Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ажубаліс: Візыт Клінтан у Літву натхніць дэмакратаў на Ўсходзе


Гілары Клінтан

Гілары Клінтан

6-7 сьнежня ў Літву прыедзе дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан, якая павінна выказаць падтрымку дэмакратычным сілам постсавецкіх краін на ўсход ад Літвы, заявіў міністар замежных справаў Літвы Аўдронюс Ажубаліс.

У Літве Клінтан павінна ўзяць удзел у сустрэчы міністраў краін АБСЭ. Сустрэча пройдзе ў Вільні, бо Літва сёлета старшынюе ў АБСЭ.

«Яна прыяжджае як госьць мерапрыемства, але гэта выдатнае месца, каб адчуць моцны сыгнал у падтрымку дэмакратычных тэндэнцый, дэмакратычных лідэраў і арганізацыяў на паўднёвым усходзе і ўсходзе ад Літвы, для ўсходняй прасторы», – сказаў Ажубаліс у інтэрвію BNS.

«Гэта надасьць сьмеласьці дэмакратычным сілам», – дадаў ён.

Са словаў міністра, у Вільні чакаюць ня толькі афіцыйных прадстаўнікоў з такіх краін, як Беларусь і Расея, але і прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый і праваабаронцаў. У Літве Клінтан таксама павінна сустрэцца з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі.

«Я чула, што гэта плянавалася. Аб гэтым ішла гаворка, калі я была ў Дзярждэпартамэнце ЗША», – сказала BNS рэдактарка беларускага партала Хартыя'97 Натальля Радзіна, якая атрымала палітычны прытулак у Літве.

Паводле словаў Ажубаліса, другі візыт Клінтан у Літву за апошнія паўгода «сьведчыць, што ЗША не сыходзяць з гэтага рэгіёну».

6-7 сьнежня на сэсію рады АБСЭ павінны зьехацца больш за 40 міністраў, у іх ліку міністры Нямеччыны і Расеі. У Вільню таксама павінна прыехаць і вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG