэхніку, спорттавары.

На вуліцы Шаўчэнкі ў абласным цэнтры з блаславеньня гарадзкіх уладаў арганізаваны гандлёвыя рады для продажу ношанага адзеньня, абутку, рознага сталовага посуду, гаспадарчых прылад.

Спадарыня Ларыса прадае тут ужываную жаночую й падлеткавую вопратку: «У мяне ёсьць дзеці, у мяне ёсьць унукі, ёсьць сваякі. Яны даюць сёе-тое прадаць. Вырасла ўнучка — куды яе рэчы дзяваць? Я сюды прыношу, нядорага прадаю. І людзі, якія ня могуць з-за дарагоўлі купіць у краме, нам удзячныя, што мы тут ёсьць. Да таго ж, я тут пры справе».



Кабета ў гадах задаволена прапановамі: «Іншы раз людзі рэчы добрыя прадаюць і вельмі танна. Людзі зьбяднелыя купляюць тут — ня ўсё ж мільярдэры. Іншы раз і моладзь заходзіць — на высокіх абцасіках боцікі купляюць. Самая высокая цана — 50 тысяч, а ў краме за такія трэба 600 тысячаў заплаціць».

Спадар Пётр з задавальненьнем распавёў, што на пляцоўцы пад навесамі можна прыдбаць сабе вопратку, каб хадзіць на працу: «На працу можна за 5 тысяч штаны джынсавыя купіць. Пахадзіў, выкінуў — і мыць ня трэба. А ў краме за іх 100 тысяч аддасі».

Паслугамі гомельскага камісійнага кірмашу карыстаюцца ня толькі жыхары абласнога цэнтру. У выходныя сюды едуць з суседніх райцэнтраў — хто адзецца, а хто прадаць што-кольвечы.

Пра гэта апавядае спадарыня Алена: «Прыяжджаюць з Рэчыцы, з Мазыра і кажуць: як добра, што ў Гомелі гэта ёсьць, а ў іх — няма. Дадумаліся. Таму, кажуць: «Гамельчукам — дзякуй!»

Апошнім часам высокія дзяржаўныя чыноўнікі сталі публічна прызнаваць, што многія беларускія грамадзяне, і асабліва пэнсіянэры, ходзяць у крамы — харчовыя, а тым больш прамысловыя — як у музэі. Гомельскі досьвед гандлю таварамі «другой рукі» своеасаблівым чынам вырашае праблему бяднейшых слаёў насельніцтва.

Гаворыць спадар Віталь, які прапануе гараджанам рыбалоўныя прылады, гаспадарчы інструмэнт і нават пэндзьлікі для мастакоў:

«У будныя дні мала, у выходныя — больш прыходзіць людзей. Проста тут таньней можна купіць, чым у крамах, прычым, нашмат таней. Непараўнальна!»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG