Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Спэцыяліст адзін: і ў культуры, і ў сельскай гаспадарцы»


Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з прадстаўнікамі творчай моладзі заклікаў ня зьмешваць мастацтва з палітыкай, «дамагаючыся таннай папулярнасьці, абражаючы ўласную краіну і народ». А таксама не пасварыцца «са сваёй краінай, зь яе прынцыпамі і ідэаламі, якімі б яны ні былі». Як ставяцца да гэтых заклікаў тыя, хто ня трапіў на гэтую сустрэчу?

Сяргей Будкін
Сяргей Будкін
Адзін з кіраўнікоў музычнага парталу «Тузін Гітоў» Сяргей Будкін адзначае, што шэраг творцаў, якія трапілі ў так званы «чорны сьпіс» пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, дагэтуль зазнаюць праблемы з канцэртнымі пляцоўкамі ў Беларусі. Таксама ён спаслаўся на былога дырэктара берасьцейскага Дома культуры чыгуначнікаў Уладзімера Яшчука, які прызнаўся ў інтэрвію «Тузіну Гітоў», што даў дазвол супрацоўнікам КДБ на праслухоўваньне рок-канцэртаў.

«Менавіта дзяржава ўмешваецца ў справы дзеячаў культуры, у справы канцэртныя. Кантралююць, дамагаюцца неяк перашкаджаць дзейнасьці творчых асобаў. Таму кіраўнік, пэўна, нешта паблытаў. Якраз-такі творчым асобам не даюць самавыяўляцца і перамешваюць культуру і палітыку. Бо самі музыканты неаднаразова заяўлялі пра тое, што хацелі б проста выступаць, выконваць свае песьні, але і гэтага ім не даюць рабіць. „Чорны сьпіс“ працуе, ледзь ня кожны тыдзень мы атрымліваем зьвесткі пра забаронены канцэрт. Нават калі творца неяк зьвязаны зь беларускай мовай, культурай, ён адразу выклікае нейкае падазрэньне чыноўнікаў, адказных за культуру. Для ўладаў проста невыгодна, каб гучала беларуская мова, каб гучалі беларускія песьні і вольныя думкі ад людзей, якія маюць сваіх прыхільнікаў».

Зьміцер Вайцюшкевіч
Зьміцер Вайцюшкевіч
Сьпявак Зьміцер Вайцюшкевіч спазнаў на сабе дзейнасьць «чорнага сьпісу» выканаўцаў, канцэрты якіх забараняюцца. Камэнтуючы выказваньні Лукашэнкі, ён адзначыў, што «ня дзеячы культуры падзялілі краіну, а кіраўніцтва краіны».

«Калі культура павінна быць чыстая, як возера Сьвіцязь, то тады няхай так будзе. Проста няма ўжо каму зьяжджаць з краіны. Амаль што ўсе зьехалі. Дзеячы культуры падзелены. Дыскусіі ў краіне няма, ёсьць маналёг, і ён ідзе. Якая розьніца паміж культурай і сельскай гаспадаркай? Бо спэцыяліст адзін, а ўсе астатнія статысты. Кіраўніцтва краіны далёкае ад тэмаў, ад тэндэнцыяў. Тым больш, што такое глыбіня, што такое Беларусь — у кожнага свая любоў да Беларусі, а ў іх там невядома якая любоў».

Віталь Рыжкоў
Віталь Рыжкоў
Паводле маладога паэта Віталя Рыжкова, кіраўнік краіны мэтадычна блытае сябе з краінай і народам. А яго сустрэчу з творчай моладзьдзю ён назваў паказухай.

«Ён увесь час выкарыстоўвае беларускую мову з мэтай навесіць на яе новы цэтлік, што гэта мова „дзеячоў“ і „дзяльцоў“, як ён выказваецца. І гэта мова клясавага ворага. Тлумачыць людзям, якіх проста загналі ў гэтую залю, якім загадалі ўсё гэта выслухаць і прамаўчаць. Сярод гэтых людзей ёсьць напраўду добрыя творцы, якія ўсё гэта слухалі сьцяўшы зубы. Сёньня, калі пасьля майго выступу ў бібліятэцы дырэктарка бібліятэкі піша тлумачальную ў райвыканкам альбо мне адмаўляюць у прадстаўленьні памяшканьня, ні пра якую свабоду творчасьці казаць нельга. Такім творцам, як я, можна выступаць толькі недзе ў падпольлі, на кватэрніках».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG