Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як чэская фэрмэрка перамагла дзяржаву


Людміла Гаўранкава
Людміла Гаўранкава
Амаль два дзясяткі гадоў працягвалася ў Чэхіі спрэчка паміж прыватнай уласьніцай зямельных надзелаў і дзяржавай. Урэшце фэрмэрка Людміла Гаўранкава перамагла: дзяржаўны Зямельны фонд адкупіў ад яе надзелы, якія патрабуе для будаўніцтва аўтатрасы. Амаль за 5 мільёнаў даляраў.

Неўзабаве пасьля аксамітнай рэвалюцыі Людміла Гаўранкава атрымала па рэстытуцыі зямельныя надзелы, што раней належалі яе сям’і. У Чэхіі зноў вярнулася прыватная ўласнасьць на зямлю. Але сялянка па натуры Гаўранкава нядоўга цешылася, што зоймецца фэрмэрствам. Неўзабаве стала вядома, што менавіта па яе палях плянуецца правесьці аўтастраду, якая павінна злучыць Прагу з Градцам Кралавым. Далей гэтая дарога павінна ісьці аж да польскай мяжы.

Першай рэакцыяй сялянкі была думка сапраўды зямлю прадаць. Але напачатку на яе прапановы аб продажу ўчасткаў ніхто з чыноўнікаў не рэагаваў. Тады Гаўранкава пачала прадаваць некаторыя ўчасткі экалягічным актывістам за сымбалічную цану. Тым часам аўтадарогу пачалі будаваць і ўрэшце яна спынілася за 6 кілямэтраў ад Градца Кралава, упёршыся ў тыя самыя гаўранкаўскія палі. Тут ўжо фэрмэрка вырашыла, што грошай ня хоча, бо ўсё жыцьцё прывыкла працаваць, а хоча свае палі памяняць на іншыя, каб далей гаспадарыць. За 13 гектараў , што ляжалі ў плянаваным маршруце дарогі, ёй прапанавалі 250 гектараў іншых гаспадарчых палеткаў.

Чаму такая розьніца? Таму што цана зямлі на рынку розная. Участкі Гаўранкавай набылі стратэгічнае значэньне, яны разьмяшчаліся ўжо ў зоне забудовы, а аддаленыя палі, ясна, такой цаны ня маюць. Але, урэшце, некаторыя ўрадавыя чыноўнікі прыйшлі да высновы: а ці не зашмат ёй? Потым дзяржава пачала размаўляць з Гаўранкавай з пазыцыі сілы: калі нам не прадасьце ўчасткі, мы іх нацыяналізуем.

Справа ў тым, што зямельнае заканадаўства Чэхіі прадугледжвае такі крок у выключных выпадках, калі, напрыклад, уласьнік блякуе асабліва важную стратэгічную будоўлю і калі не рэагуе на фінансавыя прапановы. Урэшце цяперашні ўрадавы кабінэт зрабіў Людміле Гаўранкавай апошнюю прапанову, ад якой ёй было цяжка адмовіцца: 90 мільёнаў крон за 11 гектараў, а таксама абмен часткі плошчаў на іншыя палеткі. Гаўранкава пагадзілася, да канца году купчая ў гэтай унікальнай зямельнай зьдзелцы павінна быць зарэгістраваная ў чэскім зямельным кадастры.

Чэская фэрмэрка перамагла дзяржаву. За свае 11 гектараў яна атрымае ў пераліку амаль пяць мільёнаў даляраў. Большасьць чэхаў перакананая, што яе няўступлівая пазыцыя была правільнай, некаторыя, аднак, лічаць, цану выкупу занадта высокай. У кожным выпадку, такая перамога можа толькі мроіцца многім менчукам, якія за свае дамы з прысядзібнымі ўчасткамі ў сталіцы, што ідуць пад знос, атрымліваюць часам сьціплыя аданапакаёўкі.

Ахвяры Мэтрабуду пратэстуюць

Дом спалілі, гаспадар - у шпіталі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG