Лінкі ўнівэрсальнага доступу

19 сьнежня «Малады фронт» заклікае выйсьці на праспэкт Незалежнасьці са зьнічамі


19 сьнежня 2011, ілюстрацыйнае фота
19 сьнежня 2011, ілюстрацыйнае фота
Мікалай Статкевіч заклікае правесьці акцыі салідарнасьці ў гадавіну разгону Плошчы. Жонка польскага прэзыдэнта падтрымала Андрэя Саньнікава. Лідэра «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч вітае адзначэньне калегамі гадавінаў Слуцкага паўстаньня.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч даслаў са Шклоўскай калёніі артыкул, які быў зьмешчаны на сайце statkevich.org. Палітык піша пра няздольнасьць кіроўнага рэжыму ў Беларусі адолець эканамічны і палітычны крызыс, які вядзе, на яго думку, да страты незалежнасьці і рэзкага падзеньня ўзроўню жыцьця грамадзянаў Беларусі. «З фазы псэўдаразьвіцьця рэжым перайшоў да фазы назапашваньня пазык і продажу найбольш ліквідных актываў дзеля свайго захаваньня на нейкі дадатковы час», — піша Мікалай Статкевіч у артыкуле «Каб выйсьці з тупіка» і прапануе стварыць шырокі Рух, «здольны пераламаць сытуацыю ў бок дэмакратыі». Грунтам гэтага Руху, на думку Статкевіча, можа стаць ініцыятыва «За свабодныя выбары», за якую галасавалі ўдзельнікі мітынгу 19 сьнежня 2010 году на Кастрычніцкай плошчы. Мікалай Статкевіч прапануе адзначыць гадавіну тых падзей прыходам аб 18 гадзіне да цэркваў і касьцёлаў са зьнічкамі. Аб 22 гадзіне, калі пачаўся разгон мітынгу на плошчы Незалежнасьці, палітык заклікае запаліць зьнічкі ў кватэрах дамоў.

Ганна Камароўская
Ганна Камароўская
Жонка прэзыдэнта Польшчы Браніслава Камароўскага Ганна Камароўская даслала ліст жонцы былога кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава Ірыне Халіп. Аўтар ліста згадвае падзеі ў Польшчы ў часы ваеннага становішча, калі сем’і польскіх змагароў за свабоду і дэмакратыю таксама зьведалі арышты сваіх родных.

Ірына Халіп зачытала вытрымку зь ліста Ганны Камароўскай. «Мы ў Польшчы не прымаем такія дзеяньні рэжыму, як пазбаўленьне волі ў якасьці інструмэнту палітычнай барацьбы. Мы ведаем пра лёс Андрэя Саньнікава, як і ўсіх іншых арыштаваных 19 сьнежня 2010 году. Прадстаўнікі польскіх уладаў, грамадзкія дзеячы і арганізацыі асуджаюць дзеяньні беларускіх уладаў, якія парушаюць базавыя правы і свабоды, і патрабуюць вызваленьня палітычных апанэнтаў Лукашэнкі».

Андрэя Саньнікава цяпер трымаюць ў Віцебскай калёніі «Віцьба-3». Больш за тыдзень Ірына Халіп не атрымлівала адтуль лістоў ад мужа.

Лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча па-ранейшаму трымаюць у адзіночцы Глыбоцкай турмы. Апошні ліст ад Дашкевіча ягоная нявеста Наста Палажанка атрымала 3 сьнежня.

«Ён ведае пра маладафронтаскую прысягу, вельмі гэтым усьцешаны. Напісаў, што сам бы там пабываў, калі б быў на волі. Яшчэ напісаў, што за адзін дзень яму прынесьлі адразу 5 маіх лістоў» — заявіла Палажанка.

Прысягу, пра якую згадала Наста Палажанка, актывісты «Маладога фронту» прымалі 27 лістападу ў Слуцку, на прыступках краязнаўчага музэя, пасьля мітынгу ў гонар Слуцкага збройнага чыну.

19 сьнежня, калі будзе адзначацца гадавіна Плошчы, актывісты «Маладога фронту» заклікаюць яе ўдзельнікаў і грамадзянаў выйсьці са зьнічкамі на праспэкт Незалежнасьці, каб выстаўляць запаленыя зьнічкі ўздоўж праезнай часткі.

«Трэба падтрымаць людзей, якія дагэтуль ў вязьніцах, ды прадэманстраваць, што тое, што адбываецца ў краіне не абыякава для людзей», — гаворыць Наста Палажанка.

Калегі і сваякі зьбіраюць Алесю Бяляцкаму перадачу зь цёплых рэчаў, неабходных зімою.

«Зьвестак ад Бяляцкага з Жодзінскага сьледчага ізалятара, куды яго перавялі на мінулым тыдні з „Валадаркі“, пакуль няма. Магчыма, неўзабаве да яго паедзе адвакат. І яшчэ рыхтуем перадачу, каб яму адвезьці», — паведаміў Уладзімер Лабковіч.

Паводле праваабаронцы, папярэдняя скарга на прысуд Бяляцкаму адвакатам ужо пададзеная, зараз рыхтуецца асноўная скарга.

Кіраўнік праваабарочага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі быў асуджаны на 4,5 гады зьняволеньня паводле артыкулу аб нясплаце падаткаў. Сваёй віны Бяляцкі не прызнаў. Аляксандр Лукашэнка назваў прысуд праваабаронцу «мяккім».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG