Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стан няўдалага самагубцы адмаўляюцца камэнтаваць і ў калёніі, і ў лякарні


Пра стан здароўя, у якім знаходзіцца асуджаны Івацэвіцкай калёніі Уладзімер Абухоўскі, адмаўляюцца гаварыць як супрацоўнікі ПК-5, так і лекары берасьцейскага абласного шпіталю. Менавіта сюды, у апёкавае аддзяленьне, вязьня пасьля яго няўдалай спробы самаспаленьня 24 лістапада перавялі з рэанімацыі Івацэвіцкай раённай лякарні.

Тамтэйшыя мэдыкі ацэньвалі сытуацыю як цяжкую і канстатавалі, што ў Абухоўскага абгарэла прыкладна 30% цела.

У адказ на чарговы запыт праваабаронцаў з “Плятформы” начальнік апэратыўнага аддзелу калёніі маёр Гейц адмовіўся што-небудзь паведаміць пра здароўе асуджанага Абухоўскага.

Прыкладна такая самая рэакцыя была і з боку берасьцейскіх спэцыялістаў з апёкавага аддзяленьня. Яны спаслаліся на загад кіраўніцтва шпіталю не распаўсюджваць зьвестак пра пацыента Абухоўскага, “пра якога і так шмат пытаюцца”.

Тым часам з самой ПК-5 прасачылася інфармацыя пра тое, што стала падставай для гэтай трагедыі.

Як паведаміла ананімная крыніца, прыкладна за тыдзень да спробы суіцыду пацярпелы падаў заяву начальніку атраду, што адмаўляецца ад прыёму ежы да таго часу, пакуль адміністрацыя не адрэагуе на яго скаргу. Праз сем дзён асуджаны зайшоў даведацца, што зь ягонай скаргай. У адказ пачуў: «Я ня памятаю, куды паклаў тваю заяву, напэўна, згубіў».

Неўзабаве пасьля гэтага зьняволены Абуховіч падпаліў сябе.

Таксама, паводле ананімнай крыніцы, цяпер у штрафным ізалятары ПК-5 у Івацэвічах галадае асуджаны Сяргей Глушак. Ён ня згодны з тым, што яго кінулі ў штрафны ізалятар за кантакты зь незалежнымі СМІ. Зьняволены дасылаў у рэдакцыі свае нататкі. На “Радыё Свабода” некалькі разоў гучала турэмная лірыка асуджанага. Таксама ён расказваў пра свой удзел у музычным праекце калёніі “Рок супраць наркотыкаў”, дзе гучалі яго песьні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG