Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два суды Сяргея Каваленкі


Сьцяг над крамай “5 элемэнт”, Віцебск

Сьцяг над крамай “5 элемэнт”, Віцебск

5 сьнежня віцебскага сябра КХП БНФ будуць судзіць двойчы. У Першамайскім райсудзе — «за нецэнзурную лаянку» паводле абвінавачаньня супрацоўнікаў міліцыі. І ў Кастрычніцкім райсудзе — за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на краме «5 элемэнт».

Што да суду за нецэнзурную лаянку, то гэта працяг працэсу, распачатага ў Першамайскім райсудзе яшчэ 25 лістапада. Адміністрацыйны пратакол на Сяргея Каваленку склалі за тое, што ён нібыта абражаў супрацоўнікаў інспэкцыі па выкананьні пакараньняў, калі яму прапанавалі падпісаць дакумэнт пра зьмену рэжыму.

Сяргей Каваленка адбывае тэрмін умоўнага пакараньня за тое, што вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на гарадзкой навагодняй ёлцы 7 студзеня 2010 году. Кожны чацьвер ён мусіць адзначацца ў інспэкцыі.
24 лістапада яму паведамілі, што ягоны распарадак будзе больш жорсткі:: раней ён мусіў знаходзіцца ў хаце з 21-й гадзіны, а цяпер — не пазьней як у 19.30. Каваленка заявіў, што такія зьмены беспадстаўныя, і адмовіўся падпісаць афіцыйнае папярэджаньне.

Пасьля ночы праведзенай ў ізалятары часовага ўтрыманьня Сяргей Каваленка хадайнічаў, каб яму далі час знайсьці адваката. І суд перанесьлі на 5 сьнежня.

Падставай для другога судовага разбору стала зьяўленьне ў Віцебску бел-чырвона-белых сьцягоў. 27 лістапада два сьцягі зьявіліся на дахах гандлёвага цэнтру «Эўропа» і крамы «5 элемэнт», а 2 сьнежня — на жылым шматпавярховіку па Маскоўскім праспэкце і на даху аднаго з карпусоў тэхналягічнага ўнівэрсітэту.

«2-га сьнежня да мяне ў кватэру зьявіліся супрацоўнікі міліцыі ды завезьлі ў Кастрычніцкі РАУС. Апытвалі, ці ведаю я нешта пра сьцяг на ВТУ. Таксама заявілі, што ў іх ёсьць доказы, што на краме „5 элемэнт“ сьцяг вывесіў менавіта я — нібыта яны маюць відэазапіс, дзе гэта зафіксавана. За гэта і будуць судзіць у Кастрычніцкім райсудзе апоўдні 5 сьнежня», — апавёў Сяргей Каваленка.

Сьцяг на даху дома 39 па Маскоўскім праспэкце, Віцебск

Сьцяг на даху дома 39 па Маскоўскім праспэкце, Віцебск


Сьцяг на будынку ВТУ, Віцебск

Сьцяг на будынку ВТУ, Віцебск

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG