Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Многія замежныя СМІ падрабязна паведамілі пра сьмяротны прысуд меркаваным тэрарыстам Зьмітру Канавалаву і Ўладзіславу Кавалёву. Аднак ня ўся інфармацыя, што не супадае з афіцыйным абвінавачаньнем, трапіла да гледачоў у Беларусі.

Так, зь лякалізаванай эфірнай сеткі выразаныя сюжэты пра справу тэрарыстаў з выпускаў навінаў Першага расейскага каналу і тэлеканалу НТВ. Затое само Беларускае тэлебачаньне паказала апэратыўныя кадры вочнай стаўкі Канавалава і Кавалёва, падчас якой яны расказваюць пра падрыхтоўку выбухаў у розныя гады. Чаго апасаюцца цэнзары ў Беларусі?

Зь беларускіх выпускаў навінаў адразу двух расейскіх каналаў зьніклі матэрыялы пра вырак Канавалаву і Кавалёву, абвінавачаных у зьдзяйсьненьні сэрыі выбухаў у Віцебску і Менску. Верагодна, цэнзары не хацелі, каб яшчэ раз прагучала пазыцыя асуджанага боку. Урывак з рэпартажу карэспандэнта Першага каналу Цімура Сіразіева:

«На судзе Ўладзіслаў Кавалёў адмовіўся ад паказаньняў, якія ён даваў адразу пасьля арышту. Заявіў, што на яго аказваўся ціск. Яго маці Любоў Кавалёва перакананая ў невінаватасьці сына і ўжо зьвярнулася да прэзыдэнта Беларусі з просьбай аб памілаваньні: «Ён не злачынца, суд вынес такое рашэньне толькі таму, што мой сын памяняў свае паказаньні. Я зьвяртаюся да прэзыдэнта — не хачу, каб дапусьцілі судовую памылку, нельга такога дапусьціць». Гэтую справу разглядаў Вярхоўны суд, а значыць, абскардзіць прысуд нельга. Адзінае, што можа ўратаваць падсудных ад расстрэлу, — памілаваньне прэзыдэнта краіны. Ён зможа замяніць сьмяротнае пакараньне пажыцьцёвым пазбаўленьнем волі».

Як піша ў кнізе "Расстрэльная каманда" былы начальнік Менскага СІЗА палкоўнік Алег Алкаеў, Аляксандар Лукашэнка зьлітаваўся толькі аднойчы, пры канцы 1990-х, зьмяніўшы асуджанаму сьмяротны вырак на 20 гадоў зьняволеньня. Сваё стаўленьне да справы Канавалава-Кавалёва кіраўнік краіны нядаўна выказаў у інтэрвію расейскаму каналу «Расея 24»: за падобныя злачынствы вінаватыя павінны адказваць «па поўнай праграме».

Што да сюжэту тэлеканалу НТВ, то яго маглі забракаваць у тым ліку і за згадку аб тым, што Беларусь застаецца адзінай эўрапейскай краінай, у якой захоўваецца сьмяротнае пакараньне. Прычым, у апошнія гады сьмяротныя прысуды прыводзіліся ў выкананьне нават у адносінах да асобаў, справы якіх знаходзіліся на разглядзе ў Камітэце ААН па правах чалавека. Пра гэта расейскім і беларускім гледачам нагадаў журналіст Георгі Грывенны:

«Сам судовы працэс доўжыўся роўна два месяцы і пры яго заканчэньні дзяржаўны абвінаваўца папрасіў асудзіць Канавалава і Кавалёва да сьмяротнага пакараньня. Беларусь — гэта адзіная краіна ў Эўропе, дзе сьмяротны прысуды ня толькі выносяцца, але і пэрыядычна прыводзяцца ў выкананьне. Канавалаў і Кавалёў ня ўдзельнічалі ні ў якіх экстрэмісцкіх арганізацыях, яны не зьяўляюцца ні сэпаратыстамі, ні рэлігійнымі фанатыкамі. Сьледзтва лічыць, што матывам, які штурхнуў іх вось на такое жорсткае масавае забойства, зьяўляюцца хуліганскія пабуджэньні і жаданьне праславіцца. Апроч таго, яны выявілі, канечне ж, вялікую долю вынаходніцтва, сабраўшы магутнейшае выбуховае прыстасаваньне ў падвале пяціпавярховай хрушчоўкі памерам мэтар на мэтар».

Згаданае ў сюжэце НТВ «гняздо тэрарыстаў» неаднаразова фігуравала ў зваротах праваабаронцаў. Па-першае, падвал, дзе Канавалаў нібыта вырабляў выбухоўку, зацікаўленым прадстаўнікам грамадзкасьці так і не паказалі. Па-другое, прыцягнутыя да расьсьледаваньня экспэрты расейскага ФСБ выказалі сумнеў, што бомба такой магутнасьці, якая была ўзарваная ў менскім мэтро, можа быць вырабленая ў падобных саматужніцкіх умовах. Тым ня менш, адразу пасьля абвяшчэньня сьмяротнага прысуду віцебскія камунальнікі пад наглядам праваахоўных органаў узяліся за ліквідацыю зьмесьціва падвалу. «Замятаюць сьляды, каб выключыць нават гіпатэтычную магчымасьць аб'ектыўнага расьсьледаваньня ў будучым», — лічыць віцебскі праваабаронца Павал Левінаў:

Павал Левінаў

Павал Левінаў

«Толькі аб гэтым такія дзеяньні і сьведчаць. Нават калі ў нейкай пэрспэктыве будзе прызнана, што гэта судовая памылка, то з таго, што застанецца ў матэрыялах справы, немагчыма будзе вызначыць сапраўдных вінаватых у злачынстве. Канечне, ёсьць вырак суду, які ўступіў у законную сілу і ў якім прапісана, што захоўваць пры справе, што аддаць сваякам, а ўсё астатняе падлягае зьнішчэньню. Гэта не самадзейнасьць жыльлёва-камунальных службаў і г.д. Але тут узьнікае іншае пытаньне: яшчэ не пасьпела чарніла засохнуць на подпісу пад прысудам, а ўжо нехта даў каманду зьнішчаць, можна нават сказаць, доказы. Вось у чым пытаньне — каму спатрэбілася такая апэратыўнасьць? Я лічу, што гэты падвал увогуле трэба было да пэўнага часу закансэрваваць…».

Як паказвае досьвед мінулых расстрэльных справаў, ад прысуду да яго выкананьня праходзіць у сярэднім паўгода. Абвінавачаным даецца час на абскарджаньне ў вышэйшых судовых інстанцыях ці, у скрайнім выпадку, на хадайніцтва аб памілаваньні на імя прэзыдэнта. З улікам таго, што прысуд Канавалаву і Кавалёву выносіў суд вышэйшай інстанцыі, іншых варыянтаў, як зьвярнуцца да Лукашэнкі, у іх няма. У выпадку адхіленьня прашэньня аб зьмене меры пакараньня лёс сьмяротнікаў аднолькавы: іх целы не выдаюць сваякам, месца пахаваньня не называецца. Пры гэтым родныя расстраляных па некалькі месяцаў ня ведаюць, што іх дзяцей ці бацькоў даўно няма сярод жывых.

Паводле праваабарончай арганізацыі «Amnesty International», за час незалежнасьці Беларусі колькасьць пакараных сьмерцю можа набліжацца да паўтысячы. Дакладная лічба невядомая з-за сакрэтнасьці, якая суправаджае выкананьне сьмяротных прысудаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG