Лінкі ўнівэрсальнага доступу

От, «юбілей» у нас, у гарадзенцаў. Дакладна паўстагодзьдзя таму ў цэнтры гораду ўлады аграмадны выбух зрабілі. Слава дынаміту! Самы стары каталіцкі храм гатычнага абрысу — вядомую Фару Вітаўта разбурылі. Па-ангельску, здаецца, слова юбілей канкрэтна азначае менавіта лічбу пяцьдзесят: дата значная, каб паразважаць пра зробленую гораду жорсткую страту.

Фара Вітаўта


Калі кіраўнік дзяржавы фундуе храм, які робіцца дамінантай гораду, то гэта падзея ў аналах на вякі. Так, дзякуючы вялікаму князю Вітаўту ў Горадні паўстаў драўляны касьцёл, які пазьней перабудаваў у каменны кароль і вялікі князь, само сабой, Стафан Баторы. Словам, пабудова вялікай важнасьці, гонар гарадзенцаў.

Паўстагодзьдзя таму савецкае начальства вырашыла: узарваць і ніякіх гвазьдзей. Наперадзе чакаў камунізм, храмы перашкаджалі будаваць яго фарсіраванымі тэмпамі. Прабачэньня за ўчыненае ўлада прасіць, ясна, не зьбіраецца.

Баян за выбух


Краязнаўца Віктар Саяпін друкуе сёньня цікавыя зьвесткі: вайскоўцаў, якія рыхтавалі Фару Вітаўта да выбуху, было вырашана ўзнагародзіць на 630 рублёў: «За гэтыя грошы былі куплены падарункі, у тым ліку дзевяць гадзіньнікаў па цане 26-30 рублёў, адзін залаты — за 130 (верагодна камандзіру. — С.А.), некалькі партабакаў, адзін баян і адзін акардэон коштам 92 рублі 50 капеек. Падарункі былі ўручаныя на агульным сходзе асабовага складу часткі».

Напэўна цывільнае начальства пазайздросьціла ваякам і запатрабавала фінансавую справаздачу. Пасьля абкам партыі перадаў справу ў пракуратуру, некаторых пакаралі. Не за зьнішчэньне помніка архітэктуры, а за 61 рубель і 14 капеек: вінаватыя ня здолелі падмацаваць выдаткаваную суму чэкамі.

Юначка-ПАДрыўніца


Першая мая гарадзенская восень, пачатак зімы для мяне зьвязаны з начной рэдакцыяй. Вычытка бясконцых дакладаў напаўжывога генсека, а ў перапынку — на шэрых газэтных аркушах спробы апавяданьня пра разбурэньне касьцёлу. Я вырашыў пачаць менавіта з Фары Вітаўта. Гэтае здарэньне — драма, якую я бачу ў будучыні на тэатральнай сцэне, бачу таксама кінафільм.

Што да апавяданьня, атрымалася ўрэшце, хоць цяжка было: «Разбурылі яго не адразу. Кепская прыкмета. Трывалы аказаўся. Сьпярша, пасьля выбуху, страха абрынулася ўсярэдзіну... Кабета тая надта ж хвацкая была, аднак. Так, баба касьцёл падарвала. Хто б мог падумаць! Трэба ж, вось гэта рука! Жалезная. Вежа, званіца, як быццам прыўзьнялася, памкнулася ўгару, у паднеб’е. Зь нейкім нялюдзкім уздыхам (…). Хвацкая была кабеціна. Казалі, зь Ленінграду прыехала».

Ну, гэта — літаратура, а вось краязнаўца Віктар Саяпін публікуе падрабязнасьці, у тым ліку ўспамін удзельніка: «Узрывала касьцёл дзяўчынка-вундэркінд (так у арыгінале. — С.А.) зь Ленінграду. Яна адзіная ў Савецкім Саюзе была такая — падрыўнік вышэйшай клясы. Маленькага расточку, вельмі маленькая. Яна прыходзіла, сядала на кукішкі — у яе такі блякноцік быў малюпаткі — лічыла вугал сьвідраваньня і глыбіню шурфа. Яна разьлічвала, давала вугал прарабу».

«Вайсковая апэрацыя» ў Горадні працягвалася, удзельнік успамінаў: «Пасьля таго, як мы аб’ехалі пасты і далажылі, што горад перакрыты, усё начальства сышло ў БТР-ы, усе да адзінага. І гэтае дзіцё маленечкае (так ў арыгінале. —С.А.), яно пашапталася зь дзедам-прарабам, і пайшла яна ў наладаваны замінаваны касьцёл правяраць узрывацелі. Калі яна сказала, што ўсё ў парадку, яны выйшлі з прарабам у цэнтар Савецкай плошчы. Дзед крутануў машынку… Адразу — агонь па колу. Касьцёл прыўзьняўся і стаў павольна асядаць, складацца ўсярэдзіну. Настолькі яна дакладна разьлічыла, што ён ні ў адзін з бакоў ня падаў. Калі ўсё закончылася, гэтае дзіцё ўскочыла на шыю дзеду, і яны танчылі на плошчы…»

Прачытаеш такое, як прыгаломшаны робісься, слоў няма, хіба цытата з правадыра будзе дарэчы: «Гэта непараўнаўча мацней за «Фаўста» Гётэ, дарагія таварышы…»
На гэтым месцы была Фара Вітаўта

На гэтым месцы была Фара Вітаўта


Сьметніцы і фаервэркі


Для іншагародніх: на месцы зьнішчанага храма проста сквэрык, нічога больш. Дзеля гэтага ўзрывалі? Можа й лепш, што хрушчоўку не паставілі зьверху. Разбурыць хрушчоўку было б не-рэ-альна. А так застаецца шанец. Але кволы-кволы. Пры гэтым начальстве, зразумела. Якое зь ленінскай патыліцай у вачах, што за вакном. Увесь час глядзіць Леніну ў сьпіну! Але ў іх сьмеласьці не хапае, хаця прыбраць Леніна з вачэй значна лягчэй, чым вялізны храм, не патрэбна сьвідраваць нічога, узрывацелі правяраць.

Што праўда, яно ў апошнія гады вырашыла сквэр на касьцельных падмурках «аблагародзіць» — паставілі зь дзясятак сьметніц, каб паперак не было накідана. І знайсьці выкарыстаньне паспрабавала: на сьвяты сталі абгароджваць сквэр, ставіць варту, і фаервэркі там рабіць. Чорны гумар нейкі, словам.

Паставіць крыж на гэтым месцы, як прасілі людзі, начальства ніяк не згаджалася. Мне падумалася: а каб помнічак падрыўніцы зь Ленінграду? Ніхто не дадумаўся прапанаваць? Але можа чыноўнікам гэта якраз болей адпавядала. Бо яна выканала рашэньне гарадзкіх уладаў, падпісанае таварышам Воранавым — галавой выканкаму. Называлася яно шчыра цынічна: «Аб мерах па абрушэньні будынка былога вайсковага касьцёлу».

Удумаесься ў назву, і лёгіка кабінэтнікаў робіцца зразумелай: адбудаваць храм — значыцца прызнаць незаконным рашэньне яго разбурыць, адмяніць яго! Але гэта парушэньне субардынацыі, здрада! Савецкая ўлада ня можа касаваць свае рашэньні, бо гэта да сьмерці падобна! Сваіх папярэднікаў абвяргаць? Яны ж у чырвоную кнігу залатымі літарамі ўпісаныя! А грошы якія былі выдаткаваныя зь бюджэту, каб такую гаргару зваліць, сьцены па чатыры-пяць мэтраў таўшчынёй былі!

Зрэшты, нейкі зрух наступіў. Размаўляў днямі з адным скульптарам: быў у выканкаме, начальства дала адмашку паставіць на месцы разбураных храмаў памятныя знакі. Але папярэдзілі: што да Фары Вітаўта, абавязкова трэба пазначыць, што цар зрабіў касьцёл царквой.

Склад зброі


Усе ўчынкі цароў сёньня сьвятыя нароўні зь ленінскімі. Пасьля захопу нашых земляў ім няцяжка было разабрацца, што храм гарадзенскі фундаваў Баторы, якога яны ненавідзелі. Калі кароль памёр раптоўна ў Старым замку ў сьнежні 1586 году, і пра гэта распаўсюдзілася навіна, па ўсёй Масковіі званілі званы, набажэнствы адбываліся радасныя. Ненавідзелі яго, што выгнаў іх, акупантаў, зь беларускіх земляў, што даваў ім дыхту надалей...

Пазваніў тут мастак знаёмы: чым займаесься? Пішу пра Фару. То зайду зараз, раскажу сёе-тое… Ягоны цесьць апошнім зь месьцічаў быў у касьцёле перад выбухам. Вывозіў хімічныя рэчывы аднаго прадпрыемства, чый склад быў у храме. Бачыў, як сьвідруюць дзіркі, як рыхтуюць да зьнішчэньня, падпіску ўзялі «аб неразгалошаньні».

Я б асабіста на памятнай дошцы абавязкова напісаў, што быў касьцёл ня толькі царквой, але таксама — складам зброі, запчастак, абутку, парашутнай вышкай, кіназаляй і фізкультурнай. Тым самым улада б паказала турыстам, што ўсяляк пружылася знайсьці месца непатрэбнай пабудове ў новым сацыялістычным жыцьці архаічнага гораду.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG