Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адзіная Расея» губляе канстытуцыйную большасьць у Дзярждуме


Пасьля апрацоўкі 95.71 % пратаколаў выбарчых камісій «Адзіная Расея» набірае 49,54% галасоў выбаршчыкаў, паведамляе інфармацыйны цэнтар Цэнтрвыбаркаму Расеі.

У КПРФ — 19,16%, у «Справядлівай Расеі» — 13,22%, у ЛДПР — 11,66%. Тры іншыя партыі не праходзяць у парлямэнт: за «Яблоко» прагаласавалі 3,3% выбаршчыкаў, за «Патрыётаў Расеі» — 0,97%, за «Правое дело» — 0,59%.

5 сьнежня раніцай Цэнтрвыбаркам апублікаваў інфармацыю пра тое, на якую колькасьць дэпутацкіх мандатаў можа разьлічваць кожная з партый, якія прайшлі ў расейскую Думу. «Адзіная Расія» атрымлівае 238 месцаў (у Думе пятага скліканьня мела 315), камуністы павялічваюць прадстаўніцтва з 57 да 92 дэпутатаў, «Справядлівая Расея» — з 38 да 64, ЛДПР — з 40 да 56-ці.

Паводле афіцыйных заяваў прадстаўнікоў «Адзінай Расеі» яны задаволеныя вынікамі галасаваньня, адрыў ад сапернікаў «даволі вялікі». Аднак у партыі ўжо кажуць пра тое, што пасаду сьпікера замест Барыса Грызлова, хутчэй за ўсё, зойме іншы чалавек. Паводле інфармацыі радыё «Эхо Москвы», ім можа стаць цяперашні віцэ-прэм’ер расейскага ўраду Вячаслаў Валодзін.

Разам з Грызловым можа адысьці ў нябыт і яго знакамітая фраза «Парлямэнт — ня месца для дыскусій». Сакратар генсавету «Адзінай Расеі» Сяргей Нявераў заявіў, што ў Дзярждуме новага скліканьня будзе весьціся «сур’ёзная дыскусія». «Інтэрфакс» прыводзіць яго словы, што Дзярждума «будзе ўяўляць сабой новы, зусім іншы парлямэнт, і праца ў ім будзе будавацца па-іншаму».

Нявераў таксама адзначыў, што ў сьпісах «Адзінай Расеі» шмат беспартыйных, якія прыйдуць у парлямэнт, а ў іх — «сваё ўяўленьне аб якасьці жыцьця, сваё ўяўленьне аб той працы, якую яны робяць і якую будуць рабіць». Тым часам прэзыдэнт Расеі і лідэр перадвыбарчага сьпісу адзінаросаў Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў, выступаючы ў выбарчым штабе партыі, што «Адзінай Расеі» давядзецца ўступаць у кааліцыйныя дамовы з партнэрамі па Думе.

Супернікі адзінаросаў заяўляюць аб шматлікіх парушэньнях, дапушчаных у ходзе галасаваньня. Аб гэтым, у прыватнасьці, кажа лідэр КПРФ Генадзь Зюганаў. Зрэшты, ён ня выключыў удзелу камуністаў у кааліцыйным урадзе, калі такая прапанова будзе зроблена.

Прадстаўнікі так званай несыстэмнай апазыцыі бачаць у выніках выбараў сыгнал цяперашняй улады аб тым, што яе час сыходзіць. Як заявіў сустаршыня незарэгістраванай «Партыі народнай свабоды» Барыс Нямцоў, прэм’ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін і «Адзіная Расея» пацярпелі поўную паразу на выбарах. Ён адзначыў, што грамадзяне Расеі не павераць вынікам выбараў, калі яны будуць абвешчаныя ЦВК, і ня будуць лічыць парлямэнт законна абраным. Нямцоў заявіў, што Ўладзімер Пуцін павінен прызнаць сваю паразу і арганізаваць сумленныя прэзыдэнцкія выбары.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG