Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргея Каваленку вінавацяць паводле фота і відэа з інтэрнэту


Сяргей Каваленка
Сяргей Каваленка
На віцебскага актывіста, сябра КХП БНФ Сяргея Каваленку склалі адміністрацыйны пратакол пасьля зьяўленьня ў інтэрнэце матэрыялаў пра ўсталяваньне бел-чырвона-белага сьцяга на даху крамы «5 элемэнт». Міліцыянты сьцьвярджаюць, што на фота і відэа можна пазнаць Сяргея Каваленку, і вінавацяць яго за парушэньне заканадаўства пра правядзеньне вулічных акцый. Па гэтым факце ў Кастрычніцкім райсудзе распачаўся суд.

Бел-чырвона-белы сьцяг зьявіўся на даху крамы «5 элемэнт» на вуліцы Церашковай яшчэ 27 лістапада. У той самы дзень фотаздымкі са сьцягам зьявіліся на розных інтэрнэт-сайтах. А 2 сьнежня, калі зьявіліся яшчэ два сьцягі, — на будынку Віцебскага тэхналягічнага ўнівэрсытэту і жылым шматпавярховіку па другі баку Маскоўскага праспэкту — супрацоўнікі інспэкцыі па выкананьні пакараньняў зьявіліся дахаты да Сяргея Каваленкі.

Зь імі разам давялося ехаць у Кастрычніцкі райадзьдзел міліцыі, гаворыць актывіст:

«Прыехала інспэкцыя, я даваў там тлумачэньні, ці я гэта рабіў. Я сказаў, што не рабіў і нічога ня ведаю. Тады прыехалі два супрацоўнікі з Кастрычніцкага РАУС, сказалі, што ў іх ёсьць матэрыялы, каб скласьці на мяне пратакол. Павезьлі ў пастарунак, дзе паказалі фота, якія былі ў інтэрнэце. Сказалі, што ў іх яшчэ й відэа ёсьць».

5 сьнежня ў Кастрычніцкім судзе распачаўся суд за сьцягі. Судзьдзя Іна Грабоўская перанесла працэс на 13 сьнежня, бо міліцэйскі пратакол складзены з памылкамі: спадара Каваленку вінавацяць за парушэньне заканадаўства пра вулічныя акцыі, аднак міліцыянты забыліся ўказаць, што гэткае правапарушэньне зьдзяйсьняецца паўторна.

У судзе высьветлілася, што доказы міліцыянтаў — гэта фотаздымкі сьцягоў на незалежных сайтах, а таксама відэа, што зьявілася ў інтэрнэце. Гэта відэакліп пад песьню «Ляпіса Трубяцкога» «Грай», дзе відаць, як выступаюць музыкі, і як нехта ўсталёўвае сьцягі на дахах гандлёвага цэнтру «Эўропа» і «5 элемэнт».



Сяргей Каваленка не зьбіраецца прызнаваць, што на відэа — менавіта ён:

«Калі на відэа мяне можна пазнаць — дык няхай пазнаюць. Я нічога прызнаваць ня буду, бо гэта будзе глупствам — пазнаваць, што менавіта я гэта зрабіў. Гэта значыць, даць падставы міліцыянтам, каб мяне „зачыніць“. Там немагчыма сказаць, хто гэта зрабіў. Але, думаю, што малайчына чалавек, які гэта зрабіў! Нам патрэбная зараз „партызанская вайна“ з дапамогай нашых бел-чырвона-белых сьцягоў!»

Пакуль у міліцыі няма наўпростых доказаў вінаватасьці Сяргея Каваленкі, але супраць актывіста ўжо спрабуюць увесьці абмежаваньні асабістае свабоды. 24 лістапада ў інспэкцыі па выкананьні пакараньняў ён даведаўся, што яму зьмяняюць рэжым адбываньня ўмоўнага пакараньня, прысуджанага за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на навагодняй ёлцы 7 студзеня 2010 году. Актывісту прысуджана «хатняя хімія», і цяпер ён мусіць пасьля 19.30 знаходзіцца дома, тады як раней «кантрольным часам» была 21-ая гадзіна. Сяргей Каваленка заявіў, што такія зьмены беспадстаўныя, і адмовіўся падпісаць афіцыйнае папярэджаньне. Тады яго завезьлі ў Першамайскі РАУС і склалі пратакол «за лаянку матам».

У Першамайскім райсудзе мусіў разьбірацца гэты інцыдэнт, але не зьявіўся перакладчык, запатрабаваны падсудным. І працэс над Сяргеем Каваленкам, абвінавачаным яшчэ й у дробным хуліганстве, перанесьлі на 9 сьнежня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG