Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская дэлегацыя на чале з міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым возьме ўдзел у 18-й сэсіі Савета міністраў АБСЭ, якая пройдзе 6-7 сьнежня ў Вільні.

Удзел у сэсіі прымаюць міністры замежных спраў 56 краін-сябраў АБСЭ, дзяржаў-партнэраў арганізацыі ў Паўночнай Афрыцы і Азіі, а таксама дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан.

Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан таксама мела ўзяць удзел у сэсіі, аднак ў апошні момант скасавала свой удзел з-за занятасьці.

Паводле МЗС Літвы, падчас сэсіі чакаецца прыняцьце важных рашэньняў, якія тычацца бясьпекі працы журналістаў і энэргетычнай бясьпекі, барацьбы з распаўсюдам наркотыкаў, умацаваньня даверу ў ваеннай сфэры і сфэры бясьпекі.

Плянуецца, што перад удзельнікамі сустрэчы выступяць прэзыдэнт і прэм’ер-міністар Літвы Даля Грыбаўскайце і Андрус Кубілюс, старшыня АБСЭ літоўскі міністар замежных спраў Аўдронюс Ажубаліс і кіраўнік Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Петрас Эфціміу.

Як паведамляе БелаПАН, на сэсіі беларуская дэлегацыя мае намер прапанаваць АБСЭ распрацаваць унівэрсальныя стандарты правядзеньня і ацэнкі выбараў, а таксама назіраньня за імі, пра гэта паведаміў Менску прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных. Акрамя таго, беларускі бок плянуе ініцыяваць абмеркаваньне пытаньняў, якія тычацца свабоды перамяшчэньня і лібэралізацыі візавых працэдур. Таксама Беларусь прапануе АБСЭ, як рэгіянальнай арганізацыі, вызначыць фармат свайго ўдзелу ў глябальным пляне ААН па барацьбе з гандлем людзьмі.

У рамках сэсіі заплянаваныя двухбаковыя сустрэчы міністра замежных спраў Беларусі. Ці сустрэнецца ён з Хілары Клінтан не паведамляецца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG