Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сілавікі распавялі сваё бачаньне справы Кавалёва-Канавалава


Андрэй Швед

Андрэй Швед

У Нацыянальным прэсавым цэнтры адбылася прэсавая канфэрэнцыя прадстаўнікоў сілавых старуктураў. Удзельнікі прэсавай канфэрэнцыі абвінавацілі СМІ ў распаўсюдзе ілжывай інфармацыі пра крымінальную справу.

«Мэта якой — аказаць ціск на ўлады і суд. Камусьці не падабаецца, што праваахоўная сыстэма ў такія кароткія тэрміны выявіла злачынцаў», — заявіў першы намесьнік старшыні Сьледчага камітэту Андрэй Швед.

Швед сказаў, што матывам Канавалава была самарэалізацыя: «Дэстабілізацыя — гэта мэта. Матыў відавочны. Чалавек супрацьпаставіў сябе грамадзтву. Ён такім чынам спрабаваў самарэалізавацца... Там ёсьць свае асаблівасьці, пачынаючы зь дзіцячага ўзросту... Адбылася дэфармацыя асобы».

Ён назваў інфармацыю пра магчымы мантаж відэазапісаў «адкрытай балбатнёй».

Матэрыялы справы не засакрэчаныя. Але агульны доступ грамадзкасьці да справы выключаны. «Нельга камэнтаваць эмоцыі, — заявіў Швед, маючы на ўвазе беларускую і міжнародную рэакцыю на сьмяротныя выракі. — Некаторыя вырашылі на гэтым горы, на гэтай трагедыі сябе расьпіярыць».

Сілавікі не адказалі на пытаньне, калі будзе выкананы сьмяроны вырак, спаслаўшыся на закон.

Андрэй Швед заявіў, што ён на 100% перакананы, што за Дзьмітрыем Канавалавым і Ўладзіславам Кавалёвым, якія асуджаныя за тэракт у менскім мэтро, ніхто не стаіць. І гэтая перакананасьць грунтуецца на выніках працы:

«Мы здабылі бясспрэчныя доказы таго, якім чынам Кавалёў і Канавалаў фармаваліся як злачынцы. Пачынаючы, як яны думалі, зь дзіцячых забаваў — пэтардаў, уключна з падвалам, дзе Канавалаў рыхтаваў працяглы час кампанэнты, палігонам, дзе выпрабоўваў... Па сукупнасьці ўсіх доказаў у мяне і, ва ўсялякім выпадку, у сьледчай групы няма ніякіх сумненьняў, што Канавалаў і Кавалёў — гэта адзіночкі, якія вось такім чынам спрабавалі сябе рэалізаваць у жыцьці».

Шмат у каго ўзьнікала пытаньне, чаму ні на вопратцы, ні на руках ці твары Канавалава, які падчас выбуху знаходзіўся на станцыі мэтро, не знайшлі ніякіх рэшткаў выбуховых рэчываў. Спэцыялісты тлумачылі гэта даволі вялікай адлегласьцю, якая аддзяляла Канавалава ад месца выбуху, і тым, што да затрыманьня прайшоў пэўны час, так што Канавалаў мог элемэнтарна змыць усе рэшткі, нават не выкарыстоўваючы ніякіх спэцсродкаў, а проста мыючы рукі і твар. Галоўны экспэрт дзяржаўнага экспэртна-крыміналістычнага цэнтру Сьцяпан Клімовіч дадаў:

«Магутнасьць выбуху — з той прычыны, што было выкарыстана зьмяшанае выбуховае рэчыва, сумесь, — разьлічыць досыць складана. Таксама гэта складана зрабіць, зыходзячы з канструкцыі самога пэрону станцыі мэтро „Кастрычніцкая“. Баратраўма не магла быць у яго, таму што ён падчас выбуху ўжо знаходзіўся сьпінай да выбуху. Ёсьць тэорыя тунэльнага эфэкту пры распаўсюдзе хваляў. Да таго ж гэты тунэль перакрываўся шкляным шчытом. То бок у першасны момант, калі выбуховая хваля максымальная, ён пад яе ўдар трапіць ня мог».

Ніводзін з удзельнікаў прэсавай канфэрэнцыі ня выказаў ні ценю сумневу ў віне Канавалава і Кавалёва.

Разам з Андрэем Шведам у прэсавай канфэрэнцыі ўдзельнічалі:

  • Аляксей Стук — намесьнік генэральнага пракурора;
  • Алег Пякарскі — часовы выканальнік абавязкаў міністра ўнутраных спраў;
  • Віктар Вягера — першы намесьнік старшыні КДБ.

    Вылічыць месца знаходжаньня падазраваных у тэракце атрымалася дзякуючы таму, што пасьля злачынства яны выходзілі ў краму за сьпіртным, і іх удалося апазнаць, паведаміў Алег Пякарскі.

    «Усё было досыць банальна: пасьля зьдзяйсьненьня злачынства тры чалавекі проста расьпівалі гарэлку, і ім не хапіла. Было прынята рашэньне Канавалавым выйсьці і купіць яе, ён яе і купіў, і прыйшоў у кватэру, — распавёў Алег Пякарскі. — Пасьля гэтага было прынята рашэньне ўваходзіць у кватэру». Паводле яго, пры затрыманьні ўжываліся сілавыя мэтады.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG