Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 году, які мае адбыцца ў Беларусі, Менск рыхтуе палегчаны рэжым для наведаньня краіны замежным грамадзянам. У прыватнасьці, будзе падпісаны ўказ аб бязьвізавым уезьдзе для грамадзян Эўразьвязу.

Паводле генэральнага сакратара Фэдэрацыі хакею Беларусі Яраслава Заўгародняга, цяпер рыхтуецца праект указу Аляксандра Лукашэнкі аб бязьвізавым уезьдзе грамадзянаў ЭЗ у Беларусь.

«У пачатку наступнага году ён будзе падпісаны. Гэты рэжым будзе дзейнічаць роўна месяц для ўдзельнікаў і заўзятараў чэмпіянату», — паведаміў Заўгародні.
Ён дадаў, што ёсьць задумка ўвядзеньня адзінага білета для замежнікаў. Набываючы білет на чэмпіянат сьвету, чалавек зможа бесьперашкодна прайсьці мяжу і знаходзіцца ў Беларусі каля месяца.

Акрамя таго, ужо распрацавана карта госьця Менску, па якой чалавек зможа атрымліваць зьніжкі ва ўсіх забаўляльных цэнтрах сталіцы, а таксама карта стане пропускам ва ўсе культурныя ўстановы. Разглядаецца прапанова зрабіць бясплатны праезд для замежных грамадзян па гэтай карце.

Па словах Заўгародняга, кошт квітка на чэмпіянат сьвету па хакеі будзе не вышэйшы за 60 эўра. Меркаваныя даходы ад продажу квіткоў павінны скласьці больш за 70% усіх атрыманых ад чэмпіянату сродкаў, паведамляе Ej.by.

Выбары гаспадара ЧС-2014 адбыліся вясной 2009-га. Па выніках галасаваньня ў ІІХФ Беларусь атрымала 75 галасоў, Латвія — 3, таксама прэтэндавалі Украіна і Вугоршчына.

У траўні 2011-га прэзыдэнт Эўрапейскага парлямэнту Ежы Бузэк, разам зь іншымі вядучымі дэпутатамі Эўрапарлямэнту, зьвярнуўся да старшыні Міжнароднай фэдэрацыі хакею з заклікам абумовіць правядзеньне Чэмпіянату сьвету па хакеі ў Менску 2014 году вызваленьнем у Беларусі ўсіх палітычных вязьняў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG