Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кучарэна: Сурыкаў ня згодны з афіцыйнай лініяй сваёй дзяржавы?


У Грамадзкай палаце Расеі зьдзіўленыя пазыцыяй пасла Расеі ў Беларусі Аляксандра Сурыкава ў сувязі з вынясеньнем сьмяротнага прысуду па справе аб тэракце ў мінскім мэтрапалітэне.

«Выказваньне падтрымкі сьмяротнага пакараньня двум падсудным у Менску з боку расейскага амбасадара проста недапушчальнае», — заявіў член Грамадзкай палаты Расеі Анатоль Кучарэна.

Паводле яго слоў, «пазыцыя амбасадара ў Беларусі супярэчыць афіцыйнай пункту гледжаньня расейскай дзяржавы па праблеме сьмяротнага пакараньня».

«Што гэта значыць: амбасадар ня згодны з афіцыйнай лініяй дзяржавы, якую ён прадстаўляе? Бо вядома, што ў Расеі сьмяротнае пакараньне адменена. Як дзяржаўны чыноўнік, ён абавязаны прытрымлівацца гэтай пазыцыі. Вось выйдзе на пэнсію, тады хай і выкладае свой прыватны пункт гледжаньня », — сказаў А. Кучарэна.

Ён нагадаў, што ў Расеі дзейнічае афіцыйная забарона на вынясеньне сьмяротных прысудаў.

А. Сурыкаў раней выказаўся ў падтрымку сьмяротнага прысуду Дзьмітрыю Канавалаву і Ўладзіславу Кавалёву, якія ў сераду былі прызнаныя Вярхоўным судом вінаватымі ў зьдзяйсьненьні тэракту ў мінскім мэтро і прысуджаныя да сьмяротнага пакараньня.

«Мой асабісты пункт гледжаньня: на такія жорсткія рэчы ў адносінах да людзей павінен быць адэкватны адказ, і нам дэмакратычная Амэрыка ў гэтым сэнсе дае адэкватны прыклад», — сказаў А. Сурыкаў на прэс-канфэрэнцыі ў сераду ў Менску.

Камэнтуючы па просьбе журналістаў сьмяротны прысуд, А. Сурыкаў заявіў: «Вы спытаеце людзей на вуліцы, яны вам адразу ж адкажуць. Грамадзтва, беларускае і расейскае, калі правесьці нармальнае апытаньне, скажа: у выпадку такіх злачынстваў супраць чалавека і грамадзтва — сьмяротнае пакараньне».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG