Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі жывуць сьмяротнікі пасьля прысуду?


Тэмы выпуску:

Рэакцыя на сьмяротны вырак Канавалаву і Кавалёву з волі і турмаў

Як зьдзяйсьняюць сьмяротны прысуд у ЗША

У якой яшчэ краіне сядзельца караюць ежай?


пачакайце

No media source currently available

0:00 0:12:04 0:00
Наўпроставы лінк


пачакайце

No media source currently available

0:00 0:12:24 0:00
Наўпроставы лінк


ЗВАРОТНАЯ СУВЯЗЬ


Сьмяротны вырак К-К: рэакцыя з волі і турмаў

Рэакцыя на сьмяротны вырак асуджаным за тэракт у менскім мэтро Зьмітру Канавалаву і Ўладзіславу Кавалёву ў гэтыя дні паступае на «Свабоду» як з волі, так і зь няволі. У нашай праграме мы пазнаёмім вас з выказваньнямі колішніх і цяперашніх вязьняў беларускіх калёніяў, меркаваньнямі палітвязьня ды былога кіраўніка «Валадаркі» і расстрэльнай каманды, допісамі пацярпелай ад тэракту 11 красавіка і іншых, каго не пакінуў абыякавым гучны працэс у менскім Палацы правасудзьдзя.

Жонка асуджанага з Бабруйскай калёніі Ірына напісала да нас у праграму, што ў ПК-2 ужо некалькі дзён запар абмяркоўваюць судовы вырак тэрарыстам:

«Многія з асуджаных кажуць, што пацаноў проста падставілі паказальна для застрашэньня тых, хто спрабуе адкрываць рот».

Генадзь, сядзелец Аршанскай ПК-8:

«Тэракт, як правіла, мае пад сабой нейкую аснову. Або рэлігійную ці нейкую іншую ідэалёгію, або гэта чыясьці гульня ў мэтах адцягненьня ўвагі ад важных праблем. У астатніх выпадках – гэта псыхічнае захворваньне. Рэакцыя такая, што абвінавачваньне прыцягнутае, а самі асуджаныя на сьмерць, хутчэй за ўсё, – пешкі».

Былы асуджаны Зьміцер Каляда, які раней у нашых праграмах расказваў, як сядзеў на Валадарцы побач з камэрай сьмяротнікаў, параўноўвае працэс з рэжысаваным спэктаклем і мяркуе, што ён будзе мець працяг.

Зьміцер Каляда
Зьміцер Каляда
«Мне падаецца, што наперадзе нас чакае другі акт гэтага спэктаклю са сьмяротнай карай. Чамусьці ёсьць такая ўпэўненасьць, што гэта не канец. Наперадзе ў Менску цяжкія перамовы, а дакладней – торг з Захадам аб мараторыі, а потым і аб адмене сьмяротнага пакараньня. Само сабой, калі асуджаныя ня ёсьць небясьпечнымі для рэжысэра, то ім могуць і замяніць расстрэл на пажыцьцёвае. У зваротным выпадку іх шлёпнуць, і, як кажуць, канцы ў ваду. Няма чалавека – няма праблемы».

Удзельнік нашых ранейшых праграмаў Алег Алкаеў, былы начальнік «Валадаркі», дзе ў свой час сядзеў і Зьміцер Каляда, мае іншы прагноз. Ён упэўнены, што Лукашэнка не памілуе асуджаных, а сам прысуд могуць прывесьці ў выкананьне параўнальна хутка.

Алег Алкаеў
Алег Алкаеў
«Я думаю, што ён іх не памілуе. Наколькі хутка прывядуць... З практыкі ведаю, што гэта можа быць і паўгода. Можа, у гэтым выпадку і хутчэй. Мне вельмі шкада іх блізкіх, сваякоў, але ўсё ж быў шанец абараніцца, аргумэнтавана, а не гаварыць там пра нейкі ціск».

Насуперак распаўсюджаным у грамадзтве меркаваньням Алег Алкаеў ня ўгледзеў у прысудзе неправамоцнасьці і ня лічыць, што віна асуджаных не даказаная.

Вікторыя, юрыст паводле адукацыі, штодня прысутнічала ў судовай залі Палаца правасудзьдзя, дзе разглядалася справа Канавалава і Кавалёва. Яна напісала, што доказы дзяржаўнага абвінавачваньня яе ніколькі не пераканалі.

«Асабіста я не прадстаўнік так званай «пятай калёны», да палітычных партыяў не належу, акцыяў пратэсту не раблю, а таму падставаў для недаверу сьледзтву, суду, а тым больш пракуратуры ў мяне не ўзьнікала. Я прыйшла ў суд, каб пераканацца, што будуць пакараныя вінаватыя, але з кожным днём судовага сьледзтва пераконвалася ў адваротным».

Асуджаны ПК-5 у Івацэвічах, палітвязень Мікалай Аўтуховіч кажа, што ад самога пачатку суду быў упэўнены ў расстрэльным варыянце:

Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч
​«Самае паказальнае, што судзьдзя на працэсе – Федарцоў, а пракурор – Стук. Гэта так званыя «дзяжурныя громаадводы». За час майго ўтрыманьня за кратамі я ані разу ня чуў, каб Федарцоў напісаў пратэст. Ва ўсіх сваіх справах ён піша адмовы. Тое ж самае і па Стуку».

Наведніца сайту, якая падпісалася нікам «Пацярпелая», назвала тэракт 11 красавіка «самай гучнай і рэзананснай справай у Беларусі за апошнія гады». Яна адзначыла, што «ў выпадку ж вынясеньня сьмяротнага прысуду НЯМА ПРАВА НА ПАМЫЛКУ. У справядлівасьць жа гэтага суду могуць верыць толькі замбаваныя БТ людзі».

Як паказала апытаньне, якое наш карэспандэнт правёў на вуліцах Магілёва, большасьць мінакоў лічаць, што тэракт заслугоўвае самага жорсткага пакараньня, у тым ліку сьмерці, аднак сумняюцца, ці тых наагул людзей асудзілі.

Турмы іншых краін

1 сьнежня Сэйм Латвіі прыняў у трэцім і канчатковым чытаньні папраўкі да шэрагу законаў, згодна зь якімі ў краіне адмяняецца сьмяротнае пакараньне.

Фактычна сьмяротнае пакараньне ў гэтай краіне перасталі ўжываць ад 1996 году, калі на яго быў накладзены мараторый. Аднак увесь гэты час Крымінальны закон краіны прадугледжваў магчымасьць такога пакараньня.

На сёньня ад сьмяротнай кары ў сваіх юрыдычных практыках адмовілася бальшыня, а менавіта 130 краін сьвету, у тым ліку ўсе дзяржавы-сябры ЭЗ. Сярод 68 краін сьвету, якія захавалі і працягваюць ужываць гэты спосаб пакараньня – Беларусь. У гэтай адзінай на эўрапейскім кантынэнце дзяржаве асуджаных расстрэльваюць ва ўмовах надзвычайнай сакрэтнасьці. У Іране асуджаных вешаюць альбо забіваюць камянямі публічна. У сьпісе дзяржаў, дзе выносяцца і выконваюцца сьмяротныя прысуды, ёсьць і ЗША, дэмакратычная разьвітая краіна. Пра сьмяротнае пакараньне ў Злучаных Штатах — Тацяна Поклад.

У ЗША сьмяротнае пакараньне практыкуецца не ва ўсіх штатах, так што не зусім дакладна цьвердзіць, што ЗША ўжываюць сьмяротную кару, як Беларусь.

Існуе Інфармацыйны цэнтар сьмяротнага пакараньня. Там можна знайсьці, сярод іншага, калі і якія штаты адмовіліся ад гэтай кары.

