Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звольненая выкладчыца правоў чалавека судзіцца з Інстытутам правазнаўства


Натальля Васілевіч

Натальля Васілевіч

У Маскоўскім судзе Менску пачаўся разгляд пазову былой выкладчыцы Натальлі Васілевіч да Беларускага інстытуту правазнаўства. Справу вядзе судзьдзя Вольга Гусакова. На першае паседжаньне прыйшло шмат студэнтаў былой выкладчыцы.

Васілевіч: «Міліцыянты чамусьці спрабавалі перапісаць іх прозьвішчы, спасылаліся на загад старшыні суду. Яшчэ мне вядома, што такую ж спробу высьветліць, хто мяне падтрымлівае, зрабіла і адміністрацыя БІП».

Натальля Васілевіч адпрацавала выкладчыцай Беларускага інстытуту правазнаўства болей за 2 гады, выкладала канстытуцыйнае права, тэорыю дзяржаўнага кіраваньня, правы чалавека. Нараканьняў на сваю працу ня мела, інстытут нават вылучыў яе кандыдатуру ў народныя засядацелі Маскоўскага раённага суду. Падчас прэзыдэнцікх выбараў 2010 году Натальля Васілевіч была назіральнікам на 104-м выбарчым участку і пасьля выбараў расказала журналістам францускага радыё пра парушэньні на яе ўчастку, у тым ліку пра зьнікненьне 500 бюлетэняў.

Васілевіч: «Мой камэнтар перадрукаваў сайт belaruspartisan.org, які вельмі ўважліва чытаюць чыноўнікі і спэцслужбы. І пасьля гэтага ў мяне пачаліся праблемы. У выніку дайшло да звальненьня, якое я аспрэчваю, бо лічу яго незаконным».

Выкладчыцу, якая спраўна працавала з пачатку навучальнага году, толькі болей як праз два тыдні азнаёмілі з загадам аб звальненьні з 1 верасьня.

Натальля Васілевіч дамагаецца аднаўленьня на працы і кажа, што калі яе звальненьне суд прызнае законным, пацерпяць каля 150 студэнтаў і асьпірантаў, у якіх яна прымала залікі і пісала рэцэнзіі, хаця, паводле загаду, была звольненая.

Працяг суду — 7 сьнежня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG