Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйск: зьнік актывіст АГП Тоўсьцік


(Справа налева) Бабруйскія актывісты Арцём Мархасёў, Алена Тоўсьцік, Дзьмітры Тоўсьцік, Марыя Іванова.

Цяпер Дзьмітрыя Тоўсьціка шукаюць аднапартыйцы й праваабаронцы. 6 сьнежня яго выклікалі ў міліцыю, пасьля чаго сувязь зь ім згубілася. У міліцыі не даюць зьвестак нават ягонай маці. З-за гэтага ў жанчыны здарыўся сардэчны прыступ.

5 сьнежня ў пакоі інтэрнату, дзе жыве зь сям’ёй сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Дзьмітры Тоўсьцік, быў праведзены ператрус, у ходзе якога нібыта былі выяўленыя факты захоўваньня ім наркатычных рэчываў. Пасьля ператрусу Тоўсьціка ў міліцыі пратрымалі да позьняй ночы — потым адпусьцілі.

Жонка актывіста зь дзіцём цяпер у бальніцы. Калі праводзіўся ператрус, іх не было ў двары. Незадоўга да яго правядзеньня, як сьцьвярджае Алена Тоўсьцік, ёй патэлефанавалі нібыта з аддзелу адукацыі. Папрасілі быць дома, калі даведаліся, што яна ў бальніцы, то запыталі, ці будзе муж дома. Пра ператрус яна даведалася ад мужа.

«Ён сказаў, што падчас вобшуку ў дзіцячай кніжцы была знойдзена нейкая згорнутая расьліна. Учора яго таксама выклікалі й больш ён не адзываецца. Міліцыя кажа, што яго ў іх няма. Я ўжо ня ведаю пра што думаць і гаварыць. Прыходзіла да мяне ў бальніцу 5 сьнежны жанчына, якая сказала, што ваша сям’я будзе стаяць на ўліку як ядобранадзейная з-за адміністрацыйнага правапарушэньня. Папераў ніякіх не давала й падпісваць таксама нічога не давала. Я ня ведаю, як яны нас і куды паставілі», — кажа Алена Тоўсьцік

Алена й Дзьмітры Тоўсьцікі — фігуранты адміністрацыйнай справы, распачатай паводле абвінавачваньня ва ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсьці 2 лістапада. 7 сьнежня меўся адбыцца разгляд гэтай справы. Праз няяўку ў суд Тоўсьцікаў і экспэрта, настаяцеля Сьвята-Мікалаеўскага сабору Аляксандра Палуяна, працэс перанесены на 16 сьнежня.

Акрамя Тоўсьцікаў ў парушэньні закону «Аб масавых мерапрыемствах» абвінавачваюцца Арцём Мархасёў і Марыя Іванова. Дзе знаходзіцца Дзьмітры Тоўсьцік сёньня міліцыянты выпытвалі ў Мархасёва:

Мархасёў: «Патэлефанавалі, назваліся, што зь міліцыі, і запыталі, дзе Дзьмітры. Маўляў, учора яны яго выклікалі, але ён да іх не прыйшоў. Мяне насьцярожыла тое, што зь Дзьмітрыем мы рэдка стэлефаноўваемся. Адкуль яны ведаюць мой тэлефон? Я мяркую, што Дзьмітры ў міліцыі і знаходзіцца. У іх жа яго тэлефон, вось яны ўсім і тэлефануюць, чый нумар захаваны ў тэлефонным нататніку».

Алену й Дзьмітрыя Тоўсьцікаў, Арцёма Мархасёва ды Марыю Іванову затрымалі са сьвечкамі ў руках 2 лістапада ля Сьвята-Мікалаеўскага сабору. Актывісты зьбіраліся прайсьці на плошчу Перамогі да памятнага знаку ахвярам рэпрэсіяў і там пакінуць сьвечкі. Усіх чатырох гвалтам зацягнулі ў міліцэйскую машыну й адвезьлі ў пастарунак. Пазьней на іх склалі адміністрацыйныя пратаколы.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG