Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыгор Сітніца: «Нацыянальнае хунвэйбінства трэба спыняць»


Рыгор Сітніца
Рыгор Сітніца
Літаратурная дыскусія Свабоды:

Гамбурскі рахунак Бахарэвіча
Альгерд Бахарэвіч. Цёмнае мінулае Каяна Лупакі
Ян Максімюк. Цёмная камора белліту
Барыс Пятровіч: Люблю чытаць Бахарэвіча
Міхась Скобла. Купала Янка і лаянка

Ці ня самы яскравы нацыянальны тып беларуса вывеў у сваёй «Ладзьдзі роспачы» Ўладзімер Караткевіч. Гервасій Выліваха — хоць ён хобаль, залётнік ды піяка, але ж і адважны, гожы і пяшчотны беларус, неверагодны жыцьцялюб, і аўтар ім відавочна любуецца. Наўрад ці чытаў «Ладзьдю роспачы» расейскі тэлежурналіст Сяргей Дарэнка, які ў інтэрвію тэлеканалу «РТР-Беларусь» назваў нашу краіну «глухменьню Эўропы», а беларусаў — хобітамі. І адбылося гэта акурат у дзень народзінаў Караткевіча — 26 лістапада. Пра тое, якімі мы бачымся суседзям і сабе самім, мы сёньня гутарым з мастаком Рыгорам Сітніцам.

— Рыгор, у выказваньнях Дарэнкі дзіва асаблівага няма — так яны пра нас думаюць у пераважнай сваёй бальшыні. Дзіўна, што ўсё гэта прагучала на дзяржаўным беларускім тэлеканале, вядоўца якога — Юры Казіятка — нават не паспрабаваў спыніць Дарэнку. Чаму так паводзілі сябе гэтыя два тэледзеячы?
Гэты комплекс сёньня праяўляецца ня толькі ў журналіста Казіяткі, ён ужо проста перарос у нацыянальны садамазахізм

— Мне ў гэтым бачыцца яшчэ адна праява нашага ўсеагульнага комплексу нацыянальнай няпоўнавартаснасьці, які ўбіваўся нам у галовы гадоў 200. Гэты комплекс сёньня праяўляецца ня толькі ў журналіста Казіяткі, ён ужо проста перарос у нацыянальны садамазахізм, калі свае ж людзі проста татальна аплёўваюць усё, што было зроблена ў беларускай культуры папярэднімі пакаленьнямі. А тое, што раптам на БТ чарговым разам зьявіўся Дарэнка, які мае рэпутацыю скандальнага расейскага пэрсанажу, — гэта сьведчаньне лізаблюдзтва нашых тэлечыноўнікаў перад заежджымі маскоўскімі «зоркамі». Гэта тое самае, калі квіток на Стаса Міхайлава каштуе больш за мільён, а калі будзе выступаць нейкі наш выдатны гурт ці сьпявак, то добра, калі ён па 20 тысячаў прадасьць квіткі. Гэта тое самае. І гэта вельмі ганебна і непрыемна.

— Дарэнка некалькі разоў назваў Беларусь «глухменьню Эўропы». Калі ты ў Маскве ўдзельнічаеш у выставах, цябе там успрымаюць як прадстаўніка «эўрапейскай глухмені»?

— У Маскве я нячаста, але бываю — па справах Саюзу мастакоў. І там я амаль не сустракаюся з прадстаўнікамі імпэрскага сьветапогляду. Нас там вельмі хораша ўспрымаюць. Можа таму, што арганізатары маскоўскіх выставаў і расейскія мастакі пра нас ведаюць трохі болей, чым ведае Дарэнка. Бо пэўне ж, калі ня ведаць ні халеры пра краіну Беларусь, дык і сапраўды яна падасца чорнай дзіркай у лепшым выпадку. Я ня думаю, што Дарэнка хоць нешта істотнае ведае пра нас. Таму дзівіцца тут ня выпадае. Гэта тыповы погляд тыповага імпэрца.

— Мяне яшчэ адзін пасаж у дарэнкаўскіх выказваньнях зьдзівіў — пра тое, што расейцы гатовыя «зьліць пяць літраў уласнай крыві любому, хто папросіць», у тым ліку беларусам. Расейцы сапраўды могуць быць такімі самаахвярнымі?

— Гэта праявілася шырыня расейскай душы. Гэта такая агульнапрынятая ў іх гіпэрбала, мэтафара. Хаця, калі капнуць у гісторыю, то, на вялікі жаль, і расейцы багата з каго па пяць літраў крыві зьлівалі. Ну што тут скажаш? Сёньня гістарычныя рахункі не выпадае выстаўляць, але мы ведаем, як расейцы нам «дапамагалі», і ня раз. Узгадайма часы Івана Жахлівага, вайну 1654 году, калі загінуў кожны другі беларус. Так што не ў інтарэсах расейцаў высьвятляць, хто каму пускаў кроў.

— Але ж не Дарэнка прыдумаў назваць беларусаў «хобітамі эўрапейскага лесу». Здаецца, гэты кніжны вобраз належыць беларускаму пісьменьніку і навукоўцу Пятру Васючэнку. А за ім паўтараюць усе, каму не лянота.
Бахарэвіч называе Янку Купалу Каян Лупака, а пры аналізе яго творчасьці 30-х гадоў абсалютна ня ўлічвае, што ў той час да патыліцы паэта быў прыстаўлены рэвальвэр чэкіста. Куды ўжо далей?

— На жаль, так і ёсьць. Дарэнка далёка не першапраходца там, дзе пратапталі сьцежку тутэйшыя. Я ня першы год з вялікай прыкрасьцю за гэтым самазьневажаньнем назіраю. Назвала ж Марыйка Мартысевіч Максіма Багдановіча няздарам-сухотнікам, адзіная заслуга якога — гэта тое, што ён хварэў на сухоты, дзякуючы чаму беларускія школьнікі ведаюць значэньне гэтага слова. І які жаль, што ён не захварэў яшчэ і на пранцы! Вось гэткіх высноваў заслужыў Багдановіч у найноўшай беларускай літаратуры. І я магу прыводзіць безьліч падобных цытатаў. Іх, паўтаруся, — безьліч. Выказаўся ж Альгерд Бахарэвіч, што «той мужык, які голасна галёкнуў: «А хто там ідзе?», быў глухі да паэзіі… Што да Бахарэвіча, то я зь вялікай прыкрасьцю магу канстатаваць, што тут дапамагае і шаноўнае Радыё Свабоды, на хвалях якога ён абсалютна бэзапэляцыйна і бязьлітасна распраўляецца з нашай нацыянальнай літаратурай. Бахарэвіч называе Янку Купалу Каян Лупака, а пры аналізе яго творчасьці 30-х гадоў абсалютна ня ўлічвае, што ў той час да патыліцы паэта быў прыстаўлены рэвальвэр чэкіста. Куды ўжо далей? І можна з гэтага зьдзеквацца, можна з гэтага пацяшацца, можна «ах, як прыкольна» пра гэта пісаць… Падобнае нацыянальнае хунвэйбінства трэба нейкім чынам спыняць, бо апроч шкоды яно нам нічога не дае. Прынамсі, я такога «літаратуразнаўства» трываць не магу, яно мяне асабіста абражае. Як Дарэнка мяне абразіў, гэтак мяне абражае і Бахарэвіч. І дарэчы, адкуль абражае? Добра абражаць, седзячы на грантах у Нямеччыне, і паказваць нам наша месца пад лаўкай. Але я не зьбіраюся сядзець пад лаўкай і заўсёды гатовы адказаць на гэткія інвэктывы.

— Ты нядаўна браў удзел у перадачы «Страсьці па культуры», якая ідзе па тэлеканале «Лад». Я не ўпершыню глядзеў яе і магу сказаць пэўна: вось яшчэ адно крывое люстэрка, у якім беларуская культура выглядае другаснай у параўнаньні зь нейкай іншай. Калі ўжо перастануць нашы тэлевядоўцы «дацягваць» айчынную культуру да нейкіх сумнеўных стандартаў?

— Ну, што да вядоўцы і ўдзельнікаў згаданай табой тэлеперадачы, то я іх хутка на месца паставіў. Мае апанэнты самі яшчэ нічога вартага не стварылі ў нацыянальнай культуры, але пажылі трохі па амстэрдамах і прыехалі нас вучыць. У маёй мясцовасьці такіх называлі ад’ехалымі за Муляраўку — гэта найбліжэйшая ад нашаё вёскі станцыя. Дарэчы, у нас заўсёды кпілі з тых, хто «ад’ехаў за Муляраўку» і вяртаўся дахаты з расейскай мовай. Дык вось, калі гэтыя «ад’ехалыя за Муляраўку» вяртаюцца і пачынаюць казаць, што мы да чагосьці не дарасьлі, што мы не такія, як цывілізаваныя эўрапейцы, мне хочацца сьмяяцца. Я багата дзе выстаўляўся па сьвеце. Выстаўляюцца дзясяткі маіх калегаў, бяруць галоўныя прызы на міжнародных конкурсах. Прыкладам, Павал Татарнікаў мае два «Залатыя яблыкі» — гэта самая высокая міжнародная ўзнагарода ў кніжнай графіцы, яна прысуджаецца чалавеку толькі аднойчы. Выключэньне за ўвесь час зроблена толькі для дваіх мастакоў — для нашага Татарнікава і для сусьветна вядомага Альбіна Бруноўскага. Аказваецца, і «Залатыя яблыкі» ні ў якія рахункі не бяруцца — мы ўсё роўна хобіты… Не бяруцца ў рахункі ні геніяльны паэт Рыгор Барадулін, ні выдатны паэт і празаік Уладзімер Някляеў — стваральнікі найвышэйшага ўзроўню эўрапейскай літаратуры. Але што ні напішы, ты ўсё роўна — хобіт, ну што тут зробіш… На тых «Страсьцях па культуры» я дзеля настройкі мікрафону ўзяў і прачытаў два чатырохрадкоўі Барадуліна. Рэакцыя была проста надзвычайная: «Как здорово! Как гениально! А кто это?». Калі я сказаў, што гэта Барадулін, мае суразмоўцы прымоўклі, а пасьля адна зь іх, якая акурат і прыехала з Амстэрдаму, сказала: «Купала и Барадулин — это, конечно, хорошо, но они ведь давно умерли». Вось такія ў «ад’ехалых за Муляраўку» веды і адносіны да нашых нацыянальных скарбаў. І з такімі ведамі і адносінамі яны спрабуюць пра нешта гаварыць, пра нешта спрачацца і нешта сьцьвярджаць! Але ўласным сьцёбам, уласным хамствам можна сьцьвердзіць толькі сваё ўласнае хамства. Пасьля насьмешак Бахарэвіча нічога ня зробіцца з Купалам. Купала ёсьць і будзе, таму што ён — нацыянальны геній, і трэба да яго як да нацыянальнага генія ставіцца. А калі Купалу называюць Каян Лупака, то маўчаць пры гэтым ня трэба. Бо калі будзем маўчаць, то тут падключацца дарэнкі. Бачыш, як клясна ў іх усё супадае, слова ў слова супадае! Што да мастацкіх стандартаў, якія выклікаюць захапленьне і эпатаж сучасных маладых творцаў, прывяду толькі адзін прыклад. Вось у бліскучай «азіяцкай сталіцы», як назваў Маскву Сяргей Дарэнка, праходзіла супэрпапулярная акцыя сусьветнавядомага, скажам так, мастака Алега Куліка. У стойла паставілі карову, і ён сваю паголеную галаву засунуў ёй у вагіну, а пасьля публічна «совокупился» са сьвіньнёй. Усё гэта называлася «Хождение вглубь России» і трактавалася як высокапатрыятычная акцыя… Ці трэба нам такія «стандарты»? Дык лепей мы хобітамі пабудзем, але ня будзем у сябе такога вычварэнства рабіць.

— Здаецца, нічога падобнага ў Беларусі пакуль не было.
Калі табе наплявалі ў вочы і душу, нельга не зьвяртаць увагу, калі ты лічыш сябе годным чалавекам

— І дзякуй Богу, што не было! Я не сьцьвярджаю, што за мяжой усё мастацтва такое. Ёсьць і выдатныя дасягненьні, і ім варта насьледаваць. Мы зусім не павінны засесьці ў сваіх межах і паразытаваць на тым, што напрацавалі нашыя папярэднікі. Безумоўна, трэба езьдзіць, трэба глядзець сьвет, трэба дацягвацца да сусьветных мастацкіх дасягненьняў, але зьневажаць тое, што зрабілі нашыя бацькі і дзяды, — гэта проста ганебна. Трэба ўмець любіць сваё. А каб любіць, трэба разумець. Гэта можна параўнаць зь верай у Бога. Я як вернік не аспрэчваю права атэіста ў Бога ня верыць, але атэізм не азначае права на агрэсію, на аплёўваньне і на вынішчэньне сьвятыняў, на зьнявагу вернікаў. Да таго ж, вернік мае права бараніць свае сьвятыні. І мы павінны сьвятыні свае бараніць. Сказаў жа вялікі Караткевіч: «Ёсьць і ў вас, як і ў іншых, сьвятыня, не давайце сьвятыні псам!».

— Я памятаю, як за непаліткарэктнае выказваньне Ўкраіна абвесьціла былога мэра Масквы Юрыя Лужкова пэрсонай нон грата. Наўрад ці нешта падобнае адбудзецца ў адносінах да Сяргея Дарэнкі. А якая тут мусіла б быць рэакцыя і з чыйго боку?

— Рэакцыя мусіла б быць, бо не зьвяртаць увагі на падобнае можа толькі баязьлівец альбо апушчэнец. Калі табе наплявалі ў вочы і душу, нельга не зьвяртаць увагу, калі ты лічыш сябе годным чалавекам. Тое самае павінна рабіць і дзяржава. Ліха зь ім, з Дарэнкам. Мяне зьдзіўляюць тыя чыноўнікі, якія адказваюць за беларускую ідэалёгію. Як на добры розум, Казіятка павінен быць звольнены з дзяржаўнага тэлебачаньня за такую перадачу, бо ў дадзеным выпадку закрануты гонар нашай дзяржавы. І ідэалягічныя службы павінны абсалютна адэкватным чынам на гэта адрэагаваць, а не прапускаць падобныя выказваньні міма вушэй. Як не павінны прапускаць міма вушэй зьняважлівыя выказваньні пра нашы нацыянальныя сьвятыні рэдактары нашых часопісаў «Дзеяслоў» і «Верасень», кіраўнікі Радыё Свабода і «Нашай нівы». Яны павінны гэта заўважаць. Ня толькі Дарэнка, але і той-сёй з беларускіх аўтараў таксама павінен быць пэрсона нон-грата для нацыянальных выданьняў.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG