Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ноч на 5 cьнежня ў аэрапорце Менск-2 прадстаўнікам нарвэскага ПЭН-Цэнтру (генэральны сакратар Карл Мортан Івэрсан, сябра праўленьня Уільям Нюгард і выдавец Трыгве Осьлюнд) і дацкага ПЭН-Цэнтру (сябра праўленьня і журналіст Нільс-Івар Ларсан) адмовілі ў візах.

Пра гэта яны паведамілі сваім калегам зь Беларускай асацыяцыя журналістаў, зь якімі плянавалі сустрэцца ў Менску. Апрача таго яны меркавалі спаткацца з прадстаўнікамі беларускага ПЭН-цэнтру, Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, аўтарамі і выдаўцамі.

Прыбыўшы каля гадзіны ночы ў аэрапорт, скандынаўскія госьці зьбіраліся аформіць двухдзённыя турыстычныя візы (такі спосаб атрыманьня візаў прадугледжаны для грамадзянаў краінаў, у якіх няма беларускага дыпляматычнага прадстаўніцтва, у тым ліку Даніі і Нарвэгіі). Яны мелі запрашэньне ад мясцовага турыстычнага агенцтва, і ўсе дакумэнты на атрыманьне віз, пералёт, пражываньне ў гатэлі рыхтаваў нарвэскі турагент, які спэцыялізуецца на Ўсходняй Эўропе.

«Спачатку спэцыяліст па візах, праглядзеўшы маю анкету на візу і пашпарт, захацеў пагутарыць з чалавекам, які нас сустракаў, — распавёў БАЖ Карл Мортан Івэрсан, арганізатар паездкі. — Я яму патэлефанаваў, і яны паразмаўлялі. Відавочна, гэтага падалося недастаткова, бо афіцэр захацеў паразмаўляць з прадстаўнікамі турагенцтва, якое нас запрашала. Я патэлефанаваў па «гарачай лініі», але ніхто не адказаў, бо было ўжо каля трох гадзінаў ночы. На што афіцэр адказаў, што трэба было ляцець ранейшым рэйсам.

Пасьля дыскусіяў супрацоўнік пачаў афармляць дакумэнты і сказаў, што консульскі збор за 4 візы складзе 360 еўра, і мы аддалі яму гэтую суму. Праз 20 хвілін прыйшла жанчына ў форме, забрала нашы пашпарты і сказала нам чакаць яе тут. Трошкі пазьней нас правялі да багажнага аддзяленьня — каб мы забралі нашы рэчы, бо аэрапорт зачыняўся. Потым — назад ў візавы аддзел. Пасьля ці то супрацоўнік аэрапорта, ці то памежнік правёў нас у транзытную зону, дзе папрасіў зноў пачакаць, пад наглядам жанчыны-афіцэра. Нам мала што тлумачылі, але ў выніку мы зразумелі, што павінны чакаць ранішніх адлётаў назад у Нарвэгію і Данію, а пашпарты нам вернуць падчас пасадкі на зваротны рэйс.

Праз пэўны час прыйшла супрацоўніца памежнай службы, якая прыстойна размаўляла па-англійску, і растлумачыла, што консул вырашыў адмовіць нам у візах і мы ня можам аспрэчваць гэтага рашэньня. Яна падкрэсьліла, што ў беларускіх уладаў ёсьць права адмаўляць у візе, хаця пры гэтым і была запатрабавана аплата консульскага збору.

Нас трымалі ў месцы бяз доступу да ежы і напояў. У пэўны момант у аднаго з удзельнікаў дэлегацыі здарыліся праблемы з сэрцам, і ён папрасіў вады запіць лекі. Калі наша «ахоўніца» не зразумела, ён запатрабаваў лекара. Трохі пазьней прыехала лекарка і прапанавала агледзець яго, але ён адмовіўся і растлумачыў, што яму проста патрэбная вада. Гэты інцыдэнт справакаваў палкую спрэчку паміж лекаркай і ахоўніцай. Каля шасьці гадзінаў раніцы адлятаў самалёт у Франкфурт з двума вольнымі месцамі, так што два нашых калегі паляцелі назад. Яны атрымалі свае пашпарты каля выхаду. Два чалавекі засталіся чакаць рэйса на 15:30«.

Сябра Праўленьня нарвэскага ПЭН-Цэнтру Ўільям Нюгард пракамэнтаваў інцыдэнт на сайце нарвэскай штодзённай газэты Aftenposten:

«Важна паказаць усяму сьвету, які рэжым кіруе ў Беларусі, — гэта адна з праблемаў, якімі займаецца ПЭН. Беларусь — удзельнік ААН, і важна, каб мы рэагавалі, калі яны так сябе паводзяць...»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG