Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганна Янкута — пра найлепшыя замежныя анталёгіі беларускай літаратуры


Беларускай літаратурай цікавяцца ў сьвеце. Пра тое сьведчыць цэлы шэраг анталёгій, якія выдадзеныя апошнім часам у суседніх і ня толькі краінах. Перакладчыца і адна са стваральнікаў інтэрнэт-часопіса перакладной літаратуры «Prajdzisvet» Ганна Янкута — пра тое, чым карысныя для беларусаў замежныя анталёгіі айчыннага прыгожага пісьменства.

Nie chyliłem czoła przed mocą:

Antologja poezji białoruskiej od XV do XX wieku. — Wrocław: Kolegium Europy Wschodniej im. Jana Nowaka-Jeziorańskiego, 2008.


Анталёгія «Nie chyliłem czoła przed mocą» — гэта найлепшае, што магло здарыцца зь беларускай літаратурай у польскім перакладзе. На карысьць гэтага гаворыць і падбор аўтараў (пра густы, безумоўна, не спрачаюцца, але, на маю думку, амаль усё самае цікавае ў беларускай паэзіі ў кнізе прадстаўленае), і падбор перакладчыкаў, сярод якіх Адам Паморскі, Чэслаў Сэнюх, Ежы Літвінюк і іншыя. Кожнай падборцы вершаў (беларускія арыгіналы і польскія пераклады зьмешчаныя паралельна) папярэднічае біяграфія аўтара, а ўвесь зьмест разьбіты на два разьдзелы: «З даўнейшай паэзіі» і «З сучаснай паэзіі» — такім чынам анталёгія «Nie chyliłem czoła przed mocą» апынаецца адзіным выданьнем, дзе беларуская літаратура прадстаўленая ад самага пачатку яе існаваньня да сёньняшніх дзён, што робіць яе добрым падручнікам для польскіх студэнтаў-славістаў.

Але выданьне гэтае можа быць цікавым ня толькі для палякаў (хаця прызначанае перадусім для іх, бо біяграфіі беларускіх пісьменьнікаў прыведзеныя ў кнізе толькі па-польску), але і для беларусаў: зборнік зьмяшчае творы, якія дагэтуль не выдаваліся пад адной вокладкай, асобныя творы, якія першапачаткова былі напісаныя па-польску (вершы Адама Міцкевіча, Тамаша Зана і г.д.), пададзеныя ў кнізе ў беларускім перакладзе, асноўныя матэрыялы (у тым ліку прадмова Лявона Баршчэўскага) друкуюцца на абедзьвюх мовах. Апроч гэтага, кніга вельмі прыгожа аформленая і прыемная для чытаньня.

Чым карысная для беларусаў. Карысьць гэтае кнігі для беларусаў, многія з якіх валодаюць польскай мовай, відавочная. Чытаючы даўно знаёмыя беларускія вершы (а многія з іх ужо здаюцца чымсьці настолькі звычайным і простым, што сам сэнс верша губляецца і не ўспрымаецца) у польскім перакладах, можна зразумець, што бачаць у гэтых творах нашыя суседзі, якія акцэнты расстаўляюць у перакладзе і што выносяць на першы плян. Такім чынам мы можам зірнуць на сваю клясыку з новага гледзішча і па-новаму яе прачытаць. Тым больш што высокая якасьць польскіх перакладаў дае для гэтага ўсе магчымасьці.


Språket som svalan bor i dess hjärta:

Belarus Litteraturresan — En antologi. — 2011.

Швэдзкая анталёгія «Språket som svalan bor i dess hjärta» («Ластаўка — мова жыве ў яго сэрцы»; цытата са швэдзкага перакладу верша Вольгі Іпатавай «Беларуская мова») побач зь перакладамі не зьмяшчае арыгінальных тэкстаў, затое зьмяшчае шмат матэрыялаў, зразумелых для носьбітаў любой мовы — фотаздымкаў беларускіх пісьменьнікаў, беларускіх чытачоў і слухачоў, беларускіх літаратурных імпрэзаў і сустрэчаў, нават беларускіх краявідаў, а таксама швэдзкіх аўтараў на іх фоне. Высокая якасьць паперы і фотаздымкаў прымушае задумацца: што гэта — фотаальбом ці ўсё ж анталёгія. Тут шмат фотаздымкаў, але і аўтараў прадстаўлена нямала, кожны некалькімі вершамі альбо адным празаічным творам ці ўрыўкам. Праўда, да беларускіх аўтараў залічаны яшчэ і Рышард Капусьціньскі, які пісаў па-польску і лічыцца ўсё ж польскім пісьменьнікам, хаця і нарадзіўся ў Пінску.

Чым карысная для беларусаў. Цяжка сказаць, калі беларускі чытач атрымае такую каляровую анталёгію беларускай літаратуры па-беларуску. Дык хаця б патрымае ў руках швэдзкую. Нічога не зразумела, але ўсё адно прыемна.


Cesta dlouhá dvacet kroků:

Antologie běloruských povídek. — Brno: VĚTRNÉ MLÝNY, 2006.

Чэская анталёгія беларускага апавяданьня была ўкладзеная багемістам Сяргеем Сматрычэнкам, ён жа выступіў аўтарам прадмовы, рэдактарам і адным зь перакладчыкаў зборніка. Анталёгія зьмяшчае пераклады твораў Васіля Быкава, Вячаслава Адамчыка, Міхася Стральцова, Наталкі Бабінай, Адама Глобуса, Сяргея Дубаўца, Андрэя Федарэнкі, Алеся Асташонка, Пятра Васючэнкі, Ігара Сідарука, Вінцэся Мудрова, Міраславы Лукшы, Марыі Вайцяшонак, Евы Вежнавец, Уладзімера Арлова і Алега Мінкіна; біяграфія кожнага аўтара пададзеная перад яго публікацыяй. Большасьць твораў, што ўвайшлі ў кнігу, былі напісаныя пасьля 1990 году і расказваюць пра жыцьцё ў Беларусі ХХ стагодзьдзя, а сама назва анталёгіі — «Дарога даўжынёй у дваццаць крокаў» — сьведчыць пра колькасьць зьмешчаных у ёй апавяданьняў. Мяркуючы па сьпісе перакладчыкаў, кніга цалкам зробленая намаганьнямі беларускіх багемістаў (а як сьцьвярджаюць знойдзеныя ў інтэрнэце рэцэнзіі, чэская мова ад гэтага зусім не прайграе).

Чым карысная для беларусаў. Для тых, хто ня ведае чэскай, кніга можа спатрэбіцца хіба што як упрыгожаньне хатняй бібліятэкі. У любым разе яна — яшчэ адно сьведчаньне таго, што беларуская літаратура цікавая ў іншых краінах, і трэба проста ўмець яе добра перакласьці і «запакаваць». Як зрабіў гэта Сяргей Сматрычэнка і іншыя перакладчыкі чэскай анталёгіі.


Šviesa languose / Сьвятло ў вокнах:

Baltarusių poezijos antologija. — Vilnius: Homo liber, 2008.

Як і ў анталёгіі польскіх перакладаў, у літоўскім зборніку «Сьвятло ў вокнах» беларускія арыгіналы і літоўскія пераклады зьмешчаныя паралельна: чытач адразу можа параўноўваць два тэксты, калі ён, канечне, валодае абедзьвюма мовамі. Анталёгія ахоплівае толькі сучасную паэзію, і такі падбор тлумачыцца ў прадмове, напісанай Гендрыкам Пяткевічам: клясычная паэзія Беларусі пачатку і сярэдзіны стагодзьдзя ўжо вядомая літоўскаму чытачу з іншых выданьняў і перакладаў. Укладальнік улучыў у выданьне творы паэтаў «сярэдняга пакаленьня» (Раіса Баравікова, Яўгенія Янішчыц, Уладзімер Някляеў, Алесь Разанаў і іншыя), творы паэтаў «малодшага пакаленьня» (Валянціна Аксак, Уладзімер Арлоў, Адам Глобус, Леанід Дранько-Майсюк, Андрэй Хадановіч, Міхась Скобла, Анатоль Сыс і іншыя), а таксама творы беларускіх паэтаў зь Літвы (Алег Мінкін і Тацяна Сапач) — цікава, што ні ў польскай, ні ў чэскай анталёгіях няма разьдзелаў «Беларускія паэты Польшчы» ці «Беларускія пісьменьнікі, што жылі ў Чэхіі». Зрэшты, у літоўскіх і беларускіх творцаў нашмат больш агульнага — ну хаця б тая ж Вільня, якая зьяўляецца як у творчасьці адных, так і творчасьці другіх, як, напрыклад, у вершы Адама Глобуса «Вільня і Менск», які, дарэчы, у анталёгіі зьмешчаны.

Безумоўна, падбор тэкстаў у любой анталёгіі шмат у чым залежыць ад густу яе ўкладальнікаў. З выбарам укладальніка зборніка «Сьвятло ў вокнах» часам можна спрачацца, але ў цэлым вялікіх пярэчаньняў ён не выклікае. Да таго ж, хто іх, літоўцаў, ведае: магчыма, яны бачаць у нашай паэзіі не зусім тое самае, што мы?

Чым карысная для беларусаў. Улічваючы, што літоўскую мову ў нас мала хто ведае, анталёгія можа выкарыстоўвацца як зборнік беларускай паэзіі зь незразумелым дадаткам, а для тых, хто вырашыў авалодаць мовай суседзяў — як хрэстаматыя для чытаньня. Той жа, хто разумее гэтую ня самую простую мову, можа ацаніць якасьць перакладу і парадавацца за беларускіх аўтараў і літоўскіх чытачоў. І напісаць сваю рэцэнзію.


У краіне паэтаў / Au pays des poetes:

Зборнік беларускай паэзіі / Collection de poésie biélorusses. — Мн: Выдавец Віктар Хурсік, 2011.

Зборнік «У краіне паэтаў» — найменш удалае выданьне зь сёньняшняга сьпісу. У адрозьненьне ад польскай і літоўскай анталёгіяў, у гэтай кнізе беларуская частка ідзе на пачатку кнігі асобна, а француская частка — асобна, і таму ня вельмі зразумела, для каго яна прызначаная: для беларусаў, якім цікава паглядзець на францускія пераклады свае літаратуры, ці для французаў, якія валодаюць беларускай мовай.

Усе пераклады ў зборніку выкананыя Нінай Дзябольскай. У прадмове перакладчыца піша, што яна «была здзіўлена таму, як лёгка пры даслоўным перастварэньні беларускіх вершаў на, здавалася б, далёкую раманскую мову дасягаецца рыфма». Але лёгкасьць гэтая ўяўная: у многіх выпадках ні рыфма, ні даўжыня радка, ні нават колькасьць радкоў не захаваная (у якасьці прыкладу можна зірнуць на рыфмаваныя вершы — напрыклад, Някляева ці Барадуліна, — у перакладзе якіх адразу бачныя фармальныя хібы). Многія вершы, якія патрабуюць нейкіх перакладчыцкіх рашэньняў, спрошчаныя, напрыклад, першы ж верш зборніка — «Восеньская ноч у Менску» Валянціны Аксак, — які ў арыгінале пачынаецца з францускай назвы, і перакладчыца, не абцяжарваючы сябе дадатковымі намаганьнямі, проста перанесла гэты радок у пераклад, не падумаўшы, чым можна кампэнсаваць гэты аўтарскі ход. Тое самае датычыць верша Някляева «Студня»: «Сасьмяглай рыбай боўтнецца вядро… / Затарахціць пашчэпаная корба…» У перакладзе бачым: «Comme un poisson agité le seau glissera, / La cage du puits bruira…», даслоўна: «Як неспакойная рыба заб’ецца ў вядры, // Загрукаціць калаўрот калодзежа», — відавочна, што ў перакладзе не захаванае самае важнае ў вершы, моўная плынь, якая па-француску гучыць банальна, калі не па-графаманску.

Чым карысная для беларусаў. Ва ўсім, і нават у выданьні такой кнігі, можна знайсьці свае плюсы. Зборнік «У краіне паэтаў» быў выдадзены ў Беларусі і, відаць, прызначаны ўсё ж для беларускага чытача. А таму можна ўспрымаць яго проста як яшчэ адну беларускую паэтычную анталёгію, якіх у нас выдаецца ня так ужо і шмат.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG