Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіруемая дэмакратыя і нацыянальныя традыцыі


Вынікі расейскіх выбараў у Дзярждуму даюць падставу паразважаць пра лёс мадэлі «кіруемай дэмакратыі». Яна мае некалькі функцый. Стварэньне дэмакратычнай вітрыны для Захаду — толькі адна зь іх.

Усё ж такі найперш «кіруемая дэмакратыя» скіравана на ўнутранае спажываньне. Як стала зразумела цяпер, гэтая мадэль можа выконваць ролю страховачнага мэханізму на выпадак, калі пратэставыя настроі, незадаволенасьць кіроўнай камандай пяройдуць нейкую мяжу.
Абывацель жа ня ведае, што апазыцыя падстаўная. Што «Справядлівая Расея» арганізавана Крамлём адмыслова для стварэньня ілюзіі палітычнай канкурэнцыі. Што ЛДПР Жырыноўскага поўнасьцю кантралюецца кіроўнай камандай. Што КПРФ, хоць і зьяўляецца рэальнай апазыцыйнай партыяй, але апазыцыяй сыстэмнай.

У яе мэханізьме закладзены кляпаны для выпуску пару. Вы незадаволены кіроўнай партыяй «Адзіная Расея»? Дык калі ласка, галасуйце за апазыцыю. У Дзярждуме ж ёсьць і іншыя партыі, якія апаніруюць «Адзінай Расеі». Абывацель жа ня ведае, што апазыцыя падстаўная. Што «Справядлівая Расея» арганізавана Крамлём адмыслова для стварэньня ілюзіі палітычнай канкурэнцыі. Што ЛДПР Жырыноўскага поўнасьцю кантралюецца кіроўнай камандай. Што КПРФ, хоць і зьяўляецца рэальнай апазыцыйнай партыяй, але апазыцыяй сыстэмнай. І галоўнае, камуністы ня могуць быць палітычнай альтэрнатывай для сёньняшняй Расеі. У 1990-я гады яны былі такой альтэрнатывай, а цяпер не.

У выніку на паверхні трыюмф дэмакратыі. Пра гэта і кажа Мядзьведзеў. Маўляў, глядзіце, «Адзіная Расея» згубіла траціну галасоў, хто скажа, што ў нас няма дэмакратыі. А насамрэч кантроль Крамля над Думай практычна ніяк ня зьменіцца.

Такая мадэль больш гнуткая, адаптыўная да выклікаў вонкавага асяродзьдзя. Асабліва ў параўнаньні зь беларускай палітычнай сыстэмай, якая выглядае жалезабэтоннай. Хаця, падаецца, мінулым годам улады Беларусі спрабавалі зрабіць маленькія крокі ў кірунку «кіруемай дэмакратыі». Пра гэта сьведчыць адносна лібэральнае правядзеньне прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі, рэгістрацыя практычна ўсіх кандыдатаў у прэзыдэнты, не зважаючы на якасьць сабраных подпісаў. Больш за тое, былі цьмяныя намёкі з вуснаў і Лукашэнкі, і Ярмошынай пра магчымы пераход да прапарцыянальнай выбарчай сыстэмы. Відаць, памочнікі прэзыдэнта пераканалі яго, што ў выніку зьмены падыходаў да апанэнтаў ён нічога ня страціць, а толькі набудзе, у прыватнасьці, добрыя адносіны з Захадам.

Аднак падзеі 19 сьнежня усё паламалі. Думаю, яны надоўга адбілі ў Лукашэнкі ахвоту гуляцца ў нейкую дэмакратычную імітацыю.

Справа ня толькі ў тым, што за любой падобнай гульнёй беларускаму лідэру блюзьніцца страшная здань гарбачоўскай перабудовы зь яе фатальным для кіраўніка фіналам. І ня ў тым, што мадэль «кіруемай дэмакратыі» патрабуе складанай гульні. Лукашэнка ж прызвычаіўся да простых мэтадаў кіраваньня.

Галоўная праблема ў тым, што беларуская мадэль пабудаваная на зусім іншым, чым у Расеі, ідэалягічным падмурку, у яе аснову закладзеная другая прапагандысцкая канцэпцыя. Афіцыйная дактрына сьцьвярджае, што існы палітычны рэжым адлюстроўвае інтарэсы ўсяго беларускага народу. Лукашэнка — народны прэзыдэнт. Тыя хто супраць — гэта маленькая жменька. Гэта «адмарозкі», бандыты, хворыя людзі. Таму апазыцыі ў Беларусі няма і ня можа быць апрыёры. Могуць быць толькі заходнія агенты, якія за даляры імкнуцца дэстабілізаваць квітнеючую краіну, стварыць зло, разбурыць непахіснае адзінства беларускага народу.

Зразумела, што ў такую мадэль нават падстаўная апазыцыя ня ўпісваецца. Таму ўлады не прапусьцілі у Палату прадстаўнікоў падчас выбараў 2008 году нават адмыслова адабраных апазыцыянэраў, хоць і абяцалі гэта заходнім амбасадарам. Цяжка ўявіць, што яны гэта зробяць наступным годам у час парлямэнцкіх выбараў.

Падаецца, што вынікі расейскіх выбараў яшчэ больш упэўнілі Лукашэнку ў небясьпечнасьці гульняў у дэмакратыю, рэальнага падліку галасоў. Бо гэта ж і падчас прэзыдэнцкіх выбараў трэба лічыць. А раптам... Не, у нас свая дэмакратыя, як кажуць дзяржаўныя мэдыі, «у адпаведнасьці з нацыянальнымі традыцыямі». Праўда, гэтыя традыцыі зьявіліся ў апошнія 15 год. Але гэта ўжо дэталі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG