Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Gazeta Wyborcza: «Беларуская губэрня Газпрому»


Gazeta Wyborcza, logo, 2011
Gazeta Wyborcza, logo, 2011
Продаж Маскве Белтрансгазу прысьпешыць васалізацыю Беларусі, якая ўсё глыбей падае ў кішэню расейскіх фірмаў і банкаў, піша аглядальнік Gazety Wyborczej Анджэй Кублік у артыкуле пад такой назвай у сёньняшнім выданьні газэты.

Прапануем пераклад фрагмэнтаў гэтага артыкулу:

Расейцы за 50 адсоткаў Белтрансгазу згадзіліся на ўсе нашы ўмовы – пахваліўся ў мінулую пятніцу прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Аднак расейскія камэнтатары бачаць гэта некалькі інакш. «Газпром Усяя Русі Вялікай і Белай» – так іранічна пракамэнтавала ўгоду радзімага канцэрну расейскае прэсагенцтва Фінмаркет. І падкрэсьліла: гэта першы посьпех стратэгіі Газпрому, які на працягу гадоў імкнецца «граць ролю міністэрства газавай прамысловасьці СССР». 20-я ўгодкі распаду Савецкага Саюзу Газпром адзначыў сымбалічна – пераадольваючы вынікі рашэньняў, прынятых у Белавескай пушчы. (...)

Расейскі канцэрн панізіць цэны газу ня столькі Беларусі, колькі сваёй кампаніі. Яе страты і прыбыткі будуць уплываць на вынікі расейскага канцэрну. А ўжо цяпер Беларусь – дзе інфляцыя сёлета перавысіла 100%, а свая валюта ўтрая страціла на вартасьці ў адносінах да даляра – мела праблемы з платай за штораз даражэйшы газ з Расеі.

У трэцім квартале Белтрансгаз меў звыш 130 мільёнаў даляраў даўгоў перад Газпромам, і гэтыя даўгі ўвесь час растуць, бо беларуская фірма ня плаціць своечасова. Масква пераклала выплату гэтых даўгоў на наступны год.

Затое Газпром гарантаваў сабе, што цягам 20 гадоў тарыфы яго беларускай кампаніі ня будуць вызначацца рэгулятарам і дадуць для канцэрну прыбытак ня меншы за 16 даляраў на кожную 1000 кубамэтраў газу, прададзенага ў Беларусі. Урад у Менску панізіў газаваму манапалісту, які быў набыты Газпромам, з 8% да сымбалічных 0,25% стаўку выплаты ў адмысловыя ўрадавыя інвэстыцыйныя фонды, а стаўку падаходнага падатку зьменшыў з 24% да 18%. (...)

Пад канец лістапада Пуцін таксама заявіў, што Расея дасьць Беларусі 10 мільярдаў даляраў крэдыту, каб пакрыць 90% коштаў пабудовы АЭС каля мяжы зь Літвой. (...) Інакш кажучы, Расея пазычыць грошы, якія перадасьць сваім фірмам за абсталяваньне, пастаўленае для пабудовы АЭС у Беларусі. А выплачваць гэты крэдыт цягам чвэрці стагодзьдзя будзе Менск. З уласных грошай – магчыма, што са зьдзелкі з Газпромам – Менск выплаціць звыш 1 мільярда даляраў як аванс за пабудову станцыі расейцамі.

Але грошы за продаж газавага манапаліста могуць таксама спатрэбіцца Беларусі на выплату замежных даўгоў. У пачатку кастрычніка дзяржаўны доўг Беларусі дасягнуў 11,9 мільярда даляраў. У наступным годзе для абслугі гэтага доўгу Менску спатрэбіцца 1,6 мільярда даляраў.

У крызісны час Беларусь пазычыла 3,5 мільярда даляраў ад МВФ, у яе таксама засталіся нявыплачаныя даўгі Кітаю, Вэнэсуэле і Расеі. Летам 2010 году Беларусь таксама прадала эўрааблігацыі на суму 800 мільёнаў даляраў праз францускі банк «BNP Paribas», нямецкі «Deutsche Bank», брытанскі «Royal Bank of Scotland» і «Сбербанк», найбуйнейшы банк Расеі. Паводле парталу «Белорусские новости», заходнія банкі адмовіліся весьці разьлікі адносна гэтых эўрааблігацый, і цяпер гэтым займаецца толькі «Сбербанк». Два тыдні таму «Сбербанк» пазычыў Беларусі 0,9 мільярда даляраў пад заклад кантрактаў на калійныя ўгнаеньні. І яшчэ сёлета сваёй беларускай даччынай кампаніі «Сбербанк» пазычыў 0,75 мільярда даляраў.

Гэтую штораз большую ролю «Сбербанку» ў Беларусі пацьвярджае агучанае на мінулым тыдні пагадненьне, паводле якога ўрад Беларусі да 2022 году прызнаў «Сбербанку» статус свайго ўпаўнаважанага ў справах прыватызацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG