Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асьпіранту інстытуту фізіялёгіі Нацыянальнай акадэміі навук магілёўцу Аляксею Паўлоўскаму адмовілі ў інтэрнаце і пагражаюць адлічэньнем. Хлопец заяўляе, што такім чынам адміністрацыя навучальнай установы помсьціць яму за актыўнасьць у адстойваньні сваіх правоў і правоў іншагародніх студэнтаў.

Аляксей Паўлоўскі паступіў у асьпірантуру 1 лістапада. Як ён сьцьвярджае, яму гарантавалі месца ў інтэрнаце, аднак на працягу двух тыдняў месца так і ня выдзелілі. У такой жа сытуацыі апынуліся і іншыя студэнты.

"Я ўсё чакаў. Потым пайшоў у жыльлёвую камісію – там мне сказалі, што для ўсіх месцаў не хапае. Зноў чакаў. Потым мы склалі заяву, у якой абгрунтавалі, што маладым навукоўцам даводзіцца свой вольны час аддаваць не на вучобу, а на тое, каб зарабляць грошы на кватэру. Там жа напісалі, што калі вы нам не дасьцё інтэрнат, то мы пададзім у Менскі гарвыканкам заяўку на акцыю-мітынг "За квітнеючую Беларусь з койка-месцамі для ўсіх". Пасьля на падпісантаў пачаўся ціск. Яны пісьмова паадмаўляліся ад сваіх подпісаў. Мяне ніхто пра тое не прасіў, але ад мяне пачалі адмаўляцца мае навуковыя кіраўнікі. Пачалі намякаць, каб я добраахвотна сыходзіў, бо мне ўсё роўна не дадуць вучыцца. Нібыта сваім лістом я некага пакрыўдзіў", – тлумачыць сытуацыю Аляксей Паўлоўскі.

Днямі інтэрнат усё ж пачалі засяляць студэнты й асьпіранты. У сьпіс улучылі й Паўлоўскага, але толькі на адны суткі.

"У жыльлёва-бытавой камісіі мне сказалі, што ім патэлефанавалі зьверху і сказалі, што ордэра Паўлоўскаму не даваць, бо паступіў загад на яго адлічэньне. Я пісьмова зьвярнуўся да адміністрацыі і навуковай рады з просьбай патлумачыць мне гэтае пытаньне. У вуснай гутарцы мне сказалі, што пакуль ты вучысься, дык вучыся, але чуткі пра загад на тваё адлічэньне ёсьць. Я не парушаў ніякіх правілаў распарадку. У іх няма падставаў мяне адлічваць. Яны абавязаныя зацьвердзіць тэму маёй дысэртацыі. Адлічыць яны мяне могуць толькі з парушэньнем закону", – зазначае Аляксей Паўлоўскі.

Аляксей Паўлоўскі скончыў Магілёўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Куляшова, потым два гады адпрацаваў у сельскай школе. Скончыў магістратуру ў тым унівэрсытэце зь сярэднім балам – 9. Ён сын прафсаюзнага актывіста з Магілёва, таксама Аляксея Паўлоўскага.

Паўлоўскі-старэйшы вядомы сваімі зваротамі з патрабаваньнямі да кіраўніцтва Беларусі ды скаргамі. У адным са зваротаў ён прасіў міністра інфармацыі Алега Праляскоўскага патлумачыць яму паняцьці "казёл" і "вашывы". Нагодай для звароту стаў выступ 26 красавіка Аляксандра Лукашэнкі, у якім той сказаў "не хачу гаварыць пра ўсялякіх Барозу, іншых казлоў", а кіраўніцтва Ўкраіны ўпікнуў, што ў ім "вашывасьці хапае".
XS
SM
MD
LG