Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У многіх апазыцыйных палітыкаў будзе спадзяваньне, што іх прапусьцяць на выбарах»


«Кааліцыя шасьці» — Партыя БНФ, АГП, «Справядлівы сьвет», Хрысьціянскія дэмакраты, Рух «За свабоду» і кампанія «Гавары праўду» сустрэліся за круглым сталом, каб абмеркаваць фармат удзелу ў будучых парлямэнцкіх выбарах. Ці павінна апазыцыя абмяркоўваць свой удзел у парлямэнцкіх выбарах, пакуль за кратамі застаюцца палітвязьні? Ці спадзяюцца некаторыя апазыцыйныя палітыкі, што ўлада можа прапусьціць кагосьці зь іх у парлямэнт?

На гэтыя пытаньні адказвае кіраўнік Інтэрнэт-выданьня «Мы» Кірыл Пазьняк.

Цыганкоў: Ужо неаднаразова гучалі заявы некаторых апазыцыйных палітыкаў, што пакуль у Беларусі ёсьць палітвязьні, у тым ліку былыя кандыдаты ў прэзыдэнты, ніякай размовы пра ўдзел беларускай апазыцыі ў парлямэнцкіх выбарах ісьці не павінна. Тым ня менш, па вынікаў сустрэчы «кааліцыі шасьці» выглядае, што пазыцыя не настолькі адназначная, палітыкі гатовыя разглядаць розныя варыянты ўдзелу ў выбарах. Пра што гэта кажа?

улады не надаюць гэтым выбарам такога значэньня, якое надаём мы, журналісты, аналітыкі, ды тая ж апазыцыя
Пазьняк: Гэта кажа пра тое, што апазыцыя аналізуе сытуацыю і дзейнічае не на эмоцыях. Да выбараў яшчэ 9 месяцаў і цалкам верагодна, што да гэтага часу палітвязьняў ужо ня будзе. І калі да выбараў наагул не рыхтавацца, то адпаведна будзе і вынік.

Па-другое, фармат удзелу ў выбарах можа быць самым розным. І вылучэньне ў якасьці кандыдатаў у дэпутатаў, і актыўнае назіраньне, і такая форма ўдзелу ў якасьці кандыдатаў, калі будзе загадзя абвешчана, што кандыдаты ад апазыцыі здымаюцца за дзень-два да галасаваньня.

Цыганкоў: Такая сытуацыя, калі фармат удзелу апазыцыі ў выбарах залежыць ад шмат якіх абставінаў — ці не «на руку» гэта ўладзе? Апазыцыя будзе да апошняга моманту вызначацца, што ж ёй рабіць на выбарах, і тым самым сапсуе сваю кампанію...

Пазьняк: Наша апазыцыя наагул з году ў год пастаўленая ў вельмі неспрыяльныя ўмовы, і гэтая сытуацыя неяк пагоршыць іх радыкальна ня можа. Да таго ж, здаецца, улады не надаюць гэтым выбарам такога значэньня, якое надаём мы, журналісты, аналітыкі, ды тая ж апазыцыя. Падзеі апошняга году паказалі, што гэтая кампанія можа быць малацікавая.

Цыганкоў: У 2008 годзе, аднак, парлямэнцкія выбары былі даволі важнымі з пункту гледжаньня таго, як будуць разьвівацца адносіны афіцыйнага Менску з Захадам. Можа і ў 2012 годзе ўзьнікне сытуацыя, калі беларускай уладзе Захад спатрэбіцца значна больш, чым цяпер. Можа гэта актывізаваць такую тэму, што некаторых апазыцыянэраў могуць прапусьціць у парлямэнт?

Пазьняк: Наконт таго, што могуць прапусьціць — упэўнены, што ў значнай колькасьці апазыцыйных палітыкаў такое спадзяваньне будзе. Але — зноў жа — да выбараў засталося ўсяго 9 месяцаў, і наўрад ці гэтак хутка настане чарговы цыкл абвастрэньне стасункаў з Масквой і адпаведна,пацяпленьня адносінаў з Захадам. Так, апошні час гэтыя цыклі сталі паўтарацца больш інтэнсіўна, але пакуль няма ніякіх умоваў, каб новае пацяпленьне з Захадам хутка пачалося. Так што, як мне здаецца, жаданьне спадабацца Захаду ня будзе працаваць на гэтых выбарах.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG