Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радзіна: Спосаб толькі адзін – ціск, ціск і яшчэ раз ціск


Гілары Клінтан на сустрэчы зь беларускімі актывістамі

Гілары Клінтан на сустрэчы зь беларускімі актывістамі

Госьця Радыё Свабода – журналістка, былая палітзьняволеная Натальля Радзіна. Мы гаворым пра яе сустрэчу з дзяржсакратаром ЗША Гілары Клінтан 6 сьнежня ў Вільні.

Соўсь: Што вы сказалі дзяржсакратару ЗША?

Радзіна: Я паслала дзяржсакратару два мэсыджы. Першы быў пра тое, што сёньня ў турмах Беларусі знаходзяцца 15 палітвязьняў, уключна з двума кандыдатамі ў прэзыдэнты Андрэем Саньнікавым і Міколам Статкевічам. Вялікую занепакоенасьць праваабаронцаў выклікае здароўе і жыцьцё Саньнікава і лідэра Маладога Фронту Зьмітра Дашкевіча. Яны па ранейшаму церпяць катаваньні і бесчалавечнае абыходжаньне. Вялікі неспакой выклікае здароўе лідэра грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Зьмітра Бандарэнкі, які перанёс апэрацыю на хрыбце, сёньня ходзіць у калёніі на мыліцах і можа выйсьці з турмы інвалідам.

Другі мэсыдж датычыў таго, што сёньня ёсьць толькі адзін спосаб выратаваць палітвязьняў і дамагчыся свабоды ў Беларусі. Гэта – ціск, ціск і яшчэ раз ціск. Пазыцыя ЗША ў адносінах рэжыму Лукашэнкі сёньня адзіная маральная і правільная. Таму неабходна, каб Эўразьвяз далучыўся да эканамічных санкцыяў, уведзеных ЗША. Але сёньня Эўропа, на жаль, працягвае фінансаваць дыктатарскі рэжым Лукашэнкі шляхам набываньня нафтапрадуктаў зь Беларусі. Трэба, каб Эўропа спыніла гэтую падтрымку.

Таксама я сказала, што трэба разумець: дыктатура Лукашэнкі нясе небясьпеку беларускаму народу, Эўропе і ўсяму сьвету. Бо Лукашэнка ня толькі рэпрэсуе свой народ, ён працягвае прадаваць зброю краінам-ізгоям і сеяць сьмерць па ўсёй зямлі.

Соўсь: Якія моманты адзначалі іншыя ўдзельнікі сустрэчы?

Радзіна: Тацяна Равяка з праваабарончага цэнтру «Вясна» казала, што сёньня з арыштам Алеся Бяляцкага для праваабаронцаў у Беларусі ўзьнікла зусім іншая сытуацыя. Гэты арышт – спроба запалохаць праваабаронцаў. Яшчэ яна казала пра тое, што сёньня ў Беларусі ў масавым парадку пазбаўляюць ліцэнзіяў адвакатаў. Уводзіцца забарона на гэтую прафэсію і беларусы пазбаўляюцца права на абарону. Таксама Тацяна казала, што ў Беларусі бліжэйшым часам можа быць закрыты Хэльсынскі камітэт -- апошняя зарэгістраваная ў краіне праваабарончая арганізацыя. Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна казала пра тое, што ў Беларусі існуе вялізны попыт на бесцэнзурную інфармацыю. Валянцін Стэфановіч зь «Вясны» казаў пра геапалітычныя справы -- небясьпеку ад стварэньня так званага Эўразійскага саюзу, які рэальна пагражае незалежнасьці Беларусі. ЗША трэба зьвярнуць на гэта ўвагу, бо Лукашэнка не зьяўляецца гарантам незалежнасьці, больш за тое, ён распрадае сваю краіну.
Гілары Клінтан на сустрэчы зь беларускімі актывістамі

Гілары Клінтан на сустрэчы зь беларускімі актывістамі


Соўсь: Што значаць для вас асабіста падтрымка кіраўніка замежнай палітыкі ЗША, для вашых паплечнікаў?

Радзіна: Я ўбачыла, што Гілары Клінтан разумее гэтыя праблемы і мае намер вырашаць іх. Гэта дае надзею.

Цалкам гутарку можна слухаць тут:

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG