Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суседзі Канавалавых: Ахоўнікі за імі ходзяць ценем


Адзін з падвалаў у доме Канавалава.

Адзін з падвалаў у доме Канавалава.

Беларуская і замежная грамадзкасьць неадназначна рэагуе на прысуд меркаваным тэрарыстам Дзьмітрыю Канавалаву і Ўладзіславу Кавалёву. Афіцыйная прапаганда насаджвае перакананьне, што віна абвінавачаных цалкам даказаная і нэўтралізацыя асабліва небясьпечных для грамадзтва элемэнтаў апраўданая. З такой пазыцыяй ня згодныя праваабаронцы, сваякі і сябры асуджаных віцяблянаў. Нават сярод пацярпелых пашыраная думка: працэс праходзіў надзвычай пасьпешліва, і з канчатковым выракам можна было пацярпець.

26-гадовы мянчук Яраслаў Пясецкі атрымаў ад выбуху ў мэтро моцныя апёкі, страціў ногі. Як сумна жартуе, засталося адно калена на дзьве канечнасьці. Пасьля чарговай апэрацыі лекуецца ў Інстытуце артапэдыі і траўматалёгіі ў Менску. Аднак нават пры такіх траўмах на абвешчаны прысуд рэагуе неадназначна:

«Мяне такі прысуд не задавальняе. Бо заўжды застаецца верагоднасьць памылкі. Іншымі словамі — а раптам гэта сапраўды не яны? Таму ў дадзеным выпадку лягічней было б абвяшчаць пажыцьцёвае зьняволеньне, паралельна працягваючы высьвятляць асобы сапраўдных вінаватых. Тады зьявілася б магчымасьць невінаватых апраўдаць. А расстрэл — гэта, шчыра кажучы, занадта. Дый рабілася ўсё ў нейкай сьпешцы. Куды сьпяшацца? Калі адным словам, то стаўленьне да прысуду неадназначнае».
А расстрэл — гэта, шчыра кажучы, занадта. Дый рабілася ўсё ў нейкай сьпешцы

Карэспандэнт: «Як увогуле ваш стан? Што з пэрспэктывай пратэзаваньня?»

«Тыдзень таму мне зрабілі апэрацыю, прыбралі так званы ілжывы сустаў, уставілі ўнутр жалеза. Недзе чатыры дні быў з высокай тэмпэратурай, зараз, здаецца, лягчэй. Што да пратэзаў, то пакуль што меркі не здымалі, чакаюць, пакуль косьці зрастуцца. Таму што на косьці, якія яшчэ не зрасьліся, пратэзы ставіць нельга. Галоўнае, што я хоць і маю адно калена на дзьве нагі, але нават у маёй сытуацыі гэта не крытычна. Бо ведаю чалавека, у якога такія пратэзы ёсьць, ён да мяне сам прыходзіў. І досыць нармальна хадзіў. То бок застаецца дачакацца, пакуль зрастуцца косьці».

Напярэдадні маці Ўладзіслава Кавалёва перадала ў адміністрацыю прэзыдэнта тэкст хадайніцтва аб памілаваньні свайго сына. Любоў Кавалёва яшчэ спадзяецца, што Аляксандар Лукашэнка як сын і бацька яе зразумее. Ці зьбіраюцца змагацца за свайго сына бацькі Дзьмітрыя Канавалава — пакуль невядома. Пасьля арышту Дзьмітрыя да Канавалавых прыставілі ахову. Высьветліць тэлефонны нумар іх кватэры не ўдалося — у службе 109 паведамілі, што «абанэнт закрыты для даведкі».

Суседзі Канавалавых аказаліся больш адкрытымі для кантактаў. Пэнсіянэр Уладзімер Шмакаў жыве акурат над іх кватэрай. Кажа, што бачыць бацьку і маці Дзьмітрыя практычна штодня, у суправаджэньні людзей у цывільным:
Нават калі маці ці бацька выгульваюць сабаку, пры іх кожны раз прыстаўленае суправаджэньне, кшталту аховы

«Нават калі маці ці бацька выгульваюць сабаку, пры іх кожны раз прыстаўленае суправаджэньне, кшталту аховы. Я дагэтуль не магу зразумець — які сэнс у гэтым, дзеля чаго? А шостай раніцы адна машына прыходзіць, у ёй пастаянна два хлопцы. Як толькі Канавалавы выходзяць, тыя за імі сьледам. Ведаю, бо машына стаіць якраз пад нашым вакном ці з тарца дома. Потым з абеду заступае другая зьмена, і таксама да 9-й — 10-й гадзіны вечара сядзяць, пільнуюць. Самі яны ня вельмі набіваюцца на кантакты — зразумела, такое гора, такі ўдар, з кім тут пра што гаварыць? Але дзеда іх вельмі добра ведаў, дзед прыкладна маіх гадоў быў, але памёр ужо. А бацькі і раней ня вельмі былі кантактныя. Можа, розьніца ва ўзросьце вялікая. Мы пэнсіянэры, а яны яшчэ параўнальна маладыя».

Уладзімер Ягоравіч кажа, што «шарсьціць» падвал Канавалава, дзе нібыта вырабляліся бомбы для выбухаў, пачалі яшчэ падчас судовага працэсу, хоць афіцыйнае рашэньне зьнішчыць усё зьмесьціва «лябараторыі» прагучала падчас абвяшчэньня выраку 30 лістапада. Як кажа спадар Шмакаў, штосьці выносілі, заадно абрэзаўшы электрычныя правады. Таксама цікаўлюся ў суразмоўцы: ці сапраўды, на ягоную думку, рэальна зрабіць выбухоўку ў такім маленькім памяшканьні?
А магло ж і рвануць разам з усімі намі: ён рабіў гэтыя сумесі, ня ведаючы, што ня выбухне выпадкова

«У тым падвале камунальнікі былі адносна нядаўна, зрабілі там прыборку. Што было патрэбнае, тое, відаць, забралі, а лішняе выкінулі. Дарэчы, я ў яго там аднаго разу быў. Ён там сядзеў, а я заходзіў нешта забіраў са свайго катуха. Ну дык ён сядзеў, прайгравальнік граў. Калі старыя дамавітыя людзі свае падвалы пры магчымасьці пашыралі, то ў яго як была стандартная клетка, так і засталася. Квадрат дзесьці мэтар дваццаць на мэтар дваццаць. Некаторыя журналісты разышліся, напісалі высакапарна, што там цэлая лябараторыя. Якая лябараторыя? Кульгавы стол стаіць і дзьве табурэткі. Але, думаю, месца для вопытаў хапала. Налаўчыўся кампанэнты зьмешваць — за паўтары хвіліны ці нават меней, як па тэлевізары паказвалі. А магло ж і рвануць разам з усімі намі: ён рабіў гэтыя сумесі, ня ведаючы, што ня выбухне выпадкова».

Тым часам афіцыйная прапаганда працягвае пераконваць грамадзкасьць, што Канавалаў і Кавалёў вінаватыя і што вышэйшая мера пакараньня для іх — адзіна магчымая.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG