Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Вярхоўнага суду можа апратэставаць сьмяротны прысуд


Праваабаронцы Валянцін Стэфановіч і Гары Паганяйла

Праваабаронцы Валянцін Стэфановіч і Гары Паганяйла

Як паведаміў БелаПАН кіраўнік юрыдычнай службы РГА «Беларускі Гельсынскі камітэт» (БГК) Гары Паганяйла, праваабаронцы просяць старшыню Вярхоўнага суду (ВС) Беларусі Валянціна Сукалу ўнесьці пратэст на рашэньне суду пра выключную меру пакараньня (сьмяротнае пакараньне) у дачыненьні да Зьмітра Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва.

Зварот накіраваны 5 сьнежня. Паколькі крымінальную справу пра тэракт у менскім мэтро разглядаў Вярхоўны суд, прысуд касацыйнаму абскарджаньню не падлягае, але ў старшыні ВС ёсьць права запатрабаваць справу і апратэставаць судовае рашэньне, растлумачыў Паганяйла.

«Сьмяротнае пакараньне зьяўляецца самым суровым з усіх відаў пакараньня, прадугледжаных Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь, – пішуць праваабаронцы. – Гэта бесчалавечнае пакараньне, якое замахваецца на жыцьцё чалавека. Між тым, жыцьцё чалавека зьяўляецца самым каштоўным дарункам, права на яго зьяўляецца натуральным і неадчужальным, атрыманым чалавекам з моманту яго нараджэньня. Пры разглядзе крымінальных спраў аб злачынствах, за зьдзяйсьненьне якіх прадугледжанае сьмяротнае пакараньне, асабліва важна, каб не было ні найменшага сумневу ў законнасьці і абгрунтаванасьці прынятых рашэньняў. Пры разглядзе крымінальнай справы заўсёды існуе верагоднасьць судовай памылкі».

Аўтары звароту таксама падкрэсьліваюць: «Неабходна памятаць, што прызначэньне сьмяротнага пакараньня – гэта права, а не абавязак суду. У сувязі з гэтым суды, прытрымліваючыся прынцыпу гуманнасьці, могуць ужываць іншыя віды пакараньня. Так, у якасьці выключнай меры пакараньня як альтэрнатыва сьмяротнага пакараньня дапускаецца ўжываньне пажыцьцёвага зьняволеньня».

1 сьнежня маці Кавалёва зьвярнулася да кіраўніка дзяржавы з прашэньнем аб памілаваньні свайго сына.

2 сьнежня Аляксандар Лукашэнка, адказваючы на пытаньні журналістаў у Берасьцейскай вобласьці, заявіў, што рашэньне пра магчымае памілаваньне Канавалава і Кавалёва прыме ў бліжэйшы час.
XS
SM
MD
LG