Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці Ўладзіслава Кавалёва дамагаецца асабістай сустрэчы з Лукашэнкам


Любоў Кавалёва
Любоў Кавалёва
Яна перадала ў прэзыдэнцкую адміністрацыю прашэньне аб памілаваньні сына. За час прэздыэнцтва Лукашэнка толькі аднойчы, у канцы 90-х, памілаваў прысуджанага да сьмерці.

Сёньня маці Ўладзіслава Кавалёва, асуджанага за суўдзел у зьдзяйсьненьні тэракту ў менскім мэтро да сьмяротнага пакараньня, падала на імя Аляксандра Лукашэнкі прашэньне аб памілаваньні. Любоў Кавалёва зьвяртаецца да Лукашэнкі як да бацькі і просіць захаваць жыцьцё яе сыну, «бо толькі Бог мае права адбіраць жыцьцё».

Яе прашэньне прынялі. Выйшаўшы з Адміністрацыі прэзыдэнта, маці Кавалёва паведаміла журналістам, што будзе прасіць пра асабістую сустрэчу з Лукашэнкам.

Тэкст звароту

«Я, Любоў Кавалёва, мама асуджанага на сьмерць Уладзіслава Кавалёва, зьвяртаюся да Вас як да кіраўніка дзяржавы, гаранта канстытуцыі і бацькі трох дзяцей з просьбай аб памілаваньні майго адзінага сына.

Аляксандр Рыгоравіч! Я адна выхоўвала сына і дачку, ніхто і ніколі ня мог мяне папракнуць у тым, што я недастойна выхавала сваіх дзяцей. Мой сын рос на прыкладзе свайго дзеда — Кавалёва Вячаслава Міхайлавіча, які з 14 год пайшоў у партызаны і прайшоў усю вайну.

Улад — звычайны хлопец, любячы сын, верны сябар, сумленны рабочы. Ён не мог зьдзейсьніць тое жахлівае злачынства, за якое яго асудзілі.

Аляксандр Рыгоравіч! Вы як ніхто ведаеце, як цяжка кіраваць краінай і захоўваць спакой у вялікай сям’і. Але мудры бацька ня толькі карае. але праяўляе міласэрнасьць, дзякуючы чаму сям’я і далей сядзіць за агульным сталом і шануе бацьку.

Аляксандр Рыгоравіч! Я бачу ў Вас абаронцу хрысьціянскай маралі, згодна зь якой толькі Бог дае жыцьцё, і толькі ён яго можа адняць. Не ацэньваючы вырак суду ў дачыненьні да майго сына, я прашу вас згадаць, што ў гісторыі Беларусі былі выпадкі, калі невінаватых прысуджвалі да расстрэлу, і толькі празь некалькі гадоў знаходзілі сапраўднага злачынцу. Калі ласка, увядзіце мараторый на сьмяротнае пакараньне ў Рэспубліцы Беларусь, пакажыце, што наша краіна цывілізаваная краіна.

Малю вас: ратуйце майго сына. Вы — адзіны, хто можа гэта зрабіць.

1 сьнежня 2011 г.»

Як узгадвае ў кнізе "Расстрэльная каманда" былы начальнік менскага СІЗА палкоўнік Алег Алкаеў, Лукашэнка толькі аднойчы, пры канцы 1990-х, памілаваў прысуджанага да сьмерці чалавека, замяніўшы таму сьмяротны прысуд на 20 гадоў. Сваё стаўленьне да справы Канавалава-Кавалёва кіраўнік краіны нядаўна выказаў у інтэрвію расейскаму каналу «Расея 24»: за падобныя злачынствы вінаватыя павінны адказваць «па поўнай праграме».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG