Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская апазыцыя вітае пратэсты ў Расеі


Масква, 6 сьнежня 2011
Масква, 6 сьнежня 2011
Лідэры беларускіх апазыцыйных партый, удзельнікі выбарчых кампаній і пратэстаў супраць фальсыфікацыі беларускіх выбараў ацэньваюць апошнія дэманстрацыі ў Расеі супраць несумленных выбараў у Думу і іх брутальны разгон.

20 гадоў таму, калі распадаўся СССР, дэмакратычныя хвалі ў Менск ішлі з краінаў Балтыі і Масквы. Цяпер такія хвалі з прыкладам пратэсту ідуць зь Менску ў Маскву, — перакананы лідэр АГП Анатоль Лябедзька:

«Калі мы зыходзім з таго, што адбывалася падчас апошніх выбарчых кампаніяў у Беларусі, зь іх рэзанансам, зь іх магутнасьцю, то я размаўляў са сваімі расейскімі калегамі, і яны казалі пра тое, што адбывалася ў Беларусі, з зайздрасьцю. Таму што столькі людзей зьбіраць на пратэсты, такія актыўныя кампаніі і такая рэальная падтрымка з боку выбаршчыкаў, — для іх гэта мара і будучыня. Так што, я думаю, што тут каталізатарам сталася Беларусь і невыпадкова там на Плошчы гучыць музыка «Ляпіса Трубяцкога».

Тут каталізатарам сталася Беларусь і невыпадкова там на Плошчы гучыць музыка «Ляпіса Трубяцкога»
Паводле Анатоля Лябедзькі, многія людзі ў сьвеце хочуць, каб Расея пайшла ў бок дэмакратызацыі, і таму вітаюць выступы людзей у абарону справядлівасьці. Але пакуль што падзеі ў Маскве нельга назваць маштабнымі, кажа ён:

«Усё-такі гэта велізарная краіна, адна Масква як уся Беларусь... Я гэта вітаю і маю спадзеў, што гэты рух будзе толькі ўзмацняцца».

Паводле Анатоля Лябедзькі, расейскі кіроўны тандэм адрэагаваў на масавыя пратэсты гэтак жа брутальна, як і Лукашэнка.

«Пакуль што можна сказаць, што ў гэтай сытуацыі выйграў толькі Лукашэнка. Для яго вельмі добра, што ў Расеі такія падзеі разгортваюцца, яны прымушаюць Пуціна і Мядзьведзева быць бліжэй да яго, гэта крыху ўраўноўвае яго зь імі: маўляў, а чым вы аб мяне асабліва адрозьніваецеся?»

Лідэр партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін лічыць акцыі апазыцыі ў Маскве нешматлікімі, у тым ліку ў параўнаньні зь менскімі пратэстамі:

«Безумоўна, там адбылася актывізацыя насельніцтва пасьля выбараў, што было зьвязана з сур’ёзнымі парушэньнямі на іх. Але разам з тым, я б не сказаў, што Расея кудысьці ўзьнялася і там пачаўся сур’ёзны сацыяльны рух. Там ёсьць шмат праблем, і яны могуць перарасьці ў сацыяльны пратэст, але пакуль я б не сказаў, што там высокая актыўнасьць насельніцтва».

Паводле спадара Калякіна, расейскія ўлады, разганяючы мітынгі, дзейнічалі неадэкватна, хаця часам дэманстранты самі правакавалі паліцыю. Будучыя прэзыдэнцкія выбары ставяць перад Пуціным складаную задачу, мяркуе Калякін:

«Заваяваньне ім 50-працэнтнай плянкі на выбарах сёньня зьяўляецца вялікай праблемай і выклікам. Ім шмат што трэба зрабіць, каб атрымаць большасьць. Альбо абраць шлях, якім ідзе Беларусь, калі вынік проста малююць незалежна ад волевыяўленьня выбаршчыкаў».

Адзін зь лідэраў Партыі БНФ Рыгор Кастусёў называе пратэсты ў Расеі выказваньнем думак прадстаўнікоў народу:

«Зразумела, што іх было няшмат, але гэта былі тыя людзі, якія адважыліся ў такі час ціску і запалохваньня грамадзтва ў Расеі і выйшлі на Плошчу».

Гэтым расейскія падзеі падобныя на беларускія, кажа спадар Кастусёў, як падобныя на разгон менскай Плошчы брутальныя паводзіны маскоўскай паліцыі. Тым ня менш, гаворачы пра бліжэйшую будучыню Расеі, спадар Кастусёў прагназуе, што Пуціну ўдасца выйграць наступныя прэзыдэнцкія выбары, нават у першым туры:

«Але мяне больш хвалюе не ўнутрырасейская сытуацыя, мяне хвалюе, што будзе далей зь Беларусьсю. Я ведаю адназначна, што Пуцін разглядае варыянт аднаўленьня Савецкага саюзу або Расейскай імпэрыі, і пасьля прэзыдэнцкай кампаніі ўзмацніцца эканамічны і палітычны ціск на Беларусь і іншыя былыя рэспублікі СССР. Таму беларускім дэмакратычным сілам трэба рыхтавацца да ўзмацненьня змаганьня за незалежнасьць нашай краіны».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG