Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская тэма працягвае гучаць у Вільні, дзе праходзіць гадавое паседжаньне міністраў замежных спраў краінаў АБСЭ. Яна абмяркоўваецца там падчас шэрагу круглых сталоў, сустрэчаў і дыскусіяў.

Галоўны рэдактар сайту Хартыя-97 Натальля Радзіна з сёньняшніх імпрэзаў вылучае сустрэчу прадстаўнікоў беларускай апазыцыі зь міністрам па справах Эўропы Вялікай Брытаніі Дэвідам Лідзінгтанам. На ёй галоўным чынам гаварылі пра лёс палітычных вязьняў:

«Міністар заявіў, што Вялікая Брытанія будзе настойваць на вызваленьні ўсіх палітвязьняў. І акцэнт будзе зроблены на трох асобах, якіх неабходна вызваліць неадкладна. Стан іх здароўя выклікае вялікую занепакоенасьць. Гэта — экс-каныдат у прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў, лідэр „Маладога фронту“ Зьміцер Дашкевіч і каардынатар грамадзянскай кампаніі „Эўрапейская Беларусь“ Зьміцер Бандарэнка».

Натальля Радзіна перадае, пра што яна асабіста казала на гэтай сустрэчы:

«Найперш, пра тое, што сёньня Вялікая Брытанія займае вельмі прынцыповую пазыцыю ў адносінах да рэжыму Лукашэнкі і робіць вельмі жорсткія заявы, у якіх асуджаецца сытуацыя ў нашай краіне. І на гэтым фоне надзвычай дзіўна выглядае тое, што таваразварот Беларусі з Эўразьвязам узрос за год на 76%. А краіна, якая найбольш купляе нафтапрадуктаў у Беларусі, гэта ... Вялікая Брытанія.

І гэта ніяк не спалучаецца з тымі заявамі, якія робяцца. З аднаго боку, асуджаюць парушэньні правоў чалавека, а з другога — фінансуюць рэпрэсіўны апарат Лукашэнкі».

А ў сэйме Літвы адбыўся круглы стол, на якім абмеркавалі сытуацыю ў Беларусі. Ініцыятарамі гэтага мерапрыемства сталі літоўская дэлегацыя ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ і Цэнтар усходняй палітыкі. Спачатку выступілі кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка і старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, пасьля чаго адбылася дыскусія.

Вельмі важна, што яна адбылася з удзелам шэрагу дэпутатаў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ з розных краінаў, — падкрэсьлівае Анатоль Лябедзька. — Бо менавіта ў гэтай структуры афіцыйна прадстаўлены Нацыянальны сход Беларусі:

«Я нагадаў, што ў ПА АБСЭ прадстаўнікі Аляксандра Лукашэнкі прыйшлі як людзі, якія хочуць вучыцца дэмакратыі. Пра гэта яны вельмі многа гаварылі. А атрымоўваецца, што Алесь Бяляцкі знаходзіцца ў турме, паводле законаў, якія прынялі гэтыя „вучні“. У турме знаходзяцца і былыя кандыдаты ў прэзыдэнты краіны. І зноў жа паводле заканадаўства, якое прынялі прызначаныя дэпутаты. А апошні закон аб грамадзкіх арганізацыях і партыях, ад якога ідзе подых 30-х гадоў!

І гэта трапіла на падрыхтаваную глебу. Выступоўцы з розных краінаў казалі, што прыняць рашэньне, каб ануляваць прысутнасьць прадстаўнікоў Аляксандра Лукашэнкі ў Парлямэнцкай асамблеі ня ўдасца. Але паставіць на парадак дня пытаньне пра беларускае заканадаўства, пра тое, у якім кірунку яно ідзе. Гэта магчыма».

Паралельна з круглым сталом у сэйме праходзіла канфэрэнцыя, прысьвечаная магчымасьцям альтэрнатыўнай энэргетыкі і будаўніцтву АЭС у Астраўцы. У ёй ўдзельнічала група беларускіх эколягаў і палітыкаў.

Што тычыцца ўдзелу ў канфэрэнцыі афіцыйнай беларускай дэлегацыі, то, паводле МЗС Беларусі, Сяргей Мартынаў выступіў на пленарным паседжаньні. Пад ягоным старшынствам праходзіла і сустрэча міністраў замежных спраў краін АДКБ. Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства сустрэўся з Генэральным сакратаром АБСЭ Ламбэрта Зан’ерам, прадстаўніком АБСЭ ў пытаньнях свабоды мэдыяў Дуняй Міятавіч.

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі, які знаходзіцца ў Вільні, сказаў «Свабодзе», што Сяргей Мартынаў знаходзіцца тут у ценю дзяржсакратара ЗША Гілары Клінтан і свайго расейскага цёзкі і калегі — Лаўрова.

І яшчэ — назіральнікі зьвяртаюць увагу на тое, што сустрэчы паміж Мартынавым і Клінтан у Вільні дагэтуль не адбылося. Яны згадваюць, што год таму на саміце АБСЭ ў Астане Мартынаў і Клінтан ня толькі шмат размаўлялі паміж сабой, але і прадставілі сумесную заяву ЗША і Беларусі. Але тое адбывалася за некалькі тыдняў да прэзыдэнцкіх выбараў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG