Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«ЗША будуць настойваць на вызваленьні палітвязьняў»


Дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан сустрэлася ў Вільні зь сябрамі праваабарончага цэнтра «Вясна» Тацянай Равякай, Валянцінам Стэфановічам, старшынёй БХК Алегам Гулакам, старшынёй БАЖ Жанай Літвіной, кіраўніцай Беларускага дома правоў чалавека Ганнай Герасімавай і журналісткай Натальляй Радзінай.

«Пачынаючы сустрэчу, яна сказала, што разумее, наколькі цяжкім для беларусаў быў гэты год. ЗША ведаюць, што ў краіне прымаюцца рэпрэсіўныя законы і перасьледуюцца актывісты. Дзяржсакратар сказала, што ЗША будуць настойваць на вызваленьні палітвязьняў. Па ацэнках ЗША, цяпер больш за 50 чалавек, якія знаходзяцца ў вязьніцах альбо так ці інакш абмежаваныя ў свабодзе. ЗША будуць патрабаваць неадкладнага і безумоўнага вызваленьня гэтых людзей», – заявіла Натальля Радзінай, якая ўдзельнічала ў сустрэчы з Гілары Клінтан.

Паводле Радзінай, спадарыня Клінтан заявіла, што ЗША і Эўразьвяз павінныя каардынаваць палітыку адносна Беларусі і амэрыканскі бок будзе рабіць усё магчымае дзеля гэтага. Натальля Радзіна падчас сустрэчы распавяла пра сытуацыю зь беларускімі палітвязьнямі.

«Сёньня найбольшую заклапочанасьць праваабаронцаў выклікае лёс кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава і лідэра „Маладога фронту“ Зьмітра Дашкевіча, якіх працягваюць катаваць у турмах. Апроч таго, вялікую заклапочанасьць выклікае стан здароўя каардынатара „Эўрапейскай Беларусі“ Зьмітра Бандарэнкі, які можа стаць інвалідам і ходзіць у калёніі на мыліцах. У адказ на гэта Гілары Клінтан сказала. што ЗША будуць настойваць на вызваленьні палітвязьняў. І найперш на гуманітарных паставах павінны быць вызваленыя людзі, жыцьцю якіх пагражае небясьпека».

Натальля Радзіна таксама адзначыла, што ЗША павінны аказаць уплыў на Эўразьвяз дзеля ўвядзеньня рэальных эканамічных санкцый супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

«Яна сказала, што вельмі важнай ёсьць каардынацыя палітыкі ЗША і ЭЗ адносна Беларусі. Таксама важная каардынацыя грамадзянскіх супольнасьцяў у ЗША і Эўропе дзеля дапамогі тым, хто падвяргаецца ў Беларусі найбольшай рызыцы. На сустрэчы разам з Клінтан быў яе намесьнік па пытаньнях дэмакратыі Майкл Позьнер. Ён сказаў, што мы павінныя падвоіць намаганьні дзеля ўзгадненьня гэтага пытаньня».

Праваабаронца Тацяна Равяка адзначыла, што замест заплянаваных 15, сустрэча цягнулася 40 хвілінаў: «Мы вельмі радыя, што праваабаронцы былі запрошаныя на сустрэчу зь дзяржсакратаром ЗША і зь першых хвілінаў нас зьдзівіла яе абазнанасьць сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Яна сказала, што ЗША будуць сталымі ў ацэнцы тых падзеяў, што адбываюцца і будуць працягваць падтрымку працэсам, зьвязаным з разьвіцьцём і адстойваньнем дэмакратыі. Таксама гучала пытаньне пра новую геапалітычную рэчаіснасьць — Эўразійскі саюз. Для нас было важна пачуць, што ЗША разам з ЭЗ будуць улічваць гэту новую рэчаіснасьць пры плянаваньні сваёй стратэгіі адносна Беларусі. ЗША заўсёды дэманструе вельмі пасьлядоўную пазыцыю адносна Беларусі. Гэтая сустрэча адзначыла гэтую зацікаўленасьць і пасьлядоўнасьць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG