Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гілары Клінтан патрабуе вызваленьня беларускіх палітвязьняў


Дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан запатрабавала ад Беларусі вызваліць палітзьняволеных. Калі яны ня будуць вызваленыя, да Беларусі надалей будуць ужывацца эканамічныя санкцыі, а для дзьвюх соцень беларускіх афіцыйных асобаў захаваюцца візавыя забароны.

«Мы прызнаем, што для Беларусі гэта быў страшна цяжкі год», — заявіла сп-ня Клінтан на сустрэчы зь сямю беларускімі апазыцыйнымі актывістамі ў Вільні ў кулюарах сэсіі Рады міністраў АБСЭ.

«Мы ведаем, што кожны дзень адбываецца новы арышт, прымаецца новы абмежавальны закон, арганізуецца новае цкаваньне грамадзянскай супольнасьці і сродкаў масавай інфармацыі, — сказала яна. — Мы надалей патрабуем безумоўнага вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных».

Г.Клінтан сказала, што паводле амэрыканскіх падлікаў, каля 50 асобаў усё яшчэ застаюцца за кратамі або вызваленыя ўмоўна.

Выступаючы пасьля сустрэчы, кіраўніца амэрыканскай дыпляматыі заявіла аб неабходнасьці «даць ясна зразумець уладзе Лукашэнкі, што іх паводзіны непрымальныя і што яны мусяць пачаць паважаць памкненьні народу Беларусі».

Тэме Беларусі Гілары Клінтан надала ўвагу і ў сваёй прамове на адкрыцьці сэсіі Рады міністраў АБСЭ.

«Абсалютна немагчыма сабе ўявіць, каб у Эўропе сёньня, у сьнежні 2011, Лукашэнкаў рэжым паводзіў сябе так, як ён сябе паводзіць», дадала яна.

«Мы разам з нашымі партнэрамі з Эўразьвязу ды іншымі дэмакратычнымі краінамі будзем працягваць ужываць захады супраць рэжыму Лукашэнкі, улучна з санкцыямі і візавымі забаронамі».
XS
SM
MD
LG