Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйск: Кіраўніка незалежнага прафсаюзу вінавацяць у распаўсюдзе ўлётак


Міхаіл Кавалькоў

Міхаіл Кавалькоў

Старшыня суполкі Свабоднага прафсаюзу беларускага Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў Міхаіл Кавалькоў зьвярнуўся ў раённую пракуратуру з просьбай абараніць яго гонар і дзелавую рэпутацыю. Актывіст давозіць, што адміністрацыя прадпрыемства бяз доказаў вінаваціць яго ў распаўсюджваньні ўлётак, якія зьневажаюць кіраўніцтва заводу.

Пра існаваньне такіх улётак на працоўнай нарадзе паведаміў днямі сябрам незалежнага прафсаюзу кіраўнік прадпрыемства Аляксандар Аграновіч. Як сьцьвярджае Кавалькоў, яго на гэтую нараду не дапусьцілі.

“На плянёрцы было заяўлена, што гэта справа рук альбо незалежнага прафсаюзу, альбо самога Кавалькова. На ўлётках нібыта ёсьць і нашы выходныя зьвесткі. Мае калегі заявілі, што ўлётка ня наша. Як толькі стала вядома пра абвінавачваньні на мой адрас, я напісаў скаргу ў пракуратуру. У пракуратуру паскардзілася і адміністрацыя. Да сваёй скаргі яны дадалі саму ўлётку, якую я нібыта й распаўсюджваў. Я прашу абараніць мяне і маю дзелавую рэпутацыю ад неабгрунтаваных абвінавачваньняў”, — тлумачыць Міхаіл Кавалькоў.

У лістападзе на заводзе сябры незалежнага прафсаюзу сабралі паўтары тысячы подпісаў за павышэньне заработнай платы на сто працэнтаў. Як кажа Кавалькоў, правакацыя з улёткай — гэта адказ адміністрацыі на патрабаваньні працаўнікоў.

Кавалькоў: “29 лістапада ў нас хацелі забраць офіс. Апячаталі яго. 30 лістапада пячаткі паздымалі. За гэты час яны нават паставілі новы замок. Апусьціўшы вочы долу, ключ ад замка нам аддалі. Фармальна наш кабінэт забраць хацелі, бо пажарнікі там знайшлі нейкія парушэньні. А вяртаньне ключоў не абгрунтавалі нічым. У лістападзе заробкі паднялі на 25 працэнтаў, а ў сьнежні, ёсьць загад кіраўніцтва, зьбіраюцца на 20 працэнтаў. У нас прынята, што пра людзей клапоціцца толькі адміністрацыя. Ніхто ня любіць, калі працоўныя самі пра сябе клапоцяцца”.
XS
SM
MD
LG