Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 сьнежня Дэйвід Крэймэр, прэзыдэнт амэрыканскай няўрадавай арганізацыі Freedom House, на сустрэчы ў Вільні са студэнтамі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту выказаў свае меркаваньні наконт падзеяў у Беларусі. (Відэа: ЭГУ)





пра сытуацыю пасьля выбараў 19 сьнежня:




Лішне казаць, што выбары і тое, што здарылася непасрэдна пасьля выбараў — былі катастрофай. Але, шчыра кажучы, у гэтым няма нічога неспадзяванага. Гэты рэжым — мы гаворым тут пра рэжым Лукашэнкі — безнадзейны, ён ня здольны весьці Беларусь да лепшай будучыні. Ён няздольны весьці Беларусь у дэмакратычным кірунку. Гэта наскрозь прагнілы рэжым, які часта называюць апошняй дыктатурай Эўропы, і небеспадстаўна. Гэта рэжым, які не паважае правы чалавека. Гэта рэжым, які не паважае свабоду. Гэта рэжым, які не паважае свабоду асацыяцыяў і выказваньняў. Што мы пабачылі ў 2008, 2009 і нават у 2010 годзе было тое, што Лукашэнка вельмі ўмела выкарыстоўвае супярэчнасьці паміж Захадам і Расеяй. Ён робіць гэта бліскуча. І вельмі часта Захад трапляе ў гэтую пастку.


пра эканамічныя санкцыі супраць Беларусі:




Арышт каля 700 чалавек, у тым ліку сямі зь дзевяці кандыдатаў у прэзыдэнты, зьбіцьцё людзей, катаваньні тых, хто быў затрыманы — такога Злучаныя Штаты і Эўрапейскі Зьвяз цярпець ня могуць. Таму надзвычай важна, што Захад жорстка адказаў — хоць, на маю думку, і недастаткова жорстка — увёўшы санкцыі, у тым ліку візавыя забароны і блякаваньне рахункаў, у дачыненьні да афіцыйных асобаў, вінаватых у гэткіх злоўжываньнях. Я таксама настойваю на ўвядзеньні эканамічных санкцыяў супраць дзяржаўных прадпрыемстваў, бо, на маю думку, гэта самы дзейсны спосаб, каб пакараць Лукашэнку і прымусіць яго неадкладна вызваліць тых, хто сядзіць у турме з палітычных прычынаў.

У лістападзе 2007-га, калі ў справе вызваленьня палітзьняволеных не было ніякага прагрэсу, Злучаныя Штаты ўзялі на сябе ініцыятыву і ўвялі санкцыі супраць Белнафтахіму. Праз два месяцы афіцыйны прадстаўнік рэжыму Лукашэнкі прыйшоў у амэрыканскую амбасаду ў Менску і спытаўся: «Што б Злучаныя Штаты зрабілі, калі б Лукашэнка вызваліў палітвязьняў?» Амбасада зьвярнулася ў Вашынгтон па інструкцыі, і наступнай раніцай мы паслалі адказ, што мы паслабім санкцыі, калі ён выпусьціць палітвязьняў. Праз 36 гадзін палітвязьняў пачалі выпускаць.

Эканамічныя санкцыі спрацавалі. Яны спрацавалі значна больш эфэктыўна, чым візавыя забароны і блякаваньне рахункаў. І варта ўдакладніць: яны спрацавалі ў справе вызваленьня палітвязьняў. Яны не прынесьлі ў Беларусь свабоду і дэмакратыю. Але яны былі задуманы, каб вызваліць людзей з турмаў. І я цьвёрда перакананы, што дастаць людзей з-за кратаў — надзвычай важная справа.

Шмат чаго яшчэ патрэбна, улучна з новымі санкцыямі. Пакуль яшчэ ня ўведзена дастаткова санкцыяў супраць дзяржаўных прадпрыемстваў. Не забывайцеся, што 70-80 працэнтаў беларускай эканомікі застаецца ў руках дзяржавы. Так што мы гаворым пра сытуацыю, пры якой былі ўведзеныя санкцыі, якія мусілі б пашкодзіць рэжыму, але, спадзяюся, не звычайным беларусам, хоць да нейкай ступені і гэта можа здарыцца — могуць быць адмоўныя наступствы, і я не зьбіраюся гэта замоўчваць. Але каб прыцягнуць увагу Лукашэнкі, найлепшы спосаб, на маю думку — гэта эканамічныя санкцыі. Шкада, што Злучаныя Штаты і Эўразьвяз не ўвялі санкцыі супраць Белтрансгазу. Калі б яны гэта зрабілі, магчыма, расейцы б не набылі астатнія 50 працэнтаў акцыяў Белтрансгазу, што яны, як выглядае, зрабілі 10 дзён таму. Гэта вельмі сумная і нэгатыўная падзея і яна сьведчыць пра тое, што Лукашэнка ў адчаі распрадае маёмасьць Беларусі з мэтай захаваньня ўлады.