Некаторыя амэрыканскія штаты ня маюць сьмяротнага пакараньня ад сярэдзіны 19-га стагодзьдзя. Напрыклад, Мічыган – з 1846 году, а Вісконсін – з 1853 году.

Колькасьць штатаў, вольных ад сьмяротнага пакараньня, расьце. Калі я рыхтавалася да гэтай перадачы, якраз у навінах ішло экстранае паведамленьне: губэрнатар штату Арэгон Джон Кітцхэбэр (John Kitzhaber) абвясьціў мараторый на выкананьне ўсіх сьмяротных прысудаў, у тым ліку і на прызначанае на 6 сьнежня сьмяротнае пакараньне асуджанага Гары Хогэна (Gary Haugen).

Адкрыта і для СМІ

Цягам 2011 году ў ЗША пакаралі сьмерцю 42 асуджаных.

У ЗША ўсё, зьвязанае са сьмяротным пакараньнем, робіцца ва ўмовах поўнай празрыстасьці, адкрыта для грамадзкасьці і праваабаронцаў – у адрозьненьне ад Беларусі, дзе ўсё вакол сьмяротнай кары схаванае як дзяржаўная таямніца, так што сваякам не паведамляюць нават час сьмерці і не выдаюць цела.

Каб сваякам дазволілі прысутнічаць пры выкананьні сьмяротнага пакараньня, быць разам з асуджаным да апошняга моманту, як гэта робіцца ў ЗША – у Беларусі гэта немагчыма нават і ўявіць. А ў ЗША могуць прысутнічаць і сваякі асуджанага, і яго ахвяраў, і журналісты.

Колькі жывуць сьмяротнікі пасьля прысуду?

Адказ на гэтае пытаньне залежыць ад краіны. У дэмакратычных дзяржавах сьмяротнай кары заўсёды папярэднічае доўгі судовы разбор на розных узроўнях, падаюцца апэляцыі. Паміж абвяшчэньнем прысуду і яго выкананьнем нярэдка прамінаюць гады, а то і дзясяткі гадоў.

Тры гады таму заходнія СМІ пісалі пра апошнія хвіліны вязьня, амэрыканца Джэка Олдэрмана (Jack Alderman), які 33 гады змагаўся са сьмяротным прысудам і выклікаў спачуваньне ў заходніх журналістаў, якія выступалі супраць сьмяротнай кары.

Гэтая гісторыя здабыла гучны рэзананс з прычыны актыўнасьці эўрапейскіх юрыстаў, якія пратэставалі супраць сьмерці як спосабу пакараньня. Адна зь лёнданскіх юрыдычных фірмаў абараняла інтарэсы асуджанага бясплатна.

Больш як 33 гады ў камэры сьмяротніка – гэта своеасаблівы рэкорд. У штаце Джорджыя ў ЗША Джэк Олдэрман ва ўзросьце 24-х гадоў быў прызнаны вінаватым у забойстве сваёй жонкі і асуджаны на сьмерць у 1975 годзе. Яго пакаралі ў верасьні 2008 году, ва ўзросьце 57-мі гадоў.

Джэку Олдэрману зрабілі сьмяротную ін'екцыю – апошнім часам сьмяротныя прысуды ў ЗША выконваюцца пераважна гэтым спосабам. Хаця ў шасьці амэрыканскіх штатах асуджаны ў якасьці віду пакараньня сьмерцю можа выбраць і электрычнае крэсла. Апошні раз электрычнае крэсла ўжывалася у ЗША ў сакавіку летась у штаце Вірджынія, калі пакаралі сьмерцю асуджанага забойцу-расіста, які забіў дзяўчыну, а таксама згвалціў ды спрабаваў забіць яе сястру.

Нельга, каб балела

«У ЗША ўвесь час шукаюць больш гуманныя мэтады пакараньня сьмерцю. Так перайшлі ад электрычнага крэсла да ін'екцыяў. Але за гэтым стаіць навука, і выканаўцы, супрацоўнікі пэнітэнцыярных установаў, могуць гэтага ня ведаць.

Справа ў тым, што выкарыстоўваецца для сьмяротных ін'екцыяў.

У адных штатах – гэта сумесь з трох прэпаратаў, у іншых – толькі адзін. Да прыкладу, у Агаё выкарыстоўваюць адзінкавую ін'екцыю пэнтабарбіталу. Але сутнасьць у тым, што гэтыя рэчывы не ствараліся для такіх мэтаў. Мы ня ведаем, як яны дзейнічаюць у такіх выпадках. А пасьля ўвядзеньня пачынаецца паралюш, і асуджаны ня можа сказаць, што ён адчувае. Таму мы ня можам ведаць, гуманны гэта спосаб ці не».

Так акрэсьліў нядаўна праблему Рычард Дытэр (Richard Dieter), выканаўчы дырэктар Інфармацыйнага цэнтру сьмяротнага пакараньня з Вашынгтону ў інтэрвію ў жывым эфіры для TV RT.

Цяпер у ЗША ўжываюцца чатыры розныя спосабы сьмярoтных ін'екцыяў. Два зь іх – гэта тры ін'екцыі адна за адной. Яшчэ два спосабы – адна ін'екцыя сьмяротнай дозы анэстэтыку (абязбольвальнага сродку). Падрабязна пра гэта.

Разам са сваякамі

Пакараньне сьмерцю адбываецца ў прысутнасьці сваякоў асуджанага. За экзэкуцыяй могуць назіраць з адмысловых памяшканьняў прадстаўнікі ўраду, СМІ, сваякі асуджаных і сваякі ахвяраў. Праваабаронцы заклапочаныя тым, каб працэдура не выклікала пакутаў, не была балючай.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» фіксуе парушэньні ў часе выкананьня сьмяротных прысудаў і скаргі сваякоў асуджаных. Адносна сьмяротных ін'екцыяў былі скаргі на тое, што яны могуць выклікаць цяжкія пакуты, а ня хуткую сьмерць.

BBC распавядала, што за пэрыяд з 2000-га па 2007-мы год выкананьне сьмяротных прысудаў у ЗША ў дзевяці выпадках было пакутлівым для асуджаных: судовыя выканаўцы не маглі знайсьці вены для пасьпяховай ін'екцыі, у асуджаных была агонія, якая працягвалася часам больш як гадзіну.

Для выкананьня ін'екцыяў існуюць адмысловыя апараты, але часам ін'екцыі робяць судовыя выканаўцы. Іх ня бачаць ні асуджаныя, ні сьведкі экзэкуцыі. Але асуджаны і сьведкі маюць магчымасьць бачыць адны адных. Пасьля сьмерці цела аддаюць сваякам, але калі трэба, дзяржава арганізоўвае пахаваньне за свой кошт.

Пяць гадоў таму мэдыкі з унівэрсытэту Маямі (Miller School of Medicine, The University of Miami) дасьледавалі 49 целаў пакараных сьмерцю ў некалькіх штатах (Арызоне, Паўночнай і Паўднёвай Караліне, Джорджыі). Высьветлілася, што ў 43-х выпадках з 49-ці дозы абязбольвальных рэчываў былі меншыя за норму, на якой настойваюць мэдыкі.

Чаму патрэбна абязбольваньне?

TV RT падрыхтавала рэпартаж, дзе можна пабачыць як выглядаюць пакоі для выкананьня сьмяротнага прысуду ў ЗША, якое там абсталяваньне, што замяніла славутыя электрычныя крэслы. Рэпартаж прысьвечаны вось якой праблеме: паводле праваабаронцаў, для сьмяротнай ін'екцыі асуджаным на сьмерць ужываецца пэнтабарбітал – рэчыва, створанае для лекаваньня эпілепсіі і для ўсыпленьня жывёлаў.

«Гэта можа выклікаць нясьцерпны боль у выпадку, калі нешта будзе ня так, а мы ня можам нічога гарантаваць, бо не праводзіліся тэсты пэнтабарбіталу для такога выкарыстаньня. Такім чынам, існуе рызыка, што асуджаных не забіваюць, а катуюць да сьмерці».

Так кажа Міа Фао (Міа Fao), праваабаронца з буйной міжнароднай арганізацыі абароны правоў зьняволеных «Reprieve» (www.reprieve.org). Яе назва перакладаецца як «адтэрміноўка» – маецца на ўвазе адтэрміноўка ў выкананьні прысуду, у тым ліку сьмяротнага. Гэта фактычна аб'яднаньне шэрагу арганізацыяў, якія дзейнічаюць на розных кантынэнтах – у Амэрыцы, Аўстраліі, Эўропе – і робяць у сваёй працы асаблівы акцэнт на абарону правоў і падтрымку асуджаных на сьмерць, незалежна ад таго, у якіх злачынствах іх абвінавачваюць. Тут варта адзначыць, што гэтая сфэра праваабарончай дзейнасьці фактычна невядомая ў Беларусі. Магчыма – пакуль невядомая.

«Людзі пачынаюць разумець, што цьверджаньне «Мы нічога ня можам зрабіць» – гэта памылка, гэта няслушная выснова», – адзначае праваабаронца Міа Фао.

Турма і здароўе


Пакараньне ежай

Захворваньні страўнікава-кішачнага тракту лічацца самымі распаўсюджанымі сярод зьняволеных. Працяглае нэрвовае перанапружаньне, псыхалягічна цяжкае чаканьне суду, адваката, прысуду ў спалучэньні зь ня надта прымальнай ежай прыводзяць да гастрытаў і язваў. Асабліва выяўляюцца гэтыя захворваньні апошнім часам. Ежа ў месцах зьняволеньня ўсё далей адступае ад нормаў Саўміну і адзначаецца няякаснасьцю.

Тыя вязьні, якія маюць падтрымку з дому, імкнуцца ўжываць турэмную баланду як найменш і набываюць прадукты ў краме СІЗА ці калёніі. Некаторыя спрабуюць вырашаць праблему харчаваньня дзякуючы перадачам ды пасылкам з волі. Але такую магчымасьць маюць далёка ня ўсё вязьні. Сытуацыю з харчаваньнем многія зьняволеныя называюць «пакараньнем ежай».

Былы вязень: пасьля вяртаньня мне выклікалі «хуткую»

… «Я худы і здаровы, вы мяне адразу пазнаеце», – апісаў сябе праз тэлефон Віцёк. Ён прызначыў сустрэчу, каб перадаць ліст з зоны ад нашага агульнага знаёмага.

Віцьку 30 гадоў, за плячыма тры ходкі. Выдзеліць яго сярод мінакоў няцяжка. Каротка стрыжаны, вопратка нібыта з чужога пляча, спартыўныя штаны, на кожным пальцы рукі – татуіроўка ў выглядзе пярсьцёнка. Віцёк і праўда худы як трэска. Кажучы пра сябе «здаровы», Віцёк, як высьветлілася, меў на ўвазе выключна свой рост. Вонкава гэты малады мужчына выглядае сур’ёзна хворым.

Ад майго запрашэньня зайсьці ў кавярню Віцёк ветліва адмаўляецца:

«У мяне страўнік пасьля ПКТ увогуле не працуе, есьці амаль нічога не магу».

Пару дзён таму хлопца так прыхапіла, што маці нават выклікала «хуткую». Нічога вострага лекары ў Віцька не знайшлі, сказалі піць больш вадкасьці і параілі прайсьці абсьледаваньне.

Віцёк просіць не запісваць нашу размову. Цягам двух бліжэйшых гадоў ён мусіць знаходзіцца пад міліцэйскім наглядам. Любое парушэньне – вяртаньне назад, за краты. Участковы, які наведаў яго неўзабаве пасьля вяртаньня з зоны, папярэдзіў наконт наступстваў ад інтэрвію незалежным СМІ.

Мой суразмоўца кажа, што частыя рэзі ў жываце пачаліся з ПКТ – памяшканьня камэрнага тыпу. Туды яго на 7 месяцаў кінулі за нейкую правіну. Гэта было ўвесну – якраз у краіне пачаўся крызіс. Ежа, якую прыносілі, часам ужо з самага пачатку непрыемна сьмярдзела. Шмат хто ёю труціўся. Але што рабіць? Атрымліваць пасылкі ад сваякоў у ПКТ і штрафным ізалятары забаронена, а замаўляць прадукты ў краме можна толькі раз на месяц. Віцьку як асуджанаму з матэрыяльным пазовам дазвалялася атаварвацца на 35 тысяч рублёў. З кожным месяцам колькасьць набытага на гэтую суму рабілася меншай і меншай. Пад канец гэта былі некалькі пакуначкаў гарбаты ды самыя танныя цыгарэты.

«І ў якой яшчэ краіне сядзельца караюць ежай?»

«І ў якой яшчэ краіне сядзельца караюць ежай?», – пытаецца ці то ў мяне, ці то сам у сябе Віцёк. – Гэта пры тым, што на маёй картцы ляжалі грошы, я зарабляў іх на прамзоне. Аднак з заробленых дазвалялася браць толькі 10%. Астатняя сума калом ляжала на картцы».

«Магчыма, адміністрацыя пракручвае гэта неяк праз банк?» – дапускае суразмоўца.

Віцёк з усьмешкай гаворыць пра сваё самае моцнае ўражаньне пасьля адседкі. Гэта наведаньне крамы. «Убачыў цэны і падумаў: а куды гэта я трапіў?»

Пасьля паўзы новы знаёмца дадае:

«У нашай турэмнай крамцы, дарэчы, тыя ж самыя прадукты каштуюць яшчэ і болей».

Пра тое, што з надыходам эканамічнага крызісу людзей у няволі катуюць голадам, напісаў у лісьце дачцэ Кацярыне асуджаны Шклоўскай калёніі, палітвязень Мікола Статкевіч.

«Па крамцы, дзе раз на тыдзень мы можам набыць сёе-тое з прадуктаў, відаць, як істотна вырасьлі цэны. А заробкі, асабліва ў правінцыі, засталіся амаль бязь зьменаў. Вельмі шкада людзей, асабліва пэнсіянэраў. Зіма будзе для іх галодная. Безумоўна, тут яшчэ горш, але ж мы «злачынцы», асабліва я. Зэкаў, у якіх ёсьць матэрыяльныя пазовы (звычайна прадпрымальнікаў), абмяжоўваюць у краме па суме. У мяне хаця б 175 тысяч. Выходзіць, што катуюць людзей голадам, каб грошы заплацілі. Але ж ня ўсе іх маюць».

«Апошнім часам атаварка ў турме надзвычай дарагая, а прадукты ў краме няякасныя і пратэрмінаваныя», сьведчыць у сваім тэлефанаваньні на «Свабоду» і асуджаны Зьміцер.

«Пры мне адзін зьняволены хацеў вярнуць вялікі кавалак сала, якое пахла селядцом. Не памянялі і не вярнулі грошай. Турэмны спажывец ніяк ня можа даказаць, што набыў няякасны і пратэрмінаваны тавар. Бо доказаў гэтаму няма. Летам у краме прадавалі нетаварнага выгляду памідоры, гуркі ды яблыкі. Складалася ўражаньне, што супрацоўнікі несьлі гэта ў краму з уласных гародаў. Як потым высьветлілася, тая гародніна была ўдвая даражэйшая, чым у крамах на волі».

«Што гэта, як не карупцыя?»

Тэлефануючы на «Свабоду», асуджаны Зьміцер зьвярнуў увагу і на такую акалічнасьць. За набытыя тавары пакупнікі не атрымліваюць чэкаў, бо ў краме даўно ўжо няма касавых апаратаў. Адміністрацыя тлумачыць адсутнасьць касаў тым, што гандаль тут безнаяўны, грошы сьпісваюцца з рахункаў асуджаных.

«Аднак крама – гэта ўсё ж гандаль у розьніцу, – аргумэнтуе асуджаны. — Нам павінны пакідаць сьведчаньні, чаго і колькі мы набылі. Што гэта, як не карупцыя?»

Прыкладна такой жа думкі прытрымліваецца і маці Ўладзімера, які адбывае пакараньне ў ПК-20 пад Мазыром.

«Я ўяўляла сабе, што турма ў Беларусі – гэта жах, што там бываюць зьдзекі зь вязьняў, але ж не да такой ступені», – піша жанчына. Вось невялікі фрагмэнт зь яе ліста.

«Ежу ў сталоўцы папраўчай калёніі вельмі цяжка назваць такім словам. Крадуць усе, хто мае доступ да прадуктаў харчаваньня! Па шматлікіх скаргах асуджаных прыяжджалі розныя праверкі, аднак пра ўсе праверкі адміністрацыю, як правіла, папярэджваюць загадзя. Натуральна, кожнай інспэкцыі папярэднічае салідная падрыхтоўка. Таму ў выніку гэтых праверак ніякіх парушэньняў няма. Тым ня менш асуджаныя як ня бачылі, так і ня бачаць месяцамі мяса, недаатрымліваюць неабходнай і ўзгодненай Саўмінам нормы алею, малака (усё гэта неміласэрна разводзіцца вадой), незразумела, з чым разьмешваюцца крупы. Асноўная ежа мужчын — капуста. Кіраўнікі сыстэмы МУС заяўляюць, што на ўтрыманьне асуджанага ў месяц ідзе больш за 800 тысяч беларускіх рублёў. Аднак дзе яны? На закуп мяшка капусты, пары кіляграмаў пярлоўкі, сечкі ці проса, аплату электраэнэргіі і вады – зыходжу з прыкладу сына – у месяц можа ісьці сама болей 150 тысяч! Куды ж ідуць астатнія грошы? Дакладней, ня грошы, а тое, што закуплена на гэтыя грошы? Выснову зрабіць няцяжка».

«На хворы страўнік увагі ніхто не зьвяртае»

Былы палітвязень, грамадзкі актывіст Цімох Дранчук, які некалькі разоў сядзеў за кратамі сам і мае сталыя кантакты зь іншымі колішнімі вязьнямі, перакананы, што ўжываць турэмную ежу ў яе цяперашнім выглядзе небясьпечна для здароўя і што такое харчаваньне можна прыраўняць да катаваньняў.

«Там ежа такая, ад якой можна захварэць, – сьведчыць грамадзкі актывіст. – Яна абсалютна няякасная. Па-першае, яна гатуецца на ненатуральных і вельмі шкодных тлушчах ды з гнілых прадуктаў. Па-другое, калі ўвесь час ужываць такую ежу, гэта аслабляе імунітэт настолькі, што пры некаторых іншых чыньніках, якія ёсьць, напрыклад, у тым жа СІЗА на «Валадарцы» – гэта адсутнасьць сьвежага паветра, гэта ненармальная для пастаяннага жыцьця вільготнасьць – вельмі часта людзі з-за гэта пачынаюць хварэць ня толькі на гастраэнтэралягічныя захворваньні, але і на сухоты. Гэта ўжо ня кажучы пра розныя атручэньні. Атруціцца такой ежай – элемэнтарна. Калі мець на ўвазе нейкую мэдычную дапамогу, то атручэньне ежай абсалютна ня лічыцца нейкай хваробай, тым момантам, калі трэба нечым мэдычным дапамагаць. Тут нават нейкага актываванага вугалю ад іх не атрымаеш».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG