Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці замест адмененага Народнага сходу рыхтуецца мітынг


Зінаіда Міхнюк

Зінаіда Міхнюк

Старшыня берасьцейскага Народнага сходу Зінаіда Міхнюк падала заяўку ў гарвыканкам на правядзеньне мітынгу 10 сьнежня.

Падчас мітынгу, прымеркаванага да міжнароднага Дня правоў чалавека, мяркуецца азнаёміць берасьцейцаў з адказамі ўладаў на рэзалюцыю Народнага сходу, які прайшоў 8 кастрычніка.

Зінаіда Міхнюк кажа, што ў адпаведнасьці з заканадаўствам падала заяўку на правядзеньне гэтага мерапрыемства, ужо пачала рыхтаваць дамовы на абслугоўваньне мітынгу міліцыяй, камунальнікамі і мэдыкамі.

Падрыхтоўка мітынгу ўжо выклікала цікаўнасьць уладаў. Зінаідзе Міхнюк прыйшла позва зьявіцца ў пракуратуру 5 сьнежня а 17 гадзіне. Актывістка не выключае, што яе хочуць папярэдзіць пра недапушчальнасьць парушэньня закону аб масавых мерапрыемствах.

Другі Народны сход у Берасьці не праводзілі. Замест яго аргкамітэт вырашыў правесьці мітынг 10 сьнежня, у міжнародны Дзень правоў чалавека.

Мітынг плянуецца ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў Берасьця. У гэты ж дзень там плянуюць правесьці пікет салідарнасьці з палітвязьнямі берасьцейскія прадстаўнікі праваабарончага цэнтру «Вясна».
XS
SM
MD
LG