пра беларускую апазыцыю:




Я ня з тых, хто лічыць, што мы мусім сілай навязаць еднасьць апазыцыі. Мы паспрабавалі гэта зрабіць у 2006 годзе, і нічога ня выйшла. Апазыцыя збольшага разьяднаная. У іх разыходжаньні па шмат якіх пытаньнях. Нельга сказаць, што гэта ідэальна, але гэта і ня так дрэнна. У гэтым нават ёсьць праява дэмакратыі — што апазыцыйныя лідэры ў нечым разыходзяцца. І я думаю, ня трэба марнаваць час на тое, каб змушаць апазыцыю да нейкай штучнай еднасьці. Але калі апазыцыя разумее, што ёсьць агульная пагроза, якую ўяўляе сабою Лукашэнка, дык тады, па-мойму, усё ў парадку. Апазыцыя — і тут мы маглі б дапамагчы — мусіць прапанаваць альтэрнатыўныя погляды, яна мусіць прапанаваць сваё бачаньне, мусіць пераканаць беларусаў, чаму яны мусяць галасаваць менавіта за апазыцыю, а ня проста супраць рэжыму.


пра тэракт у менскім мэтро:




Беларусь — адзіная краіна Эўропы, дзе надалей існуе сьмяротнае пакараньне. Гэты выбух мне здаецца вельмі падазроным, зь некалькіх прычынаў. Па-першае, яны арыштавалі гэтых двух хлопцаў, і раптам выявілася, што яны таксама адказныя за выбухі, якія адбыліся ў 2008 і 2006 гадах. Чаму ж яны не знайшлі іх раней? Лукашэнка зьявіўся на месцы здарэньня з сваім малым сынам праз гадзіну пасьля выбуху. Гэта вельмі нязвыкла. Звычайна кіраўнік краіны не зьяўляецца на месцы выбуху або тэракту, калі толькі ён ня ведае напэўна, што больш нічога ня выбухне. Барак Абама не прыйшоў бы на месца тэракту праз гадзіну пасьля выбуху. І гэта дае падставы меркаваць, што Лукашэнка і КДБ адыгралі нейкую ролю ў гэтым выбуху. Гэта здарылася ў красавіку, калі эканамічная сытуацыя пагаршалася. І я думаю, што, як у 1999 годзе ў Расеі, гэта было задумана, каб адцягнуць увагу грамадзтва ад эканамічнага крызісу. Але гэта не дапамагло. Быў выбух — гэта была трагедыя, я не хачу прымяншаць сур’ёзнасьць сытуацыі. Аднак людзі жылі далей і не надалі гэтаму шмат увагі. Дык вось, мне здаецца, што гэты неверагодны арышт двух чалавек, пасьпешлівы суд, які відавочна не адпавядаў міжнародным стандартам, і вось цяпер гэты сьмяротны прысуд, каб гэтыя хлопцы не маглі нічога расказаць. Усё гэта падаецца мне вельмі падазроным.

Калі адбыўся выбух, я быў у Эўропе, і чалавек, зь якім я ў той момант быў, меў такую самую рэакцыю. Ён сказаў: выглядае зусім як у Расеі ў 1999 годзе. Так што мне здаецца вельмі падазроным гэты выбух, дакладней, гэтыя чатыры выбухі, гэтак жа як і выбух у Расеі ў свой час. Я думаю, міжнародная супольнасьць мусіла б выступіць з сур’ёзным пратэстам. Сем’і гэтых дваіх заклікалі аб дапамозе, і я адчуваю, што на нас ляжыць адказнасьць адказаць на гэты заклік.


пра эканамічны крызіс у Беларусі:




Беларусь сутыкнулася цяпер зь небывалым эканамічным крызісам, за які нясе адказнасьць Лукашэнка. У гэтым крызісе вінаватыя не эканамічныя санкцыі і ня Захад. Ён узьнік таму, што Лукашэнка безадказна павысіў заробкі і пэнсіі перад выбарамі, калі ўлады не маглі сабе гэтага дазволіць. У выніку Беларусь перажывае найгоршы эканамічны крызіс ад часоў распаду Савецкага Саюзу. Лукашэнка ў адчаі. Яму патрэбныя грошы. І таму цяпер ён спрабуе распрадаць усю маёмасьць, якую можа, каб толькі застацца пры ўладзе. Мы пабачылі гэта 10 дзён таму, калі ён сустрэўся з расейскімі афіцыйнымі асобамі і пагадзіўся прадаць Белтрансгаз. Як я ўжо сказаў, гэта вельмі сумная падзея, бо Белтрансгаз — гэта, відаць, самая каштоўная маёмасьць, якую мае Беларусь. І калі расейцы перанялі над ім кантроль, гэта вельмі дрэнна.

Я лічу, што Захад мусіць паставіць пад сумнеў гэтую зьдзелку. І беларусы мусяць паставіў яе пад сумнеў, бо яна была праведзеная вельмі непразрыста, безь ніякага конкурсу. Яна была адбылася закрыта, расейскія афіцыйныя асобы ўжылі несумленныя сродкі, каб Лукашэнка мог застацца пры ўладзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG