Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крычаў: падатковая інспэкцыя аштрафавала незалежнага журналіста за даходы жонкі


Сяргей Няроўны

Сяргей Няроўны

Рэдактара крычаўскай незалежнай газэты «Вольны горад» Сяргея Няроўнага раённая падатковая інспэкцыя аштрафавала на 10 базавых велічыняў (350 тысяч рублёў). Журналіста прызналі вінаватым у тым, што ён у дэклярацыі аб даходах і маёмасьці за 2009 і 2010 гады не пазначыў даходаў сваёй жонкі. Іх, паводле падаткавікоў, варта было пазначаць як дадатковыя.

Як сьцьвярджае журналіст, у 2009 годзе і палове 2010-га ў яго не было даходаў. Утрымлівала сям’ю жонка. Падаткавікі вылічылі, заяўляе Сяргей Няроўны, што за паўтары гады ў яго не задэкляраваных сродкаў было 5 мільёнаў 400 тысяч рублёў.

«Гэта пражытковы мінімум, як яны мне патлумачылі, і аплата тэлефоннай сувязі. Запыталіся: „Адкуль гэтыя сродкі?“. Я пісьмова адказаў, што я жыву з жонкай і даходы гэтыя яе. Іх адказ такі не задаволіў, хаця я ўсё расьпісаў, як яны патрабавалі, і мне выпісалі штраф. На маё зьдзіўленьне, што ў дэклярацыі няма пазыцыяў пра даходы сямейнікаў і сваякоў — мне адказалі, што варта было пазначыць гэта ў пункце „прочие“. Для мяне відавочна, што гэта ўсё робіцца з падказкі ўлады. Гэта ціск з-за крытычных матэрыялаў у „Вольным горадзе“, за грамадзянскую пазыцыю маю і маіх паплечнікаў. Падаткавікам сказалі нешта знайсьці яны знайшлі. Канечне сума ў 350 тысяч не сьмяротная, але псыхалягічна, мне кажуць, калі й надалей будзеце выступаць можаце атрымаць штраф і паболей, маўляў, мы сочым за табой, тваімі публікацыямі, за тваёй сям’ёй», тлумачыць пакараньне Сяргей Няроўны.

Дэклярацыю аб даходах і маёмасьці падатковая інспэкцыя запатрабавала ад Сяргея Няроўнага, як толькі звольнілі з працы яго жонку. Беспрацоўнай яна заставалася два месяцы. Нядаўна ўладкавалася сацыяльным работнікам. Да звальненьня больш за дзесяць гадоў адпрацавала пэдагогам.
XS
SM
MD
LG