Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Беларусі ВІЧ-інфікаваных не дыскрымінуюць толькі там, дзе ня ведаюць пра іх статус


1 сьнежня – Сусьветны дзень барацьбы са СНІДам. У Беларусі на 1 лістапада 2011 году зарэгістраваны 12 751 выпадак ВІЧ. Дзьве траціны інфікаваных – маладыя людзі ва ўзросьце ад 15 да 30 гадоў.

Сёлета з пачатку году выяўлена амаль 1 тысяча новых ВІЧ-інфікаваных. У параўнаньні зь мінулым годам — рост амаль на 14%.

У Беларусі ВІЧ-інфікаваных не дыскрымінуюць толькі там, дзе пра іх статус невядома. Вячаслаў Самарын, старшыня Рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская супольнасьць людзей, якія жывуць зь ВІЧ», кажа:

«Калі чалавек ідзе даведвацца пра свой статус альбо нават толькі кажа знаёмым, што ідзе праверыцца на ВІЧ, адразу ж падпадае пад крытыку ці падазрэньне: «Ты што, наркаман?». То бок чалавека адразу ж адносяць да нейкай маргінальнай групы».

Ну а калі статус ВІЧ-інфікаванага пацьвярджаецца, то нават самі лекары, здавалася б, людзі адукаваныя і ведаюць, якімі шляхамі гэта інфэкцыя перадаецца, адмаўляюць у аказаньні мэдычнай дапамогі:

«Мы праводзілі нядаўна дасьледаваньне па вызначэньні дыскрымінацыі людзей, што жывуць зь ВІЧ у беларускім грамадзтве, і лічба, калі нават у мэдычных паслугах адмаўлялі, дасягнула 50% ад ліку ўсіх апытаных. Гэта вельмі трывожная тэндэнцыя, калі самі мэдыкі адмаўляюцца чалавеку, да прыкладу, лячыць зубы, рабіць апэрацыю. Гэта не паўсюль, але часьцяком здараецца».

Праблемы і з працаўладкаваньнем. Асабліва ў невялікіх гарадках, дзе заўсёды знойдуцца тыя, хто пад вялікім сакрэтам распавядуць іншым, як было з адным хлопцам у Горках: супрацоўнік ваенкамату шапнуў дырэктару школы... І давялося маладому чалавеку нават памяняць месца жыхарства:

«У мяне нармальна, у кагосьці ненармальна. Таму што я не баюся заявіць, што я — ВІЧ-інфікаваны і буду адстойваць свае правы, калі нехта паспрабуе «наехаць». А зь іншымі — горш. Адна наша дзяўчына вымушаная была памяняць некалькі месцаў працы. Яна ў Воршы — адзіная актывістка, якая нешта робіць, «сьвеціцца на мерапрыемствах, хаця свой статус ніколі не адкрывала. Яе проста бачылі ў нашай кампаніі і кожны раз прасілі зьмяніць месца працы».

За 14 гадоў ад ВІЧ-інфікаваных мацярок нарадзілася 1922 дзіцяці. Толькі сёлета – амаль паўтары сотні. Але дыягназ «ВІЧ-інфэкцыя» пацьвердзіўся толькі ў 198 дзетак, то бок 90% дзетак цалкам здаровыя.

У 2005 годзе Юля пазнаёмілася з маладым чалавекам, зь якім у яе адзін раз быў неабаронены сэкс. Потым яны разьбегліся ў розныя бакі. А Юля празь некаторы час даведалася пра свой дыягназ. Потым сустрэла маладога чалавека, якога гэта не напалохала. Яны пабраліся шлюбам, у іх нарадзіўся сын, якому ўжо два з паловай гады:

«Зь дзіцем усё добра, са здароўем у нас усё нармальна. Дзіця паўгода таму зьнялі з уліку. Я вельмі перажывала, таму мы здавалі дадатковыя аналізы, і яны таксама былі адмоўныя, то бок сын абсалютна здаровы».

Што да стаўленьня ў грамадзтве, яно рознае, кажа Юля. Нават у паліклініцы, дзе ведаюць пра статус:

«Хтосьці вокам нават не павядзе, хтосьці падазрона глядзіць... Але, разумееце, вось лекар нешта піша, падымае галаву і на цябе глядзіць – нават гэты погляд непрыемны... Ня ведаю, як гэта патлумачыць. Раней мне было неяк спакайней, а цяпер я стамілася ўжо...»

Вячаслаў Самарын кажа, што ў цэлым беларускае грамадзтва яшчэ не пазбавілася стэрэатыпаў:

«Калі возьмеш працоўны калектыў, дзіцячыя ўстановы, мэдыкаў – няма адкрытай пазыцыі, што прычынай адмовы зьяўляецца ВІЧ-інфікаванасьць, іншыя прычыны знаходзяцца. У гэтым выпадку вельмі цяжка даказаць, што чалавеку адмовілі ў мэдычнай дапамозе ці працаўладкаваньні з-за наяўнасьці ў яго ВІЧ-статусу».
XS
SM
MD
LG