Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІЧ: «Кампанейшчына — ёсьць, эфэктыўнай прафіляктыкі — няма»


Памятны знак ахвярам ВІЧ-СНІД у Сьветлагорску.
Памятны знак ахвярам ВІЧ-СНІД у Сьветлагорску.
З98 выпадкаў ВІЧ-інфэкцыі зарэгістравана сёлета за 10 месяцаў на Гомельшчыне. Гэта самы высокі ў краіне паказьнік распаўсюду небясьпечнай інфэкцыі.

У рэгіёне няма зараз ніводнай адміністрацыйнай тэрыторыі, дзе не былі б зарэгістраваныя выпадкі ВІЧ-інфэкцыі. Але калі, напрыклад, у Кармянскім, Чачэрскім, Брагінскім раёнах за дваццацічатырохгадовы пэрыяд назіраньня выяўлена 7-12 выпадкаў ВІЧ-інфікаваных людзей, то ў Жлобінскім — 1037, у Сьветлагорскім — 3015.

На 76 асобаў павялічылася сёлета колькасьць хворых у абласным цэнтры і склала агулам 779 выпадкаў. І гэта нягледзячы на ўсе прафіляктычныя высілкі санітарнай службы, розных афіцыйных грамадзкіх арганізацыяў.

У аддзеле прафіляктыкі СНІДу абласнога цэнтру гігіены й эпідэміялёгіі кажуць, што сёлета павелічэньне колькасьці ВІЧ-інфікаваных адбывалася пераважна праз сэксуальныя кантакты — 84 адсоткі:

«Рост захворваньняў полавым шляхам ідзе ўжо некалькі гадоў. Іньекцыйны сыходзіць на нішто — толькі адзінкавыя выпадкі. Бязладныя полавыя сувязі — таму так і адбываецца».

Спадар Сяргей, лекар са Сьветлагорску, дзе жыве й памірае найбольшая колькасьць людзей, хворых на СНІД, лічыць, што ў справе прафіляктыкі сьмяротна небясьпечнай хваробы багата фармалізму:

«Гэта хутчэй кампанейшчына, а эфэктыўнай прафіляктыкі няма. Ну, павесілі ўсе гэтыя малюначкі, што нельга, што засьцерагайцеся. Па-першае, прэзэрватыў не заўсёды засьцерагае ад вірусу — гэтых найдрабнейшых мікраарганізмаў. Нават з прэзэрватывам няма гарантыі, што ня будзе гэтых мацэрацыяў, і вірус не пранікне ў цябе».

Лекар кажа, што бязладным полавым сувязям, як правіла, папярэднічае пьянства, сацыяльная апатыя. І наркаманія ня зьменшылася — проста шпрыцы сталі даступнымі, і ўжо адным ня колецца шмат наркаманаў:
Наркаманія не пайшла моцна на спад. Проста шлях заражэньня праз шпрыцы зьнізіўся, бо яны сталі больш даступнымі, яны недарагія

«Іншы раз у лес заедзеш, у недаступныя мясьціны — і там валяюцца шпрыцы, валяюцца прэзэрватывы. У лесе, далёка ад гораду. Што там рабіць наркаману? Атрымліваецца, яны й туды дабіраюцца. Наркаманія не пайшла моцна на спад. Проста шлях заражэньня праз шпрыцы зьнізіўся, бо яны сталі больш даступнымі, яны недарагія».

Спадар Сяргей згадвае, што ў некаторых краінах дзеля прафіляктыкі дазволена ў аптэках прадаваць лёгкія наркотыкі. Але зь цяперашняй культурай і мэнтальнасьцю беларускіх грамадзянаў такія прафіляктычныя захады наўрад ці неўзабаве набудуць практычныя абрысы.

Яшчэ адзін лекар са Сьветлагорску, спадар Уладзімер, лічыць, што ў рэгіёне недастаткова разьвітая сыстэма сацыяльнай і псыхалягічнай рэабілітацыі ВІЧ-інфікаваных:

«Ня разьвітая сыстэма сацыяльна-працоўнай і псыхалягічнай рэабілітацыі гэтых хворых. У нас ёсьць мэдычныя ўстановы, якія займаюцца лячэньнем. Зьнялі „ломку“ — і ўсё на гэтым. А гэтыя людзі патрабуюць працы — зь іх псыхікай, якую яны згубілі зь цягам часу. Сацыяльныя, прафэсійныя сувязі парушылі. Гэтая сыстэма ў нас ня разьвітая. У Сьветлагорску, у параўнаньні зь іншымі мясьцінамі, ёсьць добрыя прыклады. У прыватнасьці, разьвіцьця рэабілітацыйных цэнтраў. Але ў апошні час яны маюць пераважна рэлігійную скіраванасьць. Рэабілітацыя вядзецца на біблейскіх прынцыпах. А я лічу, што тут павінны быць яшчэ і сацыяльна-псыхалягічныя й псыхатэрапэўтычныя напрамкі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG