Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Севярынец выказаўся пра кнігу «Адзін дзень палітвязьня 2009-2011»


Павал Севярынец азнаёміўся з кнігай Радыё Свабода пра палітвязьняў. Маці Андрэя Саньнікава мяркуе, што апошні ліст сына быў напісаны ў незвычайных умовах. Зьміцер Бандарэнка накіраваў скаргу на рашэньне мэдычнай камісіі адносна ягонага фізычнага стану. Як Мікалай Статкевіч прапануе змагацца з інфляцыяй?

Павал Севярынец, магчыма, першым з тых, хто адбывае пакараньне за Плошчу, азнаёміўся з кнігай «Адзін дзень палітвязьня 2009-2011» з сэрыі «Бібліятэка Свабоды», якая днямі была прэзэнтаваная ў Менску. Сярод 48 герояў кнігі ёсьць і Павал Севярынец, які адбывае пакараньне 3 гадамі «хіміі» ў Пружанскім раёне.

«Чытаў, чытаў. Кніга да мяне яшчэ не дайшла, але ў інтэрнэце чытаў, праз мабільны. Цудоўна. Трэба яшчэ дачакацца самой кніжкі, каб мець яе ў руках».

Павал Севярынец паведаміў, што напісаў і заўтра адпраўляе чарговую партыю лістоў палітвязьням. Севярынец рэгулярна лістуецца з Саньнікавым, Бандарэнкам, Лобавым, Дашкевічам, Статкевічам, Васьковічам, Бяляцкім. За мінулы тыдзень ні ад каго зь іх лістоў палітвязень не атрымліваў. Мяркуе, гэта невыпадкова.

За амаль 4 месяцы «хіміі» Павал Севярынец ня меў ніводнага гэтак званага «адпачынку», хаця звычайна «хімікам» раз на месяц даюць некалькі выходных, каб зьезьдзілі дадому на сустрэчу са сваякамі. Павал разьлічвае ўсё ж атрымаць такі «адпачынак» у канцы году. Чаму яго пакуль такой магчымасьці пазбаўляюць?

«Яны кажуць: вы ж ведаеце, якая абстаноўка… У іх увесь час знаходзяцца нейкія прычыны, каб адмовіць».

Маці Андрэя Саньнікава на гэтым тыдні атрымала кароткі ліст ад сына, які ўжо цытавала для «Свабоды» на прэзэнтацыі кнігі пра палітвязьняў. Ала Ўладзімераўна дадаткова зьвяртае ўвагу на тое, як ліст быў напісны:
Літары ў розныя бакі скачуць. Магчыма, сьпяшаўся, магчыма, на якім калене пісаў

«Почырк нязвыклы для яго. Літары ў розныя бакі скачуць. Магчыма, сьпяшаўся, магчыма, на якім калене пісаў… Ня ведаю… Але стыль ліста ягоны. Кароткі, самае галоўнае. Што хвалюецца за мяне, кажа трымацца і тады ён пратрымаецца… Цяжка, калі гэта ўсё закончыцца? Я тут сустрэла аднаго чалавека, які выйшаў, але ён па іншай справе, па мытнай. Дык ён сказаў, што няма нічога больш жахлівага за этапы. Вельмі цяжка на этапе. А Андрэя ж ужо тройчы па этапах перакідвалі з турмы ў турму. Ганяюць па гэтай Беларусі, ня ведаю ўжо, што ад яго хочуць… Але, што хочуць —насамрэч зразумела».

Зараз экс-кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў знаходзіцца ў калёніі «Віцьба-3» пад Віцебскам. Палітвязень пачынаў адбываць пакараньне ў Новаполацкай калёніі, потым сядзеў у Бабруйскай калёніі і ў Магілёўскай турме.

Каардынатар «Эўрапейскай Беларусі» Зьміцер Бандарэнка накіраваў скаргу на рашэньні мэдычнай камісіі. Палітвязень перанёс у турме апэрацыю на хрыбетніку, ён ходзіць на мыліцах, ня ў стане рабіць шмат чаго, што па сілах толькі здароваму чалавеку. Але адмысловая камісія, якая вырашае пытаньне аб інваліднасьці, не прызнала Бандарэнку інвалідам, а вырашыла, што ён здольны да фізычнай працы, а тым больш можа знаходзіцца ў турме. Жонка палітвязьня Вольга Бандарэнка таксама накіравала падобную скаргу на рашэньне мэдыкаў.

За амаль год зьняволеньня мужа Вольга Бандарэнка ня мела зь ім доўгатэрміновага спатканьня і разьлічвае на тое, што гэта адбудзецца ў другой палове сьнежня ў Магілёўскай калёніі.
Хутка мусіць быць спатканьне. Дзіма, праўда, ня верыць у гэта да канца, і я не асабліва веру

«Хутка мусіць быць спатканьне. Дзіма, праўда, ня верыць у гэта да канца, і я не асабліва веру. Яму сказалі, што з 21-23 сьнежня мусіць быць спатканьне. Яму пра гэта сказалі, але мне пакуль афіцыйна паведамленьне не прыйшло. Ня ведаю, што туды везьці, што прыгатаваць… Але пракансультуюся. Некаторыя ж ужо мелі доўгатэрміновыя спатканьні. І Іра Халіп на такім спатканьні была, Даша Атрошчанкава, Марына Лобава».

Экс-кандыдтат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч на асабістым сайце прапанаваў варыянт змаганьня з інфляцыяй. Як паведамляе сайт statkevich.org палітык нейкім чынам здолеў перадаць артыкул пад назвай «Заклінальнікі зайцоў», у якім у іранічнай форме дае рэцэпт утаймаваньня беларускага рубля:

«Калі ж гэтыя абсалютна надзейныя і выпрабаваныя сродкі не дапамогуць, ёсьць яшчэ варыянты выйсьця. Напрыклад, не зважаючы на ўсялякія там „біржы-рынкі“ загадаць зайцу стаяць. Праўда, для гэтага прыйдзецца ўздоўж усёй усходняй мяжы выкапаць глыбокі роў і нацягнуць над ім калючы дрот пад токам. Каб зайцу не было як разагнацца. Можна яшчэ самім наладзіць імпартазамяшчальны выпуск даляраў. Тут, на „зоне“, такія спэцыялісты сядзяць…».
Павал Севярынец
Нарадзіўся 30 сьнежня 1976 г. у Воршы. Скончыў з залатым мэдалём віцебскую школу № 25 (з мастацкім ухілам). Пачатак цікавасьці да палітыкі — абраньне ў 10 клясе школы ў Дзіцячы рэспубліканскі парлямэнт. Захапляўся геаграфіяй і геалёгіяй. Скончыў геафак БДУ. У 1994—1999 гг. працаваў журналістам у шэрагу недзяржаўных выданьняў. З 1998 г. друкуецца ў незалежнай прэсе як публіцыст. Ляўрэат літаратурнай прэміі імя Алеся Адамовіча і прэміі імя Васіля Быкава "За свабоду думкі".

У 1999—2003 гг. быў намесьнікам старшыні Партыі БНФ. З 1999 да 2004 гг. — старшынём "Маладога Фронту", цяпер — сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя". У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. быў актывістам штабу кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага. Быў арыштаваны 20 сьнежня і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Пры канцы сьнежня яму прад’яўлена абвінавачаньне па крымінальнай справе, узбуджанай сьледчым упраўленьнем папярэдняга расьсьледаваньня ГУУС Менгарвыканкаму па чч. 1 і 2 арт. 293 КК (масавыя беспарадкі). 4 красавіка замест гэтага прад'яўлена іншае абвінавачаньне (арт. 342 КК — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Андрэй Саньнікаў
Нарадзіўся ў Менску 8 сакавіка 1954 года. Скончыў Менскі дзяржаўны інстытут замежных моваў, Дыпляматычную акадэмію Міністэрства замежных справаў СССР у Маскве. Валодае чатырма мовамі. Працаваў у Таварыстве дружбы з замежнымі краінамі, у сакратарыяце ААН у Нью-Йорку, быў дарадцам прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у Швайцарыі.

У 1995-1996 гг. — намесьнік міністра замежных спраў Беларусі. Пакінуў гэтую пасаду ў лістападзе 1996 год на знак пратэсту супраць правядзеньня рэферэндуму. У лістападзе 1997 году стаў стваральнікам і міжнародным каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя’97».

У 2008 годзе ініцыяваў грамадзянскую кампанію «Эўрапейская Беларусь».

Ляўрэат міжнароднай прэміі імя Бруна Крайскага ў галіне абароны правоў чалавека (2005 г.).

Кандыдат у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010.
Зьміцер Бандарэнка
Грамадзкі актывіст, сябра ГА «БАЖ». Нарадзіўся ў Менску 28 верасьня 1963 году.

У 1984 г. скончыў Інстытут фізычнай культуры.

У 1995–1996 гг. працаваў на незалежным Радыё 101.2 FM, зачыненым уладамі.

Адзін з заснавальнікаў грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя-97», каардынатар грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь».

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. быў актывістам штабу кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава. Быў арыштаваны 20 сьнежня ва ўласнай кватэры і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Першапачаткова ў дачыненьні да яго было высунутае абвінавачваньне па арт. 293 КК (масавыя непарадкі), які прадугледжвае пакараньне да 15 гадоў пазбаўленьня волі, аднак 4 красавіка яно было перакваліфікавана на больш мяккае.

Зьміцер Бандарэнка абвінавачваецца па ч. 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Артыкул прадугледжвае пакараньне штрафам, або арыштам на тэрмін да шасьці месяцаў, ці абмежаваньнем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленьнем волі на той жа тэрмін.
Мікола Статкевіч
Нарадзіўся 12 жніўня 1956 году ў вёсцы Лядна Слуцкага раёну Менскай вобласьці ў сям'і настаўнікаў.

1978 г. Скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню.

1986 г. Абараніў кандыдацкую дысэртацыю.

Працаваў выкладчыкам Менскай вышэйшай інжынэрнай зэнітна-ракетнай вучэльні.

Люты 1991 г. На знак пратэсту супраць падзей у Вільні выйшаў з КПСС.

1991 г. Сябра Цэнтральнай рады і выканаўчага камітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).

1995 г. Старшыня БСДП (НГ).

1991—1995 гг. Стваральнік і кіраўнік Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў.

2000 г. Удзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў.

2005 г. Асуджаны на тры гады абмежаваньня волі за арганізацыю 18—19 кастрычніка 2004 году ў Менску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Па амністыі тэрмін абмежаваньня волі быў скарочаны на год.

Кіраўнік аргкамітэту ў справе стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).
XS
SM
MD
LG