Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марк Урноў: Кіраўніцтва Расеі рухаецца па "беларускім вэктары"


Паводле аднаго з выбарчых графікаў, прагаласавала больш за 100% выбарцаў

Паводле аднаго з выбарчых графікаў, прагаласавала больш за 100% выбарцаў

У часе нядзельных выбараў у Дзяржаўную думу Расеі вялікая частка выбарцаў галасавала супраць кіроўнай партыі «Адзіная Расея», у выніку тая страціла канстытуцыйную большасьць. Апазыцыя заявіла пра вялікую колькасьць парушэньняў і выкарыстаньне ўладай адміністратыўнага рэсурсу.

Пасьля апрацоўкі 95.71 % пратаколаў выбарчых камісій «Адзіная Расея» набірае 49,54% галасоў выбаршчыкаў, паведамляе Цэнтрвыбаркам Расеі.

У КПРФ — 19,16%, у «Справядлівай Расеі» — 13,22%, у ЛДПР — 11,66%. Тры іншыя партыі не праходзяць у парлямэнт: за «Яблоко» прагаласавалі 3,3% выбаршчыкаў, за «Патрыётаў Расеі» — 0,97%, за «Правое дело» — 0,59%.

Расейскі інтэрнэт перапоўнены сьведчаньнямі пра парушэньні і выкарыстаньне адміністратыўнага рэсурсу пад час выбараў 4 сьнежня.



З заявамі на гэты конт выступілі лідэры апазыцыйных партыяў. Аднак канчатковы вынік выбараў стаўся на дзіва блізкім да прагнозу аўтарытэтнага «Левада-цэнтру» ад 11 лістапада. На думку маскоўскага палітоляга Марка Ўрнова, гэта значыць, што масавыя парушэньні, якія былі зафіксаваныя, не змаглі істотным чынам сказіць выбар грамадзтва:


Марк Урноў

Марк Урноў

«Гэта не азначае, што выбары былі чыстыя, але азначае, што ўсе гэтыя „каруселі“, падлогі, укідваньні, дзіўныя лічбы на Паўночным Каўказе, яны агульную карціну ня моцна зьмянілі».

«Адзіная Расея» атрымлівае простую большасьць, але ў цяперашняй сытуацыі істотна вялікае скарачэньне яе выніку ў параўнаньні зь мінулымі выбарамі, мяркуе Марк Урноў:

«А па-другое, важна, што гэта адбылося нягледзячы на ўтварэньне Народнага фронту, намаганьні Пуціна і Мядзьведзева, каб падтрымаць гэтую партыю. Нічога не дапамагло, таму што гэта адбывалася на фоне вельмі рэзкага падзеньня папулярнасьці самога Пуціна, і Мядзьведзева таксама».

Такім чынам «фактар Пуціна» перастаў працаваць і пэрспэктыва прэзыдэнцкіх выбараў для яго не зьяўляецца такой бліскучай, сьведчаньнем чаму і нэрвовая рэакцыя расейскіх уладаў на пратэсты на вуліцах і ў інтэрнэце.

«Але ў любым выпадку становіцца зразумела, што цяперашні рэжым прайшоў пік сваёй падтрымкі і цяпер актыўна коціцца ў аслабленьне».

Нягледзячы на гэта Марк Урноў мяркуе, што прыслухацца да голасу тых, хто галасаваў з пратэсту, дзейная расейская ўлада не захоча, мяняцца, праводзіць рэформы Пуцін ня будзе, хутчэй будзе рух у супрацьлеглым кірунку — уціск апазыцыі і імкненьне пагасіць любыя ўспышкі пратэсту, карацей, будзе рухацца па «беларускім кірунку», хоць у адрозьненьне ад Беларусі, на гэтых выбарах у Расеі галасы лічылі. Марк Урноў:

калі да галоўных выбараў дойдзе, тады паглядзім, наколькі мы ад беларусаў адрозьніваемся ...

«А што будзе з галасамі на выбарах прэзыдэнта, гэта мы яшчэ паглядзім. Таму што, у рэшце рэшт, у нашых умовах думскія выбары — гэта не невядома што, тут галасы і палічыць можна, а вось калі да галоўных выбараў дойдзе, тады паглядзім, наколькі мы ад беларусаў адрозьніваемся».

Беларускі палітоляг Аляксей Кароль расейскія выбары назваў у пэўнай ступені дэмакратычнымі і непрадказальнымі:

Аляксей Кароль

Аляксей Кароль

«Таму што па ўсіх парамэтрах кампаніі, якую вялі кіроўныя колы праз сваю партыю і праз адміністрацыйны рэсурс, яны разьлічвалі на канстытуцыйную большасьць, а гэтага не атрымалася. Другая выснова ў тым, што тыя галасы, якія атрымала КПРФ і іншыя апазыцыйныя партыі, — гэта хутчэй за ўсё пратэставае галасаваньне супраць панаваньня кіроўнай партыі і расчараваньне ў палітыцы Мядзьведзева. А па-трэцяе, сыстэма правядзеньня выбарчай кампаніі і падліку галасоў яшчэ не дасягнула беларускай кіруемасьці».

Аляксей Кароль прагназуе, што да арганізацыі наступных прэзыдэнцкіх выбараў расейская ўлада паставіцца больш жорстка, ідучы ў так званым «беларускім кірунку», у выніку Пуцін можа быць абраны прэзыдэнтам, але яму давядзецца лічыцца з ростам пратэставых настрояў. Збліжэньне маскоўскага і менскага рэжымаў будзе працягвацца, мяркуе спадар Кароль, але за кошт палітычнага падпарадкаваньня Беларусі ўзамен за эканамічныя прэфэрэнцыі.
XS
SM
MD
LG