Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Козыр для Лукашэнкі?


Гэта я пра вынікі расейскіх выбараў. Калі ўрадавая партыя зь мінулых выбараў губляе добрую траціну галасоў – з пункту гледжаньня аўтарытарнага мысьленьня гэта ня проста параза, гэта катастрофа.

І не выклікае сумневу, што беларускія дзяржаўныя СМІ яшчэ доўга будуць тлумачыць беларусам, да чаго давяла расейскіх братоў тамтэйшая ўлада, у той час як айчынная ўлада... Словам, дзякуй, Аляксандар Рыгоравіч, за наша шчасьлівае дзяцінства. А таксама сталасьць і старасьць.

Аднак акрамя гэтай збольшага псыхалягічнай перавагі ёсьць і чыста практычна-палітычныя. Зразумела, гаворка не ідзе аб вяртаньні ельцынскіх часоў, калі лукашэнкаўскія сябры-камуністы фактычна кантралявалі Думу і яна была рэальным рычагом уплыву беларускага кіраўніка на расейскую палітыку. Няма таго, што раньш было, як пісаў клясык.

Але калі ў Думе мінулага скліканьня партыя Крамля мела канстытуцыйную большасьць і на бубненьне камуністычнай фракцыі расейскае кіраўніцтва магло проста не зьвяртаць увагі, то цяпер палітычная вага адвакатаў Лукашэнкі ўзрастае, проста ігнараваць іх можа ўжо і не атрымацца.

Варта адзначыць, што ўсе апазыцыйныя пераможцы нядзельных выбараў – і «Справедливая Россия», і ЛДПР, і КПРФ, па многіх пазыцыях бліжэй да Лукашэнкі, чым да Пуціна. Праўда, апошнім часам Жырыноўскі пры нагодзе адпускае на адрас афіцыйнага Менску даволі вострыя шпількі, але гэта выпадак, які адпавядае расейскай прымаўцы «милые бранятся – только тешатся».

У 2006 годзе Жырыноўскі ледзь не як афіцыйны прадстаўнік беларускага агітпрапу камэнтаваў у простым эфіры БТ вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Дамовяцца і цяпер, калі спатрэбіцца.

Але справа нават ня ў гэтым. Погляды новай думскай апазыцыі нават не такія ўжо і важныя, важна тое, што яна ёсьць, што яна набывае большую вагу, што ў Расеі зьяўляюцца новыя цэнтры калі не прыняцьця рашэньняў, то ўплыву на іх прыняцьце.

Гэта добра з пункту гледжаньня дэмакратыі. Але і з пункту гледжаньня замежных аўтарытарных рэжымаў, настолькі глыбока, як беларускі, уплішчаных у расейскую палітыку. Пра расейскі ўплыў на Беларусь, які асабліва ўзмацніўся апошнім часам, ня піша толькі лянівы. Аднак ён, прынамсі патэнцыйна, неаднабаковы. І чым больш на расейскім палітычным полі гульцоў і наагул прасторы, тым больш прасторы для гульні там у беларускага прэзыдэнта.

Ёсьць, зразумела, ва ўплыве расейскіх выбараў на Беларусь і іншыя аспэкты. Скажам, досьвед, пры ўсіх магчымых агаворках і ўдакладненьнях, значна большай, чым у Беларусі, дэмакратыі. Нягледзячы на ўсе «каруселі» і іншыя трукі, параўнаньні цяперашняй расейскай выбарчай сыстэмы з савецкай выглядаюць моцным перабольшаньнем – можа хто забыўся ці ня ведае, але ну не было такога ў савецкія часы, каб «кіруючая і накіроўваючая сіла савецкага грамадзтва» ледзьве нацягвала на выбарах 50%. У Расеі імітацыйная, маніпуляцыйная, але ўсё ж дэмакратыя, у Беларусі шчыры, адкрыты аўтарытарызм.

Але высновы з гэтага параўнаньня розныя людзі ў Беларусі могуць зрабіць розныя. Адны могуць натхніцца, маўляў, нават у Расеі, якая зусім ня ўзор дэмакратыі, яе ўсё ж больш, чым у Беларусі, і неяк дзіка Беларусі быць апошняй выспай старамоднага аўтарытарызму ў рэгіёне. Але іншымі, пераважна людзьмі ўлады, гэта можа быць успрынята як урок: зайграліся расейскія ўлады ў розныя маніпуляцыйныя тэхналёгіі, у партыі, у дэбаты, паспадзяваліся на непераможную моц тэлевізійнай «трубы» і атрымалі па пысе ад расейскага народу, лічы, амаль што згубілі ўладу. Як той казаў, выбары – занадта сур'ёзная справа, каб давяраць яе народу.

У прыватнасьці, хутчэй за ўсё на фоне вынікаў расейскіх думскіх выбараў пляны «Белай Русі» ператварыцца ў партыю так і застануцца плянамі: ад дабра дабра не шукаюць.

Ну а вяртаючыся да ўплыву выбараў на двухбаковыя дачыненьні, варта сказаць, што яго, зразумела, ня трэба перабольшваць. Рэальная ўлада ў Расеі застаецца ў тых, у каго і была, у сакавіку скончыцца тандэмакратыя, так што ў гэтым сэнсе вышэйшая ўлада ў РФ стане яшчэ больш маналітнай, чым была апошнія 4 гады. Так што для кіраўніка Беларусі вынікі расейскіх думскіх выбараў – гэта хіба казырная шасьцёрка, атрыманая перад даволі кепскай раздачай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG