Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці моцна расейскія выбары адрозьніваюцца ад беларускіх?


election in St. Petersburg, 05Dec2011

election in St. Petersburg, 05Dec2011

У выніку выбараў ў расейскую Дзяржаўную думу кіроўная партыя «Адзіная Расея» страціла амаль траціну галасоў выбаршчыкаў. Пра што сьведчыць такая тэндэнцыя? Ці пабольшала ў Расеі дэмакратыі? Як вынікі расейскіх выбараў паўплываюць на Беларусь?

Удзельнікі: аглядальнік Расейскай службы «Радыё Свабода» Вадзім Дубноў з Масквы і палітоляг Андрэй Фёдараў зь Менску.

Новыя тэндэнцыі ў Расеі


Валер Карбалевіч: «Пра якія тэндэнцыі ў расейскім грамадзтве сьведчаць вынікі думскіх выбараў? Ці можна казаць, што расьце незадавальненьне кіроўнай элітай?»

Вадзім Дубноў: «Пытаньне пра тое, каго лічыць кіроўнай элітай. Калі гаворка ідзе пра „Адзіную Расею“, то, канечне, выбары паказалі вострае незадавальненьне ёй, яе палітыкай, увогуле тым шляхам, якім ідзе краіна. Калі ж разумець, што апанэнтамі „Адзінай Расеі“ выступалі праўладныя „Справядлівая Расея“, ЛДПР і КПРФ, то я б ня стаў пераацэньваць правал „Адзінай Расеі“. Таму што насамрэч, гаворка ідзе не пра дэмакратычны выбар. Насельніцтва паставілі перад неабходнасьцю выбіраць, хто па які бок пілы будзе знаходзіцца.

Зь іншага боку, ёсьць працэс стомленасьці грамадзтва ад знаходжаньня ва ўладзе адной палітычнай сілы. Канечне, немагчыма параўноўваць стаўленьне да ўлады ў 2001 годзе і цяпер. Тыя аргумэнты, якія працавалі тады, цяпер ня дзейнічаюць. Ня так хвалююць людзей размовы пра „ліхія 90-ыя“, пра тое, што Пуцін выратаваў Расею ад развалу. Калі раней ва ўлады быў аўтарытэт, то цяпер галасавалі ад безальтэрнатыўнасьці. Галасаваньне за іншыя думскія партыі — гэта не канструктыўны, а інстынктыўны пратэст».

Андрэй Фёдараў: «Абсалютна відавочна, што існуюць пэўныя перамены ў настроях грамадзтва. Галасаваньне супраць „Адзінай Расеі“ — гэта крок ад аўтарытарызму. Але партыі, якія павялічылі сваю прысутнасьць у Думе, ня шмат адрозьніваюцца ад „Адзінай Расеі“. Гэта вельмі маленькі крок да дэмакратыі».


Ці пабольшала ў Расеі дэмакратыі?


Карбалевіч: «Наступнае пытаньне пра дэмакратычнасьць выбараў. З аднаго боку, абвінавачваньні апазыцыі ў фальсыфікацыях, шматлікія паведамленьні пры «выбарчыя каруселі» і іншыя парушэньні. А зь іншага боку, калі глядзець зь Беларусі, то лічба 50% за"Адзіную Расею" выглядае як трыюмф дэмакратыі. Бо ў Беларусі «партыя ўлады» ўжо шмат гадоў атрымоўвае 100% дэпутацкіх мандатаў. І вынікі папярэдніх сацыялягічных апытаньняў, здаецца, ня моцна адрозьніваюцца ад абвешчаных вынікаў«.

Дубноў: «Справядлівая Расея», ЛДПР і КПРФ — гэта ў рознай ступені партыі, якімі кіруюць і маніпулююць. Гэта сыстэмная апазыцыя. А рэальная палітычная альтэрнатыва скрайне не пераканаўчая, не выразная, іншы раз трагікамічная — яна на вуліцы. Яна да рэальнай палітыкі мае такія ж дачыненьні, як несыстэмная апазыцыя ў Беларусі. Таму 50% дэпутацкіх мандатаў «Адзінай Расеі» і 100% мандатаў «партыі ўлады» ў Беларусі знаходзяцца ў адной плашчыні.

У Расеі ўлада аказалася не гатовай да новага камунікатыўнага асяродзьдзя. Ня думаю, што колькасьць парушэньняў выбарчага заканадаўства гэтым разам было больш, чым мінулым разам. Проста цяпер інтэрнэт зрабіў іх больш відавочнымі. А ўлада працавала па старынцы«.

Фёдараў: «Усё пазнаецца ў параўнаньні. На першы погляд, расейскія выбары значна адрозьніваюцца ў лепшы бок. Але ў Расеі не сапраўдная, а кішэнная, кіруемая дэмакратыя. Жорсткая апазыцыя ў выглядзе Партыі народнай свабоды, Парнас, не былі дапушчаныя да выбараў. Як казаў сьпікер Дзярждумы Грызлоў, Дума — гэта ня месца для спрэчак. Магчыма, улады зрабілі шэраг памылак. Здаецца, да прэзыдэнцкіх выбараў, якія пройдуць праз тры месяцы, усё пройдзе па ранейшай схеме»

Карбалевіч: «Што яшчэ моцна збліжае беларускі і расейскі палітычныя рэжымы — гэта стаўленьне да вулічных акцый апазыцыі. І там і тут іх разганяюць. Навошта гэта патрэбна расейскім уладам?»

Дубноў: «Расейская ўлада аказалася абсалютна не гатовай да таго, што на плошчу выйдзе столькі народу, 6 тыс. чалавек. Такога не было даўно. Улада разбэсьцілася ад адсутнасьці канкурэнцыі. Любая аўтарытарная ўлада трохі спазьняецца. І ўлада рэальна спужалася такой колькасьці народу на вуліцы. Бо ўбачыла, што кухоннае бурчаньне можа выйсьці на вуліцу, і гэта ня будзе мець дачыненьня ні да дэмакратыі, ні да аранжавага пратэсту. Адсюль яе панічная, неадэкватная рэакцыя: перакрыцьцё цэнтру Масквы на тры дні і інш».


Вынікі расейскіх выбараў і Беларусь


Карбалевіч: «Як вынікі расейскіх выбараў паўплываюць на Беларусь? Якія высновы зробіць кіроўны рэжым? Які будзе ўплыў на беларускае грамадзтва?

Фёдараў: «Нічога асаблівага ў грамадзтве не адбудзецца. Так, выбары ў Расеі паказалі, што нават пры аўтарытарнай ўладзе народ можа выказаць свой пратэст. Але нават памаранчавая рэвалюцыя ва Ўкраіне нязначна паўплывала на беларускае грамадзтва. Тым больш, хутка ў Расеі пройдуць прэзыдэнцкія выбары. І я ўпэўнены, яны пройдуць інакш, чым парлямэнцкія.

Што тычыцца беларускай улады, то гэтыя думскія выбары яшчэ больш адштурхнуць яе ад капіяваньня мадэлі кіроўнай дэмакратыі. У практычным сэнсе гэта значыць, што Беларусь ня будзе пераходзіць да прапарцыйнай выбарчай сыстэмы. А „Белая Русь“ не ператворыцца ў партыю».

Дубноў: «Не думаю, што гэтыя выбары неяк паўплываюць на Беларусь. Вядома, хто стане прэзыдэнтам Расеі ў сакавіку. Магчыма, падчас чарговага беларуска-расейскага канфлікту Лукашэнка нагадае кіраўніцтву РФ пра правал „Адзінай Расеі“. Ня больш за тое».

Карбалевіч: «Пуцін пачаў сваю выбарчую кампанію з вылучэньня новага інтэграцыйнага праекту, прапановы стварыць Эўразійскі саюз. Потым быў саміт ў Маскве, падпісаньне кіраўнікамі Беларусі, Казахстана і Расеі дакумэнтаў аб фармаваньні Адзінай эканамічнай прасторы. Затым было паседжаньне Вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, на якім былі прыняты важныя рашэньні ў беларуска-расейскіх стасунках. Наколькі важнай была інтэграцыйная тэма падчас прайшоўшай выбарчай кампаніі ў РФ?»

Дубноў: «Здаецца, гэтая тэма не гуляла ніякай ролі ў кампаніі. Хоць расейская ўлада лічыць, што імпэрская тэма вельмі важная. Я думаю, што гэтае пытаньне было важным у рэзанансе зь любоўю да ўлады, якая існавала раней. Цяпер, калі давер грамадзтва да ўлады ўпаў, тэма інтэграцыі становіцца менш актуальнай.

Але рыторыка і рэальнасьць мала паміж сабой стасуюцца. Расея робіць акцэнт на двухбаковых дамоўленасьцях з постсавецкімі краінамі, а не на інтэграцыйных аб’яднаньнях. Напрыклад, Азэрбайджан не ўваходзіць ні ў якія аб’яднаньні, акрамя СНД. Аднак да яго стаўленьне Масквы больш трапяткое, чым да Арменіі, якая ўваходзіць яшчэ ў АДКБ. І Беларусь уваходзіць ва ўсе інтэграцыйныя аб’яднаньні. Аднак пра рэальныя адносіны паміж Беларусьсю і Расеяй мы ведаем. І можна рабіць стаўкі наконт таго, калі адбудзецца наступны канфлікт паміж Масквою і Менскам».

Фёдараў: «Гэтыя выбары ніяк не паўплываюць на беларуска-расейскія адносіны. Выканаўчая ўлада мае невялікія рознагалосьсі з тымі партыямі, да якіх перайшлі галасы „Адзінай Расеі“. І тым больш, яны падтрымаюць крокі Крамля ў кірунку Беларусі».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG