Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Чорная абвясьціла галадоўку супраць пакараньня сьмерцю Канавалава і Кавалёва


Дзьмітры Канавалаў на судзе

Дзьмітры Канавалаў на судзе

Інвалід другой групы Сьвятлана Чорная выказала сумнеў, што суд пакараў сапраўды вінаватых людзей, і напісала адкрыты ліст кіраўніку дзяржавы.

Сьвятлана Чорная, у прыватнасьці, піша: «Наша краіна — цывілізаваная дзяржава. Аднак у ёй хочуць пакараць сьмерцю двух маладых людзей, віна якіх выклікае вялікі сумнеў немалой часткі насельніцтва маёй краіны, уключна з пацярпелымі ад тэракту... Віна іх таксама выклікае сумнеў міжнароднай грамадзкасьці. У выпадку, калі мела месца судовая памылка, гэта пляма ня будзе змытая зь імя прэзыдэнта маёй краіны...»

Цалкам зварот жанчыны на імя Аляксандра Лукашэнкі публікуе «Народная Воля».

Лукашэнка можа на штосьці пагадзіцца ў абмен таксама на штосьці
Сьвятлана Чорная распавяла Радыё Свабода, што яна ўважліва сачыла за працэсам, хадзіла на абвяшчэньне прысуду. Сама вельмі эмацыйна перажывала, калі пачула рашэньне. Вырашыла зьвярнуцца да апошняй інстанцыі — кіраўніка дзяржавы:

«Я наагул чытаю інтэрнэт пастаянна. І цытуюць яго, што, маўляў, ён ведае пра вялікую колькасьць беларусаў, якія выступаюць супраць гэтага сьмяротнага пакараньня, і пры прыняцьці рашэньня ён будзе ўлічваць гэтыя меркаваньні»

Карэспандэнтка: «У вас хоць кропля надзеі ёсьць, што дойдзе ваш ліст да прэзыдэнта, што ён прыслухаецца?»

«Калі б я нічога не зрабіла, яе дакладна не было б. Калі людзі нешта робяць, значыць, яна ёсьць. Я паспрабавала са свайго боку знайсьці нейкую кропку ўзьдзеяньня... Я думаю, што тут павінныя ўмяшацца палітыкі. У любога чалавека, у тым ліку, і ў прэзыдэнта любой краіны, ёсьць нейкія кропкі, на якія можна ўзьдзейнічаць. Тым больш, што Лукашэнка можа на штосьці пагадзіцца ў абмен таксама на штосьці. Няхай яны нешта зробяць, няхай яны яго „купяць“. Няхай яны дыпляматычна неяк на яго паўзьдзейнічаюць. Я лічу, што гэта магчыма. Таму надзея ў мяне ёсьць.

Гэтыя людзі, якіх нядаўна асудзілі, не павінныя памерці. Гэтага нельга дапусьціць. Я ня ведаю, як потым мы будзем жыць тут».

Сьвятлана Чорная распавяла, што з 30 лістапада (дня вынясеньня прысуду Канавалаву і Кавалёву) не прымае ежы, п’е толькі ваду.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG