Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
У Эгіпце найбліжэйшым часам Цэнтравыбаркам мае агучыць вынікі першага раўнду парлямэнцкіх выбараў. Чакаецца, што абсалютную бальшыню атрымаюць памяркоўныя ісламісты, якія называюць сваім прыкладам кіроўную ў Турэччыне Партыю справядлівасьці і разьвіцьця. У выніку сёлетніх народных выступаў у арабскім сьвеце падобныя палітычныя сілы ўжо ачолілі ўрады ў Марока і пасьлярэвалюцыйным Тунісе.

Мы пагутарылі з журналістам інтэрнэт-каналу АРУ-ТВ Паўлам Марозавым, які цяпер знаходзіцца ў Эгіпце, дзе ўдзельнічае ў здымках дакумэнтальнага фільму пра палітычныя падзеі ў гэтай краіне. Падчас размовы ён знаходзіўся на вуліцах Каіру, непадалёк ад цэнтральнай плошчы Тахрыр.



Марозаў: Нас цікавіла перш за ўсё падабенства паміж сытуацыяй пасьля рэвалюцыі ў Эгіпце і ў цяперашняй Беларусі, бо існуе шмат паралеляў.

Знаткевіч: Вы сказалі — пасьля рэвалюцыі ў Эгіпце. Але днямі былі паведамленьні, што фактычна рэвалюцыйныя падзеі працягваюцца?

Павел Марозаў

Павел Марозаў

Марозаў: Гэта так. Гэта прынцыповы момант. Першая частка рэвалюцыі адбылася ў пачатку гэтага году, калі рэжым Мубарака быў скінуты народам якраз на плошчы Тахрыр. Але цяпер таксама вельмі істотны пэрыяд для гэтай краіны, таму што адбываюцца парлямэнцкія выбары, і адбываюцца яны ва ўмовах, калі ў краіне няма паўнавартаснага кіраўніцтва, а ёсьць вайсковая хунта, якая кантралюе сытуацыю, і шмат палітычных сілаў, якія спрабуюць гэтую сытуацыю выкарыстаць.

Знаткевіч: Якія ў вас агульныя ўражаньні ад краіны, найперш у пляне бясьпекі — наколькі бясьпечна вы сябе там адчуваеце?

Марозаў: У прынцыпе, калі мы з калегамі сюды ехалі, было шмат засьцярогаў, што тут небясьпечна. І калі мы прыехалі, было шмат пытаньняў, бо, з аднаго боку, паўсюль у цэнтры Каіру — вайскоўцы, бронетранспартэры, паліцыі на вуліцах амаль няма, нашы эгіпэцкія сябры казалі, што ў горадзе шмат зброі. Але з другога боку, пакуль мы ў прынцыпе тут гэтага ня бачылі. У большасьці людзі вельмі пазытыўныя, вельмі добрыя, спрабуюць дапамагчы — і вайскоўцы, і паліцыя, і рэвалюцыянэры. Аднак трэба быць асьцярожным. Пагроза сыходзіць больш за ўсё не ад дарослых людзей, а ад падлеткаў 15-20 гадоў.

Знаткевіч: Вы назіраеце ў тым ліку і за выбарчым працэсам. Якое ўражаньне ад хады выбараў?

Марозаў: Перш за ўсё — выбарчы працэс тут дастаткова складаны. Выбары ў парлямэнт праходзяць у тры этапы. Цяпер у некалькіх асноўных правінцыях праходзіць першы этап, другі пройдзе пазьней у гэтым месяцы, а трэці — у студзені. Кожны з этапаў займае два дні. Мы назіралі за выбарамі ў Александрыі і ў Каіры, першы дзень адзначыўся высокай яўкай і вялікім энтузіязмам, былі вялікія чэргі.

Што да самога працэсу — усё было больш-менш адэкватна. Але па-за ўчасткамі было шмат парушэньняў, калі вялася агітацыя ў горадзе, езьдзілі машыны з рупарамі, якія заклікалі галасаваць за Братоў-мусульманаў і салафітаў, якія лічацца фаварытамі выбараў. Ці знойдуць яны паразуменьне зь вайскоўцамі і лібэраламі — пакуль ніхто ня ведае.

Мае тутэйшыя калегі — лібэральныя, дэмакратычна арыентаваныя — асьцерагаюцца, каб краіна не пайшла іранскім шляхам, каб Эгіпэт ня стаўся ісламскай дзяржавай.

Знаткевіч: Ужо ёсьць папярэднія вынікі, паводле якіх перамагаюць рэлігійныя кансэрватары...

Марозаў: Так, паводле папярэдніх вынікаў 40% набіраюць Браты-мусульмане, да 20% салафіты — так што ісламскі блёк можа скласьці да 60%, каля 20% — лібэралы.

Тут ёсьць яшчэ адзін істотны момант. Хай сабе нават будзе сфармаваны парлямэнт, аднак урад будзе фармаваць прэзыдэнт, а прэзыдэнцкія выбары адбудуцца толькі наступным летам. І калі Браты-мусульмане і салафіты будуць кантраляваць парлямэнт, яны будуць змагацца за права ўплываць на фармаваньне ўраду, але вайскоўцы спадзяюцца правесьці на прэзыдэнцкіх выбарах свайго кандыдата і таксама будуць прэтэндаваць на фармаваньне ўраду.

Знаткевіч: Наколькі людзі вераць у тое, што ваенныя падзеляцца ўладай? Што парлямэнт будзе мець рэальную ўладу?

Марозаў: Па-першае, для мяне было цікава, калі мы размаўлялі з простымі людзьмі — старэйшага ўзросту, студэнтамі — яны амаль усе радыя, што гэтая рэвалюцыя адбылася, таму што ад Мубарака стаміліся ўсе. Наконт таго, як будуць сябе паводзіць вайскоўцы, ёсьць розныя меркаваньні. Напрыклад, што Браты-мусульмане выведуць іх па-за палітычны спэктар. Нехта верыць у альянс ісламістаў з вайскоўцамі, нехта лічыць, што яны будуць канфліктаваць...

Знаткевіч: Ці размаўлялі вы з прадстаўнікамі хрысьціянскай меншасьці? Наколькі яны адчуваюць сябе ў бясьпецы? Ці не баяцца перасьледу паводле рэлігійных матываў?

Марозаў: Хрысьціянская меншасьць — перш за ўсё копты — прадстаўлены добра перш за ўсё ў Александрыі. Ёсьць нават гарады, дзе яны складаюць большасьць. У іх свая палітычная сіла, якая іх рэпрэзэнтуе, яна можа разьлічваць на 10 мільёнаў галасоў. Але сапраўды, мясцовыя хрысьціяне маюць свае засьцярогі што да ўдзелу ва ўладзе салафітаў — радыкальных ісламістаў. Браты-мусульмане — больш памяркоўныя. Дык хрысьціяне спрабуюць нешта зрабіць, каб іх голас, іх інтарэсы таксама былі ўлічаныя.

Калі я размаўляў у штаб-кватэры Братоў-мусульманаў у Александрыі зь іх лідэрам, ён казаў, што ў іх праграме асобным пунктам ёсьць пункт аб павазе да іншых рэлігіяў. Але гэта вельмі спэцыфічная сіла, бо яны шмат гадоў правялі ў падпольлі і ў іх выпрацаваліся своеасаблівыя псыхалягічныя характарыстыкі, якія нагадваюць сучасныя спэцслужбы або колішніх езуітаў. Яны цяпер кажуць тое, што людзі хочуць чуць, робяць сабе міжнародны піяр. Але калі яны будуць дамінаваць — сытуацыя можа быць іншая.

Знаткевіч: Вы былі ня толькі ў Каіры і Александрыі, але і ў іншых месцах — як даўно вы ўжо ў Эгіпце?

Марозаў: Наша група была ў Александрыі і Каіры, але большая група назірала таксама ў Луксоры, Порт-Саідзе і іншых гарадах, дык сытуацыя па выбарах была больш-менш аднолькавая. Больш-менш было спакойна, дзесьці больш вайскоўцаў, танкаў і бронетранспартэраў, дзесьці менш. І парушэньні былі таксама больш-менш тыповыя — недазволеная агітацыя, бюлетэняў надрукавана больш чым трэба. Але сытуацыя на гэтых выбарах значна лепшая, чым было пры Мубараку, ці цяпер у Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG