Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: замест правоў чалавека — воіны-інтэрнацыяналісты


Зінаіда Міхнюк

Зінаіда Міхнюк

Кіраўніца аддзяленьня прафсаюзу РЭП па Берасьцейшчыне Зінаіда Міхнюк атрымала забарону на правядзеньне мітынгу да міжнароднага Дня правоў чалавека 10 сьнежня.

У лісьце з гарвыканкаму спадарыні Міхнюк паведамілі, што “па сутнасьці вашай заявы аб правядзеньні 10 сьнежня з 13 да 15 гадзін мітынгу па адрасе парк Воінаў-інтэрнацыяналістаў, пляцоўка ля сцэны, паведамляем наступнае. На падставе ліста прадстаўніцтва Ніжагародзкай вобласьці ў Рэспубліцы Беларусь аб візыце дэлегацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў Ніжагародзкай вобласьці Берасьцейскім гарвыканкамам узгоднена праграма прыбыцьця дэлегацыі, прадугледжана 10 сьнежня.”

У адказе гарвыканкаму паведамляецца, што падчас візыту гэтай дэлегацыі прадугледжаны жалобныя мерапрыемствы ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў. На падставе гэтага прафсаюзнай лідарцы забаранілі праводзіць мітынг.

Зінаіда Міхнюк паведаміла, што раз мітынг забаронены, то яна вырашыла схадзіць таксама на гэтую сустрэчу з воінамі-інтэрнацыяналістамі. Актывістка кажа, што яна ўсё ж не разумее лёгікі чыноўнікаў, якія забаранілі мітынг:

“Калі для нашага гарвыканкаму важней сустрэча з воінамі-інтэрнацыяналістамі, чым правы чалавека, то што паробіш. Канцэрт той скончыцца а 12.30, а мы ж мітынг да міжнароднага Дня правоў чалавека плянавалі на 13 гадзін. У цывілізаваных краінах адно б мерапрыемства скончылася і пачалося б другое. А па другое, у горадзе ж два месцы для масавых мерапрыемстваў. Чаму ж нам не прапанавалі пайсьці на стадыён “Лякаматыў” замест парку?

Я нічога ня маю супраць воінаў-інтэрнацыяналістаў, я ведаю, што іх правы таксама парушаюцца. Таму куплю кветак і пайду на сустрэчу. А калі мяне зь нейкіх прычынаў міліцыянты будуць хапаць, то я думаю, што воіны-інтэрнацыяналісты Ніжагародзкай вобласьці заступяцца за мяне.”

Падчас мітынгу 10 сьнежня Зінаіда Міхнюк хацела нагадаць берасьцейцам аб 63-х угодках падпісаньня Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека. Акрамя таго, плянавалася азнаёміць жыхароў гораду з рэакцыяй уладаў на рэзалюцыю Народнага сходу 8 кастрычніка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG