Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Найбольш карумпаваныя – сфэры кантролю, падаткаў, мытня, памежнікі, праваахоўныя органы»


Сяргей Балыкін

Сяргей Балыкін

Паводле міжнароднага індэксу ўспрыняцьця карупцыі Беларусь апынулася на 143 месцы. Найбольш высокае, першае месца, што азначае мінімальны ўзровень карупцыі, займае Новая Зэляндыя. Год таму Беларусь знаходзілася вышэй, на 127 месцы. У якіх сфэрах беларускага жыцьця карупцыя найбольш прыкметная? Чаму ў Беларусі, дзе столькі кантрольных органаў, карупцыя не памяншаецца? На гэтыя пытаньні адказвае кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін.

Цыганкоў: Ці згодны вы са сьцьверджаньнем міжнародных аналітыкаў пра высокі ўзровень карупцыі ў Беларусі? Якія сфэры беларускага жыцьця найбольш карупцыйныя?

Балыкін: Натуральна, узровень карупцыі ў Беларусі падвысіўся. Найперш гэта тычыцца эканомікі і фінансавай сфэры. Часткова гэта зьвязана з нашым валютным крызісам, бо бязь нейкага хабару пэўны час валюту нельга было набыць. Думаю, што найбольш карумпаваныя сфэры – гэта сфэры кантролю, падаткаў, мытня, памежнікі, праваахоўныя органы.

Цыганкоў: У многіх людзей жыве перакананьне, што чым больш кантрольных органаў, тым менш карупцыі. Але Беларусь па колькасьці кантрольных структураў займае ці ня першае месца, але карупцыя не зьмяншаецца.

Балыкін: Пытаньне ў тым, у якіх умовах дзейнічае наш бізнэс і розныя кантрольныя структуры. Яны дзейнічаюць ва ўмовах, калі просты чалавек ня мае ніякіх правоў, а кантралёры маюць «царскія паўнамоцтвы». У такіх умовах, калі бізнэс, суб'ект гаспадараньня, грамадзянін ня мае ніякіх магчымасьцяў супрацьстаяць дзеяньням кантралёраў, то, натуральна, ён будзе спрабаваць даць нейкі хабар, адкупіцца. Тым болей будзе наша заканадаўства заблытаным, тым болей будзе карупцыі.

Цыганкоў: Першыя месцы ў гэтым рэйтынгу, найменш карумпаваныя краіны – гэта дзяржавы з устойлівай дэмакратыяй і рынкавай эканомікай. Банальнае пытаньне – але пра што гэта кажа?

Балыкін: Калі існуе грамадзкі кантроль за дзейнасьцю чынавенства, паліцыі, калі кожны можа адкрыць свой бізнэс, калі кожны ведае свае правы і абавязкі, тады і ўзровень карупцыі будзе самы нізкі. Гэта і ёсьць дэмакратыя і рынкавая эканоміка.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG