Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску ў раёне Трактарнага пасёлку супрацоўнікі міліцыі і невядомыя ў цывільным затрымалі 31 падлетка. Гэта здарылася 16 лістапада, але шырокі розгалас выпадак набыў толькі на пачатку сьнежня, пасьля скаргаў абураных бацькоў. Падставай для гвалтоўнага затрыманьня сталася нібыта бойка падлеткаў з навучэнцамі кадэцкага корпусу. Бацькі пацярпелых запалоханыя, супрацоўнікі міліцыі пагражаюць адказнасьцю СМІ за распаўсюд інфармацыі.

Паведамленьне пра масавы хапун падлеткаў у Менску зьявіўся на інтэрнэт-сайце naviny.by. Бацькі пацярпелых паведамілі журналісту, што падлеткаў бралі ўсіх без разбору. Іх дастаўлялі ў РУУС Партызанскага раёну, бралі адбіткі, фатаграфавалі і ўсё гэта адбывалася без дазволу і прысутнасьці бацькоў. Спраўдзіць гэтую інфармацыю непасрэдна ў сем’ях не ўдалося — пацярпелыя запалоханыя, патлумачыў сытуацыю аўтар паведамленьня, журналіст Віктар Федаровіч:

«Людзі напалоханыя і ня могуць зразумець, што адбываецца, а таму з журналістамі на кантакт ідуць вельмі неахвотна. Акрамя таго, гэтая
Людзі напалоханыя і ня могуць зразумець, што адбываецца, а таму з журналістамі на кантакт ідуць вельмі неахвотна.

інфармацыя была перадрукаваная на іншых інтэрнэт-сайтах, такіх, як „БелаПан“, „Хартыя-97“, і людзей гэта напалохала яшчэ больш. Яны баяцца, каб іх не залічылі да якіх-небудзь апазыцыянэраў. Але кантактаваць зь імі і ад пачатку было вельмі цяжка — проста ім патрэбны быў чалавек, якому б яны маглі выгаварыцца, сказаць, што зь імі адбылося і што ў іх на душы, бо ў Партызанскім раёне яны праўды дамагчыся ня здолелі. Я не выключаю, што нейкая сытуацыя патрабавала ўмяшаньня супрацоўнікаў міліцыі. Але не хапае розуму і карэктнасьці супрацоўнікам міліцыі, каб правесьці ўсё гэта пісьменна і годна».

Паводле Віктара Федаровіча, інцыдэнт здарыўся яшчэ ў лістападзе, але бацькі падлеткаў адважыліся паведаміць пра здарэньне толькі зараз, калі не атрымалі адказаў на свае пытаньні ў мясцовых праваахоўных органах. У РУУС Партызанскага раёну не адмаўляюць факту затрыманьняў, але і падрабязнасьцяў здарэньня не паведамляюць. Гаворыць прэсавая сакратарка Ганна Чыж-Літаш:

«Ніякай інфармацыяй я не валодаю, мне яе ніхто не даваў».

Карэспандэнтка: «Але ж дзяцей затрымлівалі супрацоўнікі міліцыі вашага райадзьдзелу».

«Так, я зьвярталася. Але мне адказалі, што ніякай інфармацыі мы даваць ня будзем. Зараз усёй гэтай справай займаецца пракуратура, яны праводзяць службовую праверку. І пасьля па выніках — што яны ўжо вырашаць — такая інфармацыя і будзе падавацца».

Прыкладна гэткі ж адказ быў ад супрацоўнікаў пракуратуры Партызанскага раёну. А памочнік пракурора Менску Сяргей Балашоў паведаміў наступнае:

да завяршэньня праверкі мы ніякіх камэнтароў не даем.

«Рэч такая, што матэрыял знаходзіцца ў іх на праверцы. Наколькі я ведаю, праверка яшчэ не завершаная, а да завяршэньня праверкі мы ніякіх камэнтароў не даем».

Аляксандар Ластоўскі

Аляксандар Ластоўскі

Кіраўнік прэсавай службы ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандр Ластоўскі паведаміў некаторыя падрабязнасьці здарэньня. Але пры гэтым падкрэсьліў, што аўтар паведамленьня пра масавы хапун падлеткаў, а таксама інтэрнэт-рэсурсы будуць прыцягнутыя да адказнасьці. Гаворыць кіраўнік прэсавай службы Аляксандр Ластоўскі:

«Такі факт быў і ў двух словах я скажу так, што здарылася гэта 16 лістапада. А не 17, як паведамляецца ў артыкуле. Проста група
аўтару давядзецца адказваць за кожнае слова...

падлеткаў па-першае, зьбілі курсантаў кадэцкай вучэльні, а па-другое — зьбіраліся рабіць гэта рэгулярна. Гэта не галаслоўнае сьцьвярджэньне, а вынесеныя і зацьверджаныя матэрыялы. Таму было папярэджана правапарушэньне. Правапарушальнікі ў колькасьці 31 чалавека былі затрыманыя, дастаўленыя ў Партызанскі РУУС. А тое, што напісана ў артыкуле, за гэта аўтару давядзецца адказваць за кожнае слова, бо гэтыя зьвесткі не адпавядаюць рэчаіснасьці. Я ня буду распавядаць вам падрабязнасьці, бо гэта будзе выглядаць, як апраўданьне. Калі будзе прынята юрыдычнае рашэньне па гэтаму факту, вось тады вы зможаце выкарыстоўваць юрыдычна дакладна вывераныя формулы».

Карэспандэнтка: «Як доўга можа прымацца рашэньне і кім?»

«Паглядзім, я не хачу забягаць на перад паравозу, я проста абнародую для вас рашэньне ГУУС аб прэтэнзіях, якія мы будзе выстаўляць, як БелаПАНу, так і аўтару артыкулу, які сказіў рэчаіснасьць і зганьбіў дзелавую рэпутацыю юрыдычнага органа. Будзе гэта ў судовым парадку ці ў парадку звароту ў Міністэрства інфармацыі, я зараз сказаць не магу. Мы проста зробім так, каб аднавіць справядлівасьць».

Інцыдэнт пра здарэньне і распаўсюд у інтэрнэце інфармацыі пра яго камэнтуе юрыст грамадзкай арганізацыі Беларускай асацыяцыя журналістаў Андрэй Бастунец:

Андрэй Бастунец

Андрэй Бастунец

«Гаворка ідзе не пра захаваньне законнасьці, а пра чысьціню мундзіра. І гэта ўжо нават не зьдзіўляе, бо, на жаль, гэта ўжо звычайная рэакцыя з боку ўладных ці праваахоўных органаў. Дарэчы, закон аб сродках масавай інфармацыі дае цывілізаваны інструмэнт вырашэньня такіх пытаньняў. Да прыкладу, калі міліцыя лічыць, што інфармацыя зьяўляецца недакладнай, то яна мае права і магчымасьць выступіць з абвяржэньнем гэтай інфармацыі ці з адказам на яе».

Масавыя затрыманьні моладзі супрацоўнікамі спэцназу, якія нядаўна здарыліся ў Крупках, міліцэйскае кіраўніцтва назвала законнымі і абгрунтаванымі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